Каласы пад сярпом тваім, ч. 3

– Н-не ведаю, – на гэты раз ужо ўсур’ёз сказаў стары.– Я дрэнна яе памятаю. Толькі рукі. І яшчэ вочы. Ды песню, якую спявала. Захварэла задоўга да смерці. Расказвалі, якраз калі хрысцілі мяне. Прывезлі ў Ялаўскі касцёл. Быў позні вечар. Пакуль на бабінцы рыхтаваліся, купель ставілі, пакуль тое – матуля з кумою ды мной пайшлі па цвінтары прайсціся. Цвінтар там вялікі. Падышлі да магілы Леакадзіі Купчэўскай, швагеркі ялаўскага пана (яна маладая памерла, і ўсе казалі, што матуля чымсьці на яе падобная была, толькі прыгажэйшая, і таму маці заўсёды там спынялася). Стаяць. А з-за помніка, з-за барэльефа пані Ліёшкі – раптам морда. Ды страхалюдная, зарослая. Пакуль зразумелі, што гэта мясцовы юрод, Якубка Кот, – ногі ў абедзвюх самлелі. А той ідзе за імі да касцёла, вытанцоўвае ды кажа нешта накшталт: “Кумы дзіця хрысцілі, горла крапілі, у кажушаны рукаў паклалі, па дарозе згубілі... Ляжыць дзіця на марозе, свечачкі вакол. Пальчыкам варухне – перуны смаляць, кулачок сцісне – грамніцы б’юць. У “чорнага”! У “чорнага”! Маці крок паскарае, а той плача: “Падбярыце дзіця, добрыя людзі. Ці доўга яму, халоднаму, пальчыкам варушыць? А людцы міма ідуць, а грамнічкі слабнуць. Вох-вох!!!” Юрода, вядома, пагналі. Ледзь пачалі хрысціць – грымоты за цвінтаром. А гэта сусед, Цыпрук Лазарэвіч, сабраў хлопцаў і кажа: “Пагрымім на шчасце кугакалу”. Ну, і стралялі ў неба. А ўсім спачатку здалося – грымоты. Пасля юродавых слоў жанчыны аж абамлелі: грымоты ўзімку. Хросная казала: з гэтага дня ў маці і пачалося. Пачала марнець, чэзнуць. Работы шмат. Дзяцей адных дванаццаць чалавек. А яшчэ маладая. Мяне чамусьці вельмі шкадавала.“Чым жа вы багатыя, панове? – успомніў дзед. – Дзецьмі, ды смехам, ды дняпровай вадой”.А Кастусь расказваў далей:– Памерла. Бацьку трэба было думаць, як з дзецьмі. Без маці не кінеш. А ў таго Цыпрука Лазарэвіча, што на маіх хрэсьбінах у неба страляў, – сваячка. Трохі з тых гадоў выйшла, калі сваты ля варот аціраюцца, і прыгажосці не першай, але добрая баба. Так і з’явілася ў мяне мачыха Ізабела, ды яшчэ сем братоў і сёстраў. Дзевятнаццаць было б усіх, але двое памерла. Кастусь памаўчаў.– У мачыхі знайшліся сякія-такія грошы, бацька наскроб, i купілі мы фальварак, а пры ім дзве сотні трыццаць дзесяцін зямлі. Па трынаццаць дзесяцін на чалавека. Фабрыку перавезлі, жыць стала як адной купай – дык i не дрэнна. Ну i што? Падзеліш – зноў бязглуздзіцца. Горш за іншых сялян. Бацька старэйшых сыноў – вучыцца, на свой хлеб. I, карыстаючыся, што зямля ёсць, – парогі абіваць. “Куку ў руку” даваць. І вось у гэтым годзе, урэшце, уганорылі, далі сенацкую пастанову: лічыць уладара фальварка Якушоўка, Сымона Стафанава Каліноўскага, год шасцідзесяці аднаго, веравызнання рымска-каталіцкага, як i нашчадкаў ягоных, дваранінам. Дваццаць чатыры гады спатрэбілася на прысуд. Пачаў дабівацца малады, у трыццаць пяць год, маці была маладая, здаровая, а дабіўся — руінай. Ненавіджу я ўсё гэта.На сківіцах у Кастуся хадзілі ўпартыя жаўлакі. Гарэлі на шчоках дзве чырвоныя плямы.– Нішто, брат, – сказаў Вежа. – Вывучышся вось, галава ў цябе добрая, дойдзеш да вялікіх начальнікаў – толькі перайка з “меншых” ды з “малодшых” братоў паляціць.– А што, – усміхнуўся Кастусь. – I тарыф над галавою павешу, як зэльвенскі пісар: за подпіс тры рублі ды пірог з вязігай, за пацвярджэнне дваранскай годнасці – тысячу рублёў ды жонцы сем аршынаў аксаміту. А я сам – у сенаце шышка дужа вялікая. Заходзіць гасудар імператар выпадкова: “Гнаць, – кажа, – яго за такую таксу”.