Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Глупства, – сказаў ён. – У мяне ў вёсцы была вавёрка. Калі, бывала, зробіш з далоняў “хатку” з круглым уваходам, то яна адразу залезе туды, накрыецца хвастом і спіць. Вось так і зараз.Яна паварушыла вялікім пальцам схаванай далонькі.– Вось і хвост... Сапраўды, глупства.– Вядома, глупства.Скакаў агонь. Чырвоныя водбліскі бегалі па яе абліччы. Яно было бледнае, з пяшчотнай і дзівосна гожай скурай.– Добра? – спытала яна.– Добра, – сказаў ён.– То навошта было ісці ў ноч? Чалавеку нельга быць аднаму.– Чалавеку, які ненавідзіць, нельга быць з людзьмі. Яго трэба цурацца, як заразнага. І я не маю права на паблажлівасць людзей.– Чаму?– Я сёння забіў двух чалавек... Ці то я не забіў... Але я ўявіў сабе, як гэта буду рабіць.– Такое злачынства ёсць у кожнага.– Хіба? І ў вас?– Вядома. Памятаеце, як мы на масленай зрабілі гулянку ў “дзікай зале”? Акторы і вы. Памятаеце, крылы былі вакол, і лікі, і жэсты пакоры і гневу?– Памятаю, – сказаў Алесь.– І песні памятаеце?Гукі “Каханага” ўзніклі ў вушах Алеся. Клікалі і як быццам абяцалі нешта галасы. І ён зноў плакаў ля ног гранітнай фіванскай малпы: “Божа, аддалі ад мяне”.– Памятаю, – збялеў ён.– Ну вось. Я разумела тады. Яны таксама зрабілі нешта накшталт забойства.– Вы не спявалі, – сказаў ён.– Я не спявала.– Я не магу ненавідзець, – сказаў ён. – Не магу забіваць. Не магу, каб свет быў як здзек. Не магу, каб холад. Я хачу, каб між людзьмі заўсёды было... вось так.– Так будзе, – сказала яна.– Калі?– Хіба я знаю калі? Напэўна тады, калі вось гэтыя старыя дачакаюцца дзяцей. Усіх. Тых, што забылі і што здрадзілі, і тых, што ў кайданах, і забітых. І, галоўнае, тых, што кожны дзень рабілі для другога хоць маленькае дзіва. Калі чалавек, кожны чалавек, вельмі захоча зрабіць другому хоць маленькае дзіва – свет зробіцца светам дзіваў.Ён схіліўся і прынік галавою да яе рук.Яна ціха ўстала, падышла да акна і расчыніла яго. У пакой уварваўся салаўіны пошчак.Потым яна села зноў на сваё месца. З птушынай песняй нібы ўладна ўвайшло сюды, у ціхі пакой, тое, што ён пакінуў на беразе сажалкі: гартанны крык леляка, ап’яненне хмызоў і прыгажось, падобная на здзек.Ён узняў на яе вочы і ўсё зразумеў. – Не ідзі, – сказала яна глуха. – Застанься... Калі ласка, хутчэй, хутчэй пацалуй мяне.Несцерпна калацілася сэрца. Яго ўдары былі, як грозныя ўдары молата. Распасцёрты на спіне, як зрынуты нечым магутным і пагрозлівым, ён бачыў праз адчыненыя дзверы зыркае полымя каміна – і гэта было як быццам яго збіраюцца катаваць агнём.Полымя. Полымя. Жарынкі ў каміне нібы хутка мяняюцца месцамі. З акна плыве сіняя халаднаватая ноч. У ёй водар лістоты і вільготны пах ставоў, вада якіх настоена на вярбовай кары, карчах і водарасцях.Але ўсё гэта пакрывае, глушыць утрапёны салаўіны гром. Нібы толькі адна, апошняя ноч засталася ім для песняў і жыцця.Расплываецца, адыходзіць некуды сляпая нянавісь. З кожным ударам сэрца расце і запаланяе істоту холад, замілаванне, чысціня і боль. І яшчэ вялікі, да самага краю зямлі, і злітны, нібы з аднаго сэрца, посвіст маленькіх птушак у вільготных хмызах.Залатая галавешка ўпала ў каміне, узняўшы полымя і рассыпаўшы іскры. У яе святле ён убачыў доўгія іскрыстыя валасы і вочы, якія зараз былі толькі чорныя і глядзелі на яго, нібы просячы літасці і адначасова адмаўляючыся ад яе.Яны ляжалі побач, ён – на спіне, яна – прыціснуўшыся да яго, на баку, і глядзелі ў ноч.