Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Агульнае асуджэнне было бязмернае, і таму нават самы подлы, самы разгневаны не рызыкаваў ісці на данос. Толькі гэтым і можна было растлумачыць, што за дзесяць год, што былі перад паўстаннем, з многіх тысяч удзельнікаў змовы не быў арыштаваны ніхто.У размовах пасля прыёму шмат хто не хаваў свайго раздражнення на маладога Загорскага. Былі спрэчкі. Была і лаянка.Сярод найбольш правых цвёрда ўгняздзілася думка:– А Загорскага сынок... Чулі? Якабі-інец.“Якабінец” тым часам менш за ўсё думаў аб сваёй прамове. Адразу пасля прыёму (прысутнічаць у той вечар на пасяджэнні новапрынятаму не дазвалялася, каб не чуў спрэчак пра сябе) два браты Таркайлы перахапілі яго і чамусьці сталі запрашаць да сябе. Ён бы куды з большай ахвотай паехаў да кагосьці з сяброў, але ніхто не наважыўся парушыць “права першага”. Алесь успомніў пра Майку і з адчаем махнуў рукою.– Давайце!Браты пачалі ляпаць яго па плячах, раўці мядзведжымі галасамі, што смелы быў, як леў, што так і трэба. Захуталі ў футры, пацягнулі раба божага да вялізных санак, што былі падобныя на іканастас: па металічных частках траўленыя “пад мароз”, па драўляных - размаляваныя крылатымі галоўкамі амураў.– Васпана напаіць трэба, - ракатаў пышнавусы круглы Іван. - Нашай кмяноўкі, нашага крупнічку... А палыновая!– Я не п’ю... Амаль не п’ю.– Амаль - гэта вобмаль, - павучаў худы, згорблены нейкай невядомай сілай Тодар....Коні дамчалі да маёнтка хутка. І коні былі сытыя, аўсяныя, і маёнтак, відаць, заможны. Велізарны, з дубовых бярвенняў дом, укрыты шчапяным дахам. А за ім, адразу за садам, ледзь не на палову вярсты, - гаспадарчыя пабудовы, сцірты збожжа, млын над рачулкай, вятрак, кастры бярвенняў пад павеццю.– Сохнуць, - сказаў Тодар. - Некаторыя па шэсць-восем год. Хоць ты скрыпкі рабі... Канкурэнцыя толькі псуе справу, княжыч.– Кінь, - грукатаў Іван. - Няма чаго гнявіць бога.Сані спыніліся. Лёкай Пятро расхутаў паноў, павесіў футры ля ляжанкі ў вялікай пярэдняй, адчыніў дзверы ў гасцёўню.Падлога заслана саламянымі тонкімі цыноўкамі, нацёртымі воскам. Мэбля ля сцен падобная на зборню мядзведзяў.Наступны пакой - сталовая. Акрамя звычайных шыбаў, устаўлены яшчэ і другія, з рознакаляровага шкла. Напаўзмрок. І толькі праз адно акно нечакана радасна і чыста глядзіць снежны дзень.Селі за стол.– Паспрабуй, княжа, калганнай ды часнычком закусі. Вось ён, раб божы, марынаваны. Паху ніякага, а смак утрая лепшы. А як наконт яшчэ торну, цярновачкі... Ты яе грыбкамі, подлую, грыбкамі... Рыжычкамі... Бач якія, з капеечку кожны. І не больш...Алесю цікава было слухаць і думаць аб тым, нашто ўсё ж яго запрасілі.Урэшце ўсе наеліся.– Я мяркую, зараз будзе галоўная размова, - сказаў Алесь.І ўбачыў насцярожаны позірк чатырох шэрых вачэй. У іх не было дабрадушнасці. І наогул у сваіх дыхтоўных, на сто год, сурдутах шэрага колеру браты нагадвалі натапыраных шэрых чапель, што на водмелі пільна сочаць за маляўкай.– Я мяркую, - сказаў Алесь, - вам трэба параіцца са мною аб нечым. Папярэджваю: размова начыстую. Толькі тады я перадам усё бацьку. - І растлумачыў: - Я толькі малодшы гаспадар, панове.Жорсткі прыкус Іванавага рота змяніўся ўсмешкай: на адным краёчку вуснаў.– Добра, - сказаў тоўсты Іван і закругленым рухам разліў па чарках крупнік. - Карты на стол.Тодар кіславата ўсміхнуўся і дастаў з пузатага бюро аркуш паперы.У нас ёсць пляменніца, - густа сказаў Іван. - Сірата. Круглая. Мы апекуны. У гэтым годзе яна дасягнула паўналецця.