Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

І што яно будзе - адному богу вядома. Ды яшчэ старому Вежу. Той васемнаццаць губернатараў перажыў, а тых, каго не хацеў, ані разу не пусціў на парог. Тыя потым самыя горшыя былі. Нібы ён іх загадзя наскрозь бачыў. А ўнук ягоны унь гаворыць. Малайчына! А Раўбіч дурань.– І ў чым мы бачым шчасце, якое трэба нам, як паветра? Ці мы чакаем яго для сябе, ці дабіваемся для ўсіх? На жаль, часцей за ўсё для сябе. “Шчасця" экіпажаў, рабоў, велічы, грошай, багатых каскадаў на мармуровых вілах. І, каб дасягнуць гэтага, забіваем у сабе Чалавека. А Чалавек той, хто змагаецца за роўнае права на шчасце для ўсіх людзей. І я сумую, тужу па такім Чалавеку. Раней мне здавалася, я знайшоў такіх людзей. Але цяпер бачу, што я адзін.Біскуповіч схіліў галаву і падумаў яшчэ раз, што Раўбіч паддаўся дурному, вузкаму, каставаму разуменню гонару. А Браніборскі, як ні дзіўна, меў рацыю. Не манархам, вядома, бо ўсё гэта дрэнь і маразм, а “сцягам паўстання” хлопец мог бы зрабіцца. Ты, каго падчас ракавання3 пытаюць апошнім, а пасля перамогі садзяць за стол вышэй усіх.– Тады, можа, нашы зборы - гэта зборы патрыётаў? - сказаў Алесь. - Людзей, аб’яднаных служэннем айчыне? Не думаю. Князь Віцень мог за радзіму ўзысці на вогнішча. Міхал Крычаўскі мог разбіць за яе сваю галаву. Дубіна - сесці на кол, а Мурашка - на распалены трон. Агнём і жалезам яны давялі сваю любоў. Я пытаюся ў вас: ці здолее нехта з нас пакласці за яе руку... хоць бы на язычок свечкі? Вы кажаце: мяккасць нораваў. А па-мойму, - адсутнасць разумення таго, хто мы такія.Вежа ўскінуў галаву.– У нас адно паходжанне, але выхаванне рознае. Мы маглі б жыць у розных канцах зямлі... Галаманы, паланафілы, англаманы і іншыя. Я пытаюся ў англамана, чаму ён есць на снеданне аўсяную кашу і лічыць гэта англійскім звычаем і ўхваляе яго? Чаму ён не заўважаў гэтага звычаю, калі нашы мужыкі елі і ядуць аўсянку сотні год? Я думаю, таму, што пакуль гэты звычай быў сваім - да яго нікому не было справы, ім пагарджалі. Як жа, мы ж не коні, каб есці авёс! Але прыйшла англаманія - і такі можа есці нават аўсяную салому. “Ах, як гэта арыгінальна! Яе ядуць коні лорда Норфалька…” Ён не заўважае, што яго край, накшталт няшчаснай Ірландыі, жыве сярод балотных туманоў, харчуецца бульбай і паданнямі і нясе залатыя яйкі тыранам. Мала бульбы і замнога фантазіі... І так ва ўсім. Наш край, мая зямля. Багатая, прыгожая, мяккая душамі людзей - яна чужая нам... Спытаюць: чым? Я скажу: мовай.Алесь ужо не заўважаў амаль нічога. Голас звінеў ад хвалявання, вясёлкавымі колерамі расплываліся агні свечак.– Мова ў нас якая хочаце, толькі не свая. Свая яна - у сярэдняй часткі шляхты ды яшчэ ў нешматлікіх прадстаўнікоў буйной, перад якімі я нізка схіляю галаву. Бо нельга есці хлеб народа і грэбаваць ягонай мовай. І таму нам або непатрэбны зборні, або іх трэба зрабіць іншымі. Сапраўдным вечам, сапраўднай капою2. Месцам, дзе кожны аддаваў бы душу і здольнасці - народу.Алесь узняў келіх:– Я п’ю, каб рыцары сталі рыцарамі і мужы мужамі.Ён выпіў. Хвіліну стаяла ціша. Потым - спачатку нясмела, з месцаў Біскуповіча і Мнішка, а потым мацней і мацней - загучалі воплескі....Прамова спадабалася. Трохі па-маладому гарачая, але гэта нічога. Малады ёсць малады. Алеся прынялі аднагалосна, хаця некаторыя доўга раздумвалі. І ўсё ж аддалі шары і яны. Збаяліся агульнай думкі. Прамова была крамольная, і таму, калі б чуткі аб ёй дайшлі да старонніх, да адміністрацыі - перш за ўсё западозрылі б тых, хто не кінуў шара. А гэта было небяспечна.