Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Алесь убачыў разгорнуты ліст натарыяльна засведчанай копіі запавету, прачытаў прозвішча паўналетняй: “Сабіна, дачка Антона з роду Марычаў, дваранка, васемнаццаці год”. Убачыў суму: нешта каля ста тысяч без працэнтаў.– Ясна, - сказаў ён. - Што залежыць ад мяне?– Мы хочам арандаваць у пана Юрыя тую вялікую пустку, каля нас. Грошы гатоўкаю, хай не турбуецца, грэх крыўдзіць бедную сірату.– Але?...– Але і нам ужо досыць абрыдла апекавацца. Ёй час гаспадарыць самой. Мы купілі тыя кліны, што ля пусткі. У Браніборскага. Улічыце, за свае грошы.– Ведаю, - сказаў Алесь. - Зямля благая. Танная.Браты пераглянуліся. Арэшак быў больш цвёрды, чым спадзяваліся.– Мяркую, пустка патрэбна вам пад нейкую забудову.– Бровар, - сказаў кіслы Тодар.– І зямля вам патрэбна як гарантыйны фонд! Пад жыты і бульбу. Пакуль бровар не прыдбае сталых, заўсёдных пастаўшчыкоў сыравіны?– Але, - трохі збянтэжана сказаў Тодар.Алесь думаў. Браты з некаторай ніякавасцю глядзелі на яго.– Зямля тая пустуе, - сказаў урэшце юнак. - Я думаю, што прывязу бацьку выгадную здзелку. Аб суме арэнды і тэрміне яе зложыце пагадненне з панам Юрыем. - Браты ўздыхнулі з плёгкаю.Але радавацца было ранавата. Алесь раптам сказаў:– Як будучы гаспадар, я са свайго боку даб’юся ў бацькі, каб ва ўмову ўнеслі толькі адзін пункт.– Які? - спытаў насцярожаны Тодар.– Скажам, уся пустка ў арэнду на дзесяць год.– Досыць, - сказаў Іван.– Але дзве дзесяціны, ля самых кліноў Браніборскага, ідуць у арэнду без тэрміну і за самую мізэрную плату. Затое на гэтай плошчы размяшчаюцца ўсе сховішчы сыравіны для бровара.Браты паглядзелі адзін на аднаго: а ці няма пасткі.– А нашто такое? - спытаў Іван. - Гэта што, каб кожны момант скасаваць арэнду?– Не, - сказаў Алесь. - Арэнда скасоўваецца толькі ў адным, загадзя абмеркаваным пункце... прабачце, пры парушэнні яго.– Якая ўмова? - змрочна спытаў Іван.– Прадукцыя бровара не ідзе на патрэбу наваколля.– Ды мы ж і думалі... - прабасіў Іван.Але Тодар перапыніў яго:– Чакай, Іване. Чаму?Па Алесевым твары ні аб чым нельга было здагадацца.– Па-першае, таму, што спірытусавы гандаль, скажам з Рыгай, значна больш выгадны для вас, - сказаў ён. - Адразу ёсць магчымасць паставіць справу на шырокую нагу... Вы забяспечыце вашу сваячку значна лепей.– А калі мы не згодзімся? - спытаў Іван.– Пашукайце ў другім месцы, - непарушна сказаў Алесь. - Толькі ад Магілёва і ледзь не да Гомеля самая ўрадлівая на ўсё Прыдняпроўе зямля. І адпаведна самая дарагая. Я ж, са свайго боку, абяцаю вам, што даб’юся таннай арэнды.Таркайла Іван глядзеў на яго дапытліва:– Няхай Рыга. Мы і самі так думалі. Выгадней. Але...– Ды нашто гэта табе? - спытаў Іван. Ля хлопцавага рота падсохлі жарсткаватыя мускулы.– Я не хачу, каб ваш бровар нішчыў набытак нашых людзей, - урэшце сказаў ён. - Не хачу, каб ён узбагачаў адных карчмароў.– Ну, - сказаў Іван.– Самі ведаеце, як нават дробны чыноўнік пасля працы ідзе за пяць вёрст ад горада, каб выпіць у карчме ля прыватнага бровара чарку ды вярнуцца абедаць. Бо гарэлка таннейшая. То што казаць пра селяніна.Здзіўленыя ходам ягонай думкі, яны глядзелі на яго ўсё яшчэ непаразумела і насцярожана.– Слухай, князь, - урэшце сказаў Іван. - Я табе ўсё яшчэ не веру. Не магу паверыць. І ведаеш чаму?– Ну?– Мне ўсё здаецца: пастку ты нам нейкую ладзіш. Бо якая ж табе тады выгада зямлю нам даваць у арэнду?