Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

– Выгада? - спытаў Алесь. - А вось і выгада. Каму на гэты бровар бліжэй за ўсіх будзе ісці? Маім. Гэта прамысловасць. Занятак для рук і хлеб. І яшчэ... купленыя лішкі хлеба... І потым, жом1 вы, пэўна, у Рыгу не павезяце, на чужое лукамор’е. Да мяне ж прыйдзеце, да нашых жа мужыкоў... Значыць - гэта сытае быдла. Значыць, гэта гной і мужыцкі ўраджай сам-шэсць... Мяркую, досыць?– Ты, князь, часам у шахматы не гуляеш? - спытаў Іван.– Нават не люблю.– А дарэмна.Іван доўга думаў. Потым ляснуў далонню па стале.– Згода! - сказаў ён. - Перадавай пану Юрыю... Адно не ведаю, да якога часу ты такі будзеш.Маўчалі.– Ану крупнічку! - сказаў Іван. - Піце, княжа. Продкі пілі - сто год жылі. Востры, салодкі без саладжавасці гэтай, празрысты. Слёзы божыя!Выпілі.– Тады паглядзі, князь. Паглядзі на сірату, якую ашчаслівіш, цвёрды хлеб дасі.Ён выйшаў, гукнуў нешта Пятру, вярнуўся, сеў і наліў чаркі.Крупнік сапраўды быў дзівосны. Алесь піў вельмі мала, але адчуваў, які ён духавіты і сапраўды мяккі.– А вось і яна, - сказаў Іван. - Дачка траюраднага брата.Перад Алесем стаяла дзяўчына. І адразу ўсе ягоныя ўяўленні разбурыліся. Тонкая і гнуткая ў таліі, шырокая ў клубах, высокая ў невялікіх грудзях. Ногі нібы непарушна неслі тулава, і ганарыста была закінута невялічкая галоўка.Алесь ўзняў вочы і ўбачыў даўгаватую шыю, востры грэбень залацістых валасоў, а пад імі, пад невысокім лобам, доўгія вочы зеленаватага колеру. Халаднаватыя, занадта спакойныя і празрыстыя вочы. А носік быў трохі прыўзняты і востранькі.– Вы клікалі мяне? - голас таксама халаднаваты, як струменьчык.– Але. Пазнаёмцеся, - буркнуў Іван.Зрабіла рэверанс, і малахітавая сукенка нібы заструменілася.– Сабіна, - сказаў Тодар, - князь паабяцаў, што мы атрымаем у арэнду тую пустэчу.– Я вам удзячна, князь. Мне прыемна, што вы тут.Таркайлы глядзелі на яе з гонарам. Алесь - з нейкім невыразным, змяшаным пачуццём захаплення і холаду. – Я рад, што здолею зрабіць дзеля вас гэтую дробязь.Саступаючы ёй дарогу за крэсла, ён трапіў у пляму снежнага святла з адзінага некаляровага акна. Загарэліся іскрыстыя каштанавыя валасы. Сабіна села ў крэсла і ўзняла на Алеся вочы. Усё такія самыя, халодныя і занадта спакойныя вочы. Вейкі раптам, зусім непрыкметна, здрыгануліся: убачыла. Пухлаватыя вусны варухнуліся трохі наперад.– Я хацеў бы яшчэ сягоння вечарам пагаварыць з бацькам, - сказаў Алесь.– Але я сапраўды рада, што вы тут, - з дзіцячай, трохі капрызнай ноткай у голасе сказала яна.Алесь убачыў вочы. Цяпер у іх жыла цікаўнасць. Дзяўчына вывучала яго ці не занадта пільна.– Я таксама. І цешуся тым, што цяпер, стаўшы зусім блізкімі суседзямі, мы будзем бачыцца.Яна глядзела на яго, нібы запамінаючы. У гэтых вачах разам з холадам жыла нейкая дзіўная ўсмешка, нібы дзяўчына сама ведала, якое дваістае ўражанне яна робіць на людзей. І Алесь зразумеў гэта і адразу дараваў ёй унутраны холад; за розум. А яна зразумела, што ён разумее і даруе.– Дзякуй вам, - усміхнулася яна. - Да сустрэчы, князь....Ён скакаў у Загоршчыну і ўсё абдумваў гэтае дзіўнае здарэнне.Сабіне не трэба было глядзець так. Майка ніколі не глядзела так. Эх, ды ці не ўсё адно, як глядзела на яго Майка. Гэтага больш ніколі не будзе. Няма нават Майкі. Ёсць Міхаліна, дачка Яраслава Раўбіча, сястра Франса Раўбіча, дачка і сястра ворагаў.Ён пусціў каня наўскач. Вакол сінелі перадвячэрнім святлом снягі. На раздарожжы, на шляху, які вёў у Раўбічы, ля вялізнага драўлянага распяцця Алесь яшчэ здалёк убачыў сілуэт маленькага конніка.