Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

За дзень да ад’езду Сабіны з’явіўся ў Загоршчыну Мсціслаў Маеўскі, знерваваны да апошняга: дайшлі чуткі аб Алесевых прагулянках.Пастрыжныя браты сядзелі на доўгай тахце. Белавалосы Мсціслаў з ледзь прыхаванай грымасай страшэннай агіды курыў бацькаву цыгару. Голас, звычайна такі прыемны, загучаў груба, калі ён урэшце кінуў першае слова:– Суцешыўся?– Чаму не, – халодна адказаў Алесь.– Віншую, – сказаў Мсціслаў. – Памяць каціная... Калі ты і з сябрамі так...– З сябрамі не так.Алесева сэрца падала ад жалю. Але зрабіць нічога было нельга.– Звязаўся з Таркайламі, – сказаў Мсціслаў. – А ты ведаеш, што пра іх кажуць? Ты ведаеш, хто яны? Гэтыя старасветчыкі, гэтыя святыя ды божыя старазаветныя шляхцюкі – яны горла за свае грошы перарваць гатовы. У іх замест сэрца – каліта, замест мозгу – каліта. Яны з тых страшненькіх, што добрыя-добрыя да чалавека, проста хоць ты іх да скулы кладзі... аж да таго часу, пакуль справа не дойдзе да іхніх інтарэсаў. І тут яны – заб’юць учарашняга сябра.– Калі “звязаўся” азначае “адзін раз пабыў у доме”, я сапраўды “звязаўся”.– Угу, – сказаў Мсціслаў, – і кожны раз вас конных бачаць. Удвух. Ад Браніборскіх былых кліноў да Таркайлавай павароткі. Чорт палову свету аббегаў, пакуль вас не знайшоў ды адзін да адного не штурхнуў. Алесь усміхнуўся:– Трэба ж і чорта ўважыць, калі яму столькі бегаць давялося.– Што ж, – сказаў Мсціслаў, – як сабе хочаш. Проста яшчэ і гэтыя чуткі дайшлі да Раўбічаў.– Ну і што? Хіба там яшчэ нехта цікавіцца мною?– Я думаю, да гэтага вас яшчэ можна было памірыць. Раўбіч таксама адышоў трохі. Зразумеў, што ўсё гэта не больш як брыдкія плёткі.– Адкуль гэта ён раптам такі разумны стаў?– З ім Біскуповіч гаварыў. Сур’ёзна. Пасля твае прамовы. А тут ты з Сабінаю. Трымаў ты сябе проста як хлапчынка. Чуткі дайшлі да Міхаліны. Усё, відаць, з той самай крыніцы ведаюць...– Што?– ...што ты нібыта аддаў пустку па такой таннай цане, бо спадзяешся ў хуткім часе парадніцца з Таркайламі... І нібыта з панам Юрыем даўно дамоўлена і ягоная згода ёсць, бо ён слова не сказаў наконт арэнднай платы, прапанаванай табе.Алесь збялеў:– Як?– “На вечныя часы”, – сказаў Мсціслаў. – “З умовай пабудовы сховішчаў...” Цяпер нават тыя, што верылі наконт таго, што ты з Геленаю невінаватыя, – маўчаць.У Загорскага перахапіла дыханне. Удар быў разлічаны і страшны. Ён ускочыў з месца. – Я ж нічога!.. Яна заўтра...І асекся. Усё адно нічога нельга было растлумачыць людзям, якія не верылі яму, а верылі абрыдліваму паклёпу. – Няхай, – цяпер гнеў біў і яго. – Чорт з ёю, калі так. Медальён вярнуць?– Не, – здзівіўся Мсціслаў.– І добра. Я ўсё адно не аддаў бы. Плёткам пра мяне паверыла. Не хачу я такіх... Не хачу!.. Не было ў мяне нічога з Сабінаю... Але ўжо калі яны так – я з самай беднай дзяўчынай ва ўсім Прыдняпроўі ажанюся... Простай, добрай...Мсціслаў сядзеў сур’ёзны: паверыў Алесю.– Ты пачакай, – глухім голасам сказаў ён. – Ты спачатку дачакайся Майчынага вяселля.Алесь ляснуў зубамі і сеў.– З кім?– З Іллём Хаданскім...– Як з Хаданскім?– Так, – Мсціслаў казаў гэта, нібы яго душыў нейкі клубок. – Пасля весткі аб гэтай пустцы... яна як драўляная хадзіла з тыдзень... Пазаўчора гэты... з’явіўся... Прызнаўся ў каханні.– І што?– Дала згоду. Праз месяц заручыны.Алесь глядзеў у кут. Потым барва кінулася яму ў твар. Ён адчуў млосную гарачыню ва ўсім целе. На хвіліну здалося, што ён вар’яцее.