Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

І я помню іх, людзей, што ішлі ў ноч, прыкрываючы жывымі, цёплымі далонямі агонь. Помню.Над бярозамі, што абступалі царкву, віселі халаднаватыя і празрыстыя зоры. З вокнаў і шырока адчыненых дзвярэй лілося на цвінтар і натоўп аранжавае святло. Зрэдку, калі галасы пеўчых узляталі асабліва высока, – у шатах бяроз, у гнёздах сонна ўскрыквалі і хрыпелі гракі.У царкве вёскі Мокрая Дуброва, самай блізкай да Раўбічаў і Азярышча, ішла паўночніца па вялікай субоце. Вялікі натоўп тых, што не праціснуліся ў храм, стаяў на цвінтары, слухаў спевы. Сёй-той часам уставаў на пальчыкі і, выцягнуўшы шыю, заглядаў у агністую пячору. Бачыў адчыненую царскую браму, светлыя рызы папоў і зноў апускаўся, пагойдваючы галавой і ўсім выглядам паказваючы, што ўсё як мае быць, як заведзена: ведаем, бачылі, а значыць, можна пастаяць і на цвінтары, і няма асаблівай прычыны, каб дужа шчаміцца ў храм.Сям-там гаманілі: аб вясне, аб тым, як ачуняла азіміна, і аб тым, у чым благалепіе літургіі вялікай суботы і ў чым яе адрозненне ад благалепія літургіі велікоднай. Алесь прывязаў каня да агарожы і павольна пайшоў праз натоўп па галоўнай алеі.Ідучы праз натоўп, ён усміхаўся. Выхаваны старым Вежам, Алесь ніколі не задумваўся аб сутнасці абрадаў. У гімназіі даводзілася выконваць. Можна з імі, а можна і без іх. І цяпер яго кранала хутчэй не тое, дзеля чаго людзі сабраліся тут, а самі людзі і тое, што яны сабраліся.Вось адзін ціха цягне “ліцы ангельсціі”, выцягваючы шыю і найсаладзейшым чынам заводзячы пад лоб вочы. Астатнія стаяць і глядзяць яму ў рот... Вось скрыўлены рот бабулі... Белагаловы мужык стаіць на каленях, нібы перад плахай, безнадзейна звесіўшы галаву...Плача, горкімі слязьмі заліваецца баба ў намітцы.– Чаго ты?– Ды я-як не плакаць... Пла-ашчаніцу зараз у алтар панясуць. Сорак дзён ён, бацюхна, па зямлі хадзіць будзе... Бачыць будзе ўсіх, усё наша... бачыць.Чародка дзяўчат і хлопцы вакол яе. Відавочна чакаюць хрыстосавання.А вось дзяўчына ў сіняй з золатам старадаўняй хустцы. Стаіць, скрыжаваўшы рукі. Тварык закінуты ўгору, рот прыадкрыты. Слухае, а ў вялізных вачах – слёзы... Б’ецца, пабіваецца галавой аб зямлю нейкі шляхціц. Укленчыў, і такое, відаць, нясцерпнае гора, што калоцяцца плечы.– Не пабівайся так. Не трэба.Алесь ішоў – і нібы ўсе людзі праплывалі, уставалі перад ім. І ад раптоўнай любві да іх, замілавання і вялікага жалю ў яго нешта дрыжала ў горле.Бледны, са змарнелым абліччам і бяскроўнымі вуснамі, ён ішоў бліжэй і бліжэй да адчыненых дзвярэй , да скляпенчатай аранжавай плямы, адкуль даляталі спевы.Нехта асцярожна ўзяў яго за плячо. Азірнуўся – Кандрат Кагут. Светла-сінія, з добрай хітрасцю вочы.– Юж по вшысткем, – іранічна сказаў Кандрат, – по мшы і по казаню .– Здароў, братка, – узрадаваўся Алесь.– Здароў. Хадзем са мною. Нашы там.Кагуты-малодшыя прымасціліся трохі ў баку ад алеі, не сталі праціскацца за бацькамі і дзедам Данілам у царкву. Але яшчэ да таго, як Алесь і Кандрат дайшлі да іх, з-за дрэў выступіла танклявая зграбная постаць Андрэя Кагута.– Ты з кім, Кандраце? – сказаў, бы праспяваў.– Вось, – сказаў Кандрат. – Загорскі. Градзе, як жаніх у палунашчы.– Што я, страшны суд? – адказаў жартам Алесь.Нечаканыя словы Кандрата зачапілі яго. Ён сапраўды прыйшоў, як жаніх у палуначы, хацеў убачыць Майку. – Ну, не зусім страшны, – сказаў Андрэй. – А трохі ёсць. – Нясмела ўсміхнуўся, сціпла прыкрыў доўгімі веямі вочы. Алесь не спадабаўся яму.