Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Вакол было сонца, раставалі пад ім шэрыя наздраватыя сумёты, бялелі далечы. Дарогі нібы падымаліся вышэй палёў. І ў гэтым вялікім свеце толькі яму не было месца.Першы жаўрук захлынаўся над снягамі, і яму было добра, бо гэта ён толькі што прынёс і падарыў нівам сонца.Трывожна крычаць гракі, быццам дражняць чымсьці невядомым. Вось на вітахмоўскай стайні гігоча жарабец. Дзікім, не такім, як заўсёды, гікам. Такое ржанне, што нездарма, відаць, паверыла дурная баба з казкі словам мужыка: “А гэта, любая, нашага пана чэрці дзяруць, то вось ён і раве дурным голасам”.Коцікі вярбы. Коцікі, коцікі, коцікі вярбы. Зялёная на злом галінка вішні, якую, едучы верхам, можна трымаць у роце, заплюшчыўшы вочы, адчуваючы вільготны водар, свежую горыч і яшчэ штосьці невядомае.І раптам амаль спуджана ўскінуць вейкі ад трубнага, гарластага клічу:А ўжо, дзеў-кі, вя-асна ідзе!!!Здалёк, з вёскі, нібы ў тон воклічу, адказвае хрыплы, дрымотны крык пеўня....Першая зорка ў вышыні. Празрыста-сіняе неба над густа-сіняй зямлёй. Але мяккая свежасць паветра не прыносіць спакою. Далячынь трывожыць, хвалюе, кліча. І, куды б ты ні павярнуў каня, насустрач табе з курганоў лятуць і лятуць трывожныя галасы:Дай, Ма-рышка, клю-у-чы!Зноў лёт каня. Але здалёк, з другога кургана адклікаецца другі голас:Дай, Ула-дак, клю-у-чы!Баліць галава, і не знікае знямога, і чаканне поўніць грудзі, і вецер свішча ў вушах, але скакаць няма куды.Вось, з трэцяга кургана:Ада-мкнуць зямлі-і-цу!І яшчэ аднекуль, зусім здалёк:Вы-пусціць траві-і-цу!Куды ўцякаць, калі веснавымі вечарамі, прагнучы нязнанага, лямантуе з курганоў аб вялікім сонцы ўся родная зямля?

IVЯ пачаў гэтую кнігу два гады назад. За спіною былі дванаццаць год жыцця ёю, думак аб ёй, ненапісанай. Былі ўспаміны людзей, кнігі зачытаныя і кнігі, да якіх на працягу амаль стагоддзя не дакраналася нічыя рука, акрамя маёй. Я трымаў у руках халодную сталь інсургенцкіх кордаў і канфірмацыі расстрэлаў, якія, здавалася, сачыліся крывёй...Чаму магла навучыць кніга, якой было сто год і адзіны экземпляр якой так і астаўся з неразрэзанымі старонкамі? Не ведаю. Але гэта была нібы замураваная частка памяці цэлай эпохі. І мне здавалася, што на кожнай вокладцы – варта толькі ўгледзецца – напісана: “Хто згубіў сваю памяць – згубіў усё...”Нечапаны аркуш паперы ляжаў на стале. За вокнамі вялізнага пакоя стаяў цёплы і цёмны вечар канца сакавіка. Позні вечар быў у садзе за двума вокнамі; позні вечар быў і на ціхай вуліцы, за іншымі вокнамі. І раптам за вокнамі з’явіліся агні. Спачатку адзін, потым два, потым маленькае, як стажары, сузор’е, потым два сузор’і, тры, пяць, дзесяць.Яны рухаліся вуліцай, здалёк і паўз мяне. Я не ведаў, што гэта такое, я проста бачыў, што гэта ўначы людзі нясуць агонь. Так, як вынес яго калісьці на сходы чалавек у белай сарочцы, з мужным і горкім тварам.Людзі ішлі, ішлі, прыкрываючы далонямі цёплыя агеньчыкі свечак, якія мог згасіць нават слабы подых ночы. І ўсё ж яны ішлі за першымі, і далоні ў іх былі ружовыя, таму што іх наскрозь прасвечваў агонь. І кожны агеньчык быў слабы, але разам яны стваралі зарыва, якое пераможна плыло ў ноч.І ніколі потым, як бы цяжка ні было, я не сказаў слоў старадаўняга пісца, запісаных ім на палях нейкага там “Апостала”: “Кніга-кніга, ужо мі ад табя моташна”. Заўсёды яна заставалася для мяне ўлюбёным дзіцем, бо кожны раз я ўспамінаў ноч, у якой спачатку з’явіліся першыя, а потым усё людское мора, залітае агнём.