Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

І амаль адразу Алесь трапіў у абдымкі. Адусюль у вочы лезла адно і тое: залацістыя патлатыя валасы, дзікаватыя сінія вочы, простыя насы, белазубыя ўсмешкі. Ага, вось нехта іншы: Марта, Стафанава жонка. А вось і сам Стафан з маладымі, але густаватымі ўжо вусамі – ціхі, вады не скаламуціць, Стафан.– З велікоднай ночкаю вас.Адзін Стафан з усіх Кагутоў перайшоў на “вы”, калі Алесь скончыў гімназію.– Ты што, пазней не мог?Бацюхны, Паўлюк, гарачы часам, але такі часцей за ўсё салідны Паўлюк! Павёлка, равеснік, вясковы сябра! І гэта за які месяц стаў такі, што не пазнаеш, перайшоў мяжу да дарослага хлопца: кучаравяцца маленькія залацістыя вусікі. Світка на адно плячо, быццам рыхтуецца біцца на кулаках; магерка зухавата заламана назад.– Гэй, а мяне? – разважлівы голас ззаду.Нехта торгае за рукаў, Юрась.– Юраська-Юраська, – смяецца Алесь. – А хто быў галыш мужаска полу?– Ды ну цябе, – з паважным дакорам кажа пятнаццацігадовы, ладны хлапец.– Што “ну цябе”? – смяецца Кандрат. – А каму яшчэ ўчора... што?.. Ну што, Алесь?– Каму яшчэ ўчора бондачку давалі? – падкусвае Алесь.Рогат.– Ціха вы, – паважна кажа Марта. – До ўжо. Во, грэх які. Пахрыстосуемся загадзя, Алесь Юр’евіч. Вочы маладзіцы смяюцца. Яна выцірае хусцінкай рот.– А хрыстосавацца загадзя – не грэх? – пытае Стафан.Алесь стаіць сярод іх і адчувае, што горла нібы сціснула. Яму было так дрэнна ўсе апошнія дні, што ён, трапіўшы раптоўна ў сваё, у роднае кола, трымаецца з апошніх сіл.– Кагосьці яшчэ няма, – глухім голасам сказаў Алесь.– Мяне, – і з паўзмроку выйшла Янька Кагут у беленькіх чаравічках і сіненькім кабаціку.Алесь жартам узняў яе, – ого!Янька глядеза на яго сур’ёзна і строга. Удалася яна не зусім у Кагутоў. Рот маленькі, а вочы ўдвая большыя, чым у іх. Ужо цяпер у яе была тоўстая каса, ледзь не з руку таўшчынёй.На сцежцы пачуліся крокі.– Хто гэта тут маю нявесту чапае? – прагучаў юначы прыемны голас.– Мсціслаў, – віскнула Янька і кінулася да яго.Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут.Мсціслаў ускінуў вейкі, і на вуснах ягоных з’явілася ўсмешка:– Вялікая ноч?– Вялікая ноч, дружа.І гэта гучала, як: “Па-ранейшаму?” – “Давай па-ранейшаму, дружа”.І адразу, нібы пакарыстаўшыся гэтай магчымасцю і хочучы замацаваць яе, Мсціслаў сказаў з іроніяй:– То чаго гэта пан Загорскі прыехаў у царкву Мокрай Дубровы?– Бо тут Кагуты, – сказаў Алесь.– Во шчасце якое, – наіўна сказала Янька. – А мы якараз хацелі ў Мілае ехаць, каб цябе ўбачыць, Алеська. Кандрат лёгка штурхнуў яе ў бок. Янька не зразумела і адказала брату штуршком, так, што ўсе заўважылі, і сціпламу Андрэю стала няёмка.Янька глядзела на Мсціслава сінімі вачыма, бліскучымі, як мокрыя каменьчыкі: лавіла словы.Мсціслаў стаяў і смяяўся.– Я гэта чаму, – з удаванай наіўнасцю сказаў ён. – Я цябе хацеў знайсці. Я ў Загоршчыну – няма. Я ў Мілае – няма. Куды, думаю, цяпер?У гэты момант удар звона пракаціўся над голымі яшчэ, але жывымі дрэвамі, паплыў пад свежыя і празрыстыя зоры.– Пачынаецца, – сказаў Андрэй.Яны рушылі бліжэй да царквы. Натоўп плыў туды ж і хутка адцёр Кандрата з Андрэем і Мсціслава з Алесем ад іншых.– Ты малайчына, – сказаў Мсціслаў на вуха Алесю. – Значыцца, вырашыў: мір. Добра, памірым... Яна тут. Я назнарок праціснуўся ў царкву і паглядзеў.