Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Сумненняў быць не магло. Юны Вацлаў Загорскі выязджаў на гасцінец з раўбіцкай павароткі.– Хто вы такі, рыцар? - жартаўліва крыкнуў Алесь.– Я не ведаю, хто вы, - выгукнуў Вацлаў. - Але бараніцеся.Коні пайшлі побач.– Ты адкуль гэта? - спытаў Алесь.– Выганяў каня.– Адзін?– Бацька дазволіў.– Так далёка?Вацлаў зніякавеў.– Я унь да той павароткі.– Не трэба табе нават глядзець у той бок, - з горыччу сказаў Алесь. - Ведаеш, сталі ворагі. Ты не сумуй, мілы.Яны моўчкі ехалі дадому. Стрэмя да стрэмя. Абодва думалі аб нечым сваім.Алесь у думках развітваўся з Майкай, успамінаў ракеты за шклом альтанкі, дрэвы, адрыну, што палыхала сінімі і чорнымі палосамі.Ён не ведаў, што брат зрабіў больш разумную справу, чым ён. Не ведаў, што ўсяго гадзіну назад Вацлаў, напрасткі прабіўшыся лесам да Раўбічаў, стаў ля агарожы і дачакаўся штодзённай прагулянкі Стася і Наталі. Не ведаў, што яны гадзіну прастаялі, раздзеленыя агарожай, і паціскалі адно аднаму рукі. Наталя плакала, а хлопцы моўчкі ўздыхалі.– Як пашалелі, - сказаў Вацлаў.– Дарослыя.Зноў маўчанне.– Не веру я, што Алесь дрэнны, - сказаў Стах.– А Майка, думаеш, дрэнная?Вавёрка страсае на іх цэлы блакітны снегапад, і Наталя забываецца на слёзы.– Гэта проста іхняя дарослая дурасць, - кажа Вацлаў.– Пра нас дык і не падумалі.Калі надыходзіць час развітання, Наталя зноў пачынае плакаць.– Ну вось што, - сурова кажа Вацак. - Слязьмі гору не дапаможаш.– Вядома, так.– Яны там сабе б’юцца, а ў нас чубы трашчаць.– Вось што, - кажа Наталі Вацлаў, - ты не плач... Я лічу, нам трэба сустракацца вось так. Скажам, кожны чацвер. Яны там як сабе хочуць, а я іхнім зажывошчам патураць не збіраюся.– І я, - прыхліпае Наталя.– Яны там няхай сварацца - гэта яшчэ не прычына, каб нам сварыцца, - кажа Стась, і ў яго трасуцца вусны.Рукі дзяцей прасоўваюцца праз стылую бронзу агарожы, кладуцца адна на адну. Тры цёплыя камячкі ў стылых вялізных дрэвах...

IIIАпошняй зімовай дарогай Таркайлы завезлі на арандаваную зямлю дрэва, цэглу і дзікі камень. Пачалі будаваць сховішчы, а насупраць, на былых клінах Браніборскага – бровар, баракі і домікі для вінакура і механіка.Алесь цяпер часта ездзіў туды: спачатку санна, потым, калі сапсавалася дарога, – верхам. Амаль кожны дзень прыязджала туды і Сабіна.Загорскі назіраў за выкананнем усіх правіл, прадугледжаных у кантракце, пікіраваўся з дасціпным чэхам-механікам, а яна з сядла слухала іх. Алесь не ведаў, як абвастраецца знаходлівасць, калі два мужчыны вастрасловяць не на жывот, а на смерць у прысутнасці дзяўчыны. Ён толькі пачаў рабіцца мужчынам, і гэта быў першы ягоны прадвесень.Таму ён не ведаў, чаму халодныя Сабініны вочы цяплеюць, калі яна глядзіць на яго, і ў такія хвіліны адчуваў сябе няёмка.Усё было скончана, і ён дзёўб сам сабе, што не хоча ранейшага, што яно непатрэбна яму, што ён больш не кахае. Хлусіў сам сабе, але прымушаў сябе забыць.І ўсё адно ў такія імгненні ён, нават праводзячы Сабіну да дома Таркайлаў, раптам змаўкаў і глядеў на бязмежныя наздраватыя снягі – і праз іх – невідушчым шырокім позіркам.Ёй хацелася спытаць: “Дзе ты?” – але яна толькі ўнутрана згіналася, з болем разумеючы, што ён побач і не побач, і побач ніколі не будзе.І тады, думаючы, што разлука лепш за ўсё паможа, яна адпрасілася ў дзядзькоў – пакуль не скончаць у новым пасёлку дом для яе – паехаць адсюль. У Пецярбург. Тыя вымушаны былі дазволіць. І Сабіна на некаторы час знікла з Алесевых вачэй. Нечакана, так, як з’явілася. Абое не думалі, што жыццё сутыкне іх, ды і як яшчэ сутыкне.