Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Я і не кажу, што праўда.– Людзі вераць, – сказаў Андрэй. – Таму што нібыта як людзі ў чысты чацвер свечкі дахаты данясуць і крыжы на ўсіх дзвярах паставяць, то нячысцікі з хат уцякаюць. Куды ім падзецца? На цвінтарныя дрэвы. Сядзяць галодныя, халодныя, бо злезці баяцца. Ну, а як бомкне велікодны звон – валяцца яны з дрэў, як грушы. Шмяк-шмяк! Некаторыя ногі выкручваюць.– Ты глядзі, – сказаў Мсціслаў, – за гэткія ерэтычныя забабоны атрымаеце вы ад папа.Ягоныя вочы смяяліся, і ў тон яму Андрэй сказаў:– І няхай. Усё адно падаюць. Сачы, Алесь, можа, якога за хвост ухопіш.– А ў яго хаданская мыза, – сказаў Мсціслаў. У Кандрата захадзілі жаўлакі на шчоках.– Тады мы ўжо табе, Алеська, дапаможам. Ты яго толькі ў хмызы з Мсціславам завалачы... каб начальства нас не бачыла. А там мы яго, каб вам рукі не пэцкаць, асвенцім. Зоры віселі над галавою. Прыціхлі дрэвы. З цвінтара спускалася рознакаляровая стужка людзей. Нібы з расплаўленага металу, цяклі і зіхацелі і пераліваліся рызы папоў. Ззяла на золаце крыжоў чырвонае зарыва ад соцень свечак. І над усім гэтым густа плыў бас дыякана:– “Уваскрэсенне твае, Хрысце спасе, ангелі пяюць на небясех: і нас на зямлі спадобі чыстым сэрцам цябе славіці”. Пад зоркамі між снежных бяроз, якія сталі цяпер аранжавыя знізу, плыло, агінаючы царкву, шэсце: нібы нехта павольна рассыпаў чырвоны мігатлівы жар. Алесь зноў убачыў дзяўчыну ў сіняй з золатам хусце. Яна нібы імкнулася да агнёў, як сіні і залаты сумны махаон. І раптам у яго адлягло ад сэрца: не магло здарыцца нічога дрэннага, пакуль на зямлі існавала надзея. – Раўбічы, – голас Мсціслава ўпаў.І адразу ўпала Алесева сэрца. Ён убачыў....Пан Яраш з Эвелінай, Франсам, Стасем і Юллянам Раткевічам ішлі паперадзе. Моцная Ярашава рука сціскала свечку, змрочныя вочы глядзелі паўзверх галоў: ён, відавочна, думаў пра іншае. І такі ён быў моцны сярод гэтага натоўпу, і так клаліся на яго аблічча і абліччы суседзяў, на бліскучы жалезны бранзалет мяккае святло і змрок, што Алесь раптоўна здрыгануўся ад замілавання да яго і да ўсёй гэтай сям’і. Набліжалася Майка. Свечка ў тонкай руцэ злёгку нахілена – аплывае жаўтаваты воск. Вочы, як у бацькі, глядзяць паўзверх галоў, ці на белыя, як яе рукі, галіны бяроз, ці на агеньчыкі зор.Маленькі рот зараз зусім не ганарысты, а добры і ласкавы.“Майка. Майка. Майка”.Мінаюць. Зараз спыніць нязручна. Побач з ёю Стах. (Алесь не ведаў, што Стах узрадаваўся б.) Пераліваецца кранутая сям-там срэбрам белая кашміровая сукня.– Шэсце жон-міраносіц, – сказаў ціха Кандрат.І, забыўшыся, падтрымаў блюзнерства непапраўны Мсціслаў. Склаў бондачкай вусны і сказаў тонам старой ханжы-дзеўкі:– Лідуша надзела парфірную сукню і пайшла ў царкву... Меланхолія!І, сустрэўшы вочы Алеся, раптам зніякавеў:– О... даруй, мілы!Андрэй моцна схапіў Кандрата за плячо і павёў трохі далей.– Патаўпешка, – сінія Андрэевы вочы звузіліся. – Дурное сяло. Ты што, не бачыш?Яны спыніліся наводдаль. Кандрат пад позіркам брата апусціў галаву.– Бачу, – нечакана сур’ёзна, з горыччу сказаў ён. – Не падабаецца мне гэта. Улюбіўся як чорт у сухую грушу.– Не твая справа, – ціха сказаў Андрэй.І раптам Кандрат ударыў нагою бярозавы ствол:– Чорт. Ну, будзе яна яшчэ здзекавацца – спалю Раўбічы... Корчака знайду, і разам спалім.– Тфу, – сказаў Андрэй, – дурны ты.– А што?– Каб усе хаты дзяўчатам палілі, калі тыя здзекуюцца... Гэта ж страшна падумаць, што было б... Па ўсёй зямлі попел з ветрам гуляў бы.