Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

Пры сустрэчы дзед амаль нічога не сказаў яму, акрамя назначных слоў прывітання. Потым хлопцы абедалі. І вось сядзелі, мацалі адзін аднаго вачыма.– Дык гэта ты, значыць, і ёсць Кастусь?– Кастусь... Сымонаў сын... Каліноўскі.– Дваранін? – спытаў дзед.– Цяпер зноў дваранін, – сказаў Кастусь.– Як гэта? Хіба можна быць сёння дваранінім, заўтра купцом, а паслязаўтра зноў у дваране пасунуць?– Пры такім урадзе, як наш, усё можна, – зрабіў Кастусь першы выпад. – Сёння чалавек – смецце, заўтра – дваранін, паслязаўтра – зноў смецце.Алесь усміхнуўся, заўважыўшы, як адно з крылатых броваў Вежы прыўзнялося ў непрыкметным для старонняга здзіўленні.– Гм... Дык як жа гэта выйшла, мо ўжо ты раскажаш мне?– Магу!Вежа зручней прымасціўся ў крэсле і праз краёчак кубка кінуў на юнака дапытлівым хітрым вокам.– У семнаццатым стагоддзі мой продак, Амброзій Самойлаў Каліноўскі, купіў маёнтак у Бельскай зямлі.– І няблага зрабіў, – сказаў Вежа.– Мы там не прабылі і сотні год. Роўна праз дзевяноста, у тысяча семсот шэсцьдзесят дзевятым, прадзед прадаў маёнтак. Даўгі прыціснулі, моцныя суседзі памаглі.– Як жа клікалі яго высакароднасць?– Мацеем... А далей пачалі жыць так. Што праўда – у шляхецтве нам не адмаўлялі. Пацвердзілі яго трыццаць тры гады назад на беластоцкай губернскай зборні. А праз дзесяць год, пасля паўстання, пачалі нас усіх гнаць у аднадворцы. Тысячы людзей пайшлі ў падатковы стан. Бацька пабіваўся, як той лін аб лёд. Праз чатыры гады пасля паўстання ён (а яму ішоў ужо сорак адзін год і пазнавата было пачынаць “справу”, але з голаду здыхаць – таксама рана) пазычыў у фабрыканта з Астраленкі, Ігнацыя Бонды, грошай, ды сам далажыў, ды і адкрыў у Мастаўлянах сваю “справу”. Пан Радавіцкі дазволіў. Шкадаваў беззямельных. Ды і гонар: “споспешествовал промыслам в крае”. Спачатку было на фабрычцы чатыры варштаты. У год майго нараджэння, у трыццаць восьмым, ужо дзевяць, з семнаццаццю рабочымі. А ў саракавым годзе, калі Бонда паступіўся сваёй доляй, стала ўжо дванаццаць ваштатаў і дваццаць рабочых.Вежа слухаў гэтую сумную гісторыю пакутнай бітвы за дабрабыт, кавалак хлеба і незалежнасць без усмешкі. Вочы яго былі ласкавыя і сумныя.– Пяўся, як вол у баразне, – казаў далей Кастусь. – Дзіва што! Такая сям’я. Трэба было ўсё павялічваць колькасць варштатаў. Узбіваўся ўжо на пятнаццаты, а тут ледзь не крах. Палатніна пачала выходзіць з моды.– Вядома, – зноў вяртаючыся да ўлюбёнай іроніі, сказаў Вежа. – Куда ўжо нашым дарабковічам на палатняных абрусах есці, пад палатнянай прасціной спаць, палатнянай сурвэткай выціраць вусны... А што, палатніну выраблялі простую?– І простую, і чынаватую, і клятчастую. Але ўсё ледзь не пайшло макам. Выручыла лібаўская філія данцыгскай фірмы “Ленке і Берг”. У іх на палатніну заўсёды попыт, а ў нашым пасведчанні сказана, што нашы сурвэткі і абрусы не горшыя, а чынаватае палатно лепшае за замежнае.– Спадобіўся пан Сымон, – сказаў Вежа.– Спадобіўся, ды не дужа, – сказаў Кастусь. – Бо якраз памерла маці.– Ты яе памятаеш? – спытаў Алесь.– Дрэнна, – адказаў Каліноўскі. – Амаль не памятаю. Ведаю толькі: прыгожая была. Часам сустрэнеш жанчыну з добрым гожым абліччам – і шукаеш у яе рысах матчыны. Мо такая была. А мо і не такая. Не помню. Ведаю толькі: маладая была надзвычай прыгожая.– Якога роду? – спытаў Вежа.– Вераніка з Рыбінскіх.