Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Раўла ўсю ноч, гледдзячы на квецень, прызбу і чаканне ў вачах старых. А потым зразумела, што кахае. Таму што ніхто так не разумеў яе... Яна ведала розніцу ў гадах, у паходжанні, ва ўсім... Але яна не магла глядзець ні на кога, апрача гэтага хлопца, хаця і ведала ўсю ненатуральнасць таго, што яна беражэ сябе для чалавека, які ніколі да яе не прыйдзе.. Трэба было ўцякаць, але яна не ішла адсюль, чакаючы нейкай невядомай адплаты, нейкага служэння яму.Сэрца балела за тое, што з ім зрабілі. А можа, гэта зноў быў лёс? Іначай яна не магла...А ён ляжаў і думаў, што яму цяпер няма іншага выхаду, як ажаніцца з ёю, бо дзяўчына даверылася яму.Няхай лямантуе наваколле – ён ім хутка замажа пашчы. На хвіліну ў яго сэрцы варухнуўся амаль фізічны боль і нясцерпная шкадоба, але ён здушыў іх. Разуменне між ім і той, што была пабач, удзячнасць за зладжаны свет, дзе ўсё было ў ім і ён быў усё, удзячнасць за ахвяру як быццам змялі былое. Яны былі мацнейшыя.У яго будзе самая лепшая і самая прыгожая на свеце жонка.Сакавіты, добры пошчак салаўёў, здаецца, прымушаў дрыжаць зямлю. Ён быў такі свежы і халодны, гэты пошчак.– Я, напэўна, вельмі дрэнная...– Чаму? – спытаў ён.– Так не робяць, так нельга... я ведаю. Але ты ўсё ж абдымі мяне.– Я хацеў сказаць табе тое самае... Але я таксама думаў, што так нельга.Іхнія ўсмешкі былі побач.Абапершыся на локаць, яна глядзела на яго.Не па ўзросту магутныя плечы, шырокія, як на грэчаскіх статуях, гладкія грудзі. Дасканалая закінутая галава.Ён таксама глядзеў. Рукі пяшчотныя і тонкія. Валасы іскарцца. Вочы ў цемры вялікія-вялікія.Гелена перакладвала хвалістыя пасмы яго валасоў:– “Ў барвянапёрым шлеме і крылатым...”– Ты памятаеш? – спытаў ён.– Вядома. – І я. Ты была такая... Раптам выйшла, рэючы плашчом, – аж валасы на галаве заварушыліся. Мне тады здавалася, што ты была ўдвая вышэйшая за іншых. Гэта не так, але вочы ў цябе і зараз большыя, чым ва ўсіх людзей на зямлі.– А цябе я спачатку і не бачыла. Сядзіць нехта пабач са старым панам. І раптам крык. Бог ты мой, які! Аж сорамна стала, што нехта так верыць. Я забылася і глянула... Вежа чамусьці потым нічога мне не сказаў.– Дзіва што, – усміхнуўся Алесь. – Я нават не заўважаў тады, што гэты семінарыст – аўтар – падвёў да Магілёва... мора.– Не, не тое. Я глянула і ўбачыла хлапчука – я і сама была дзіця. А потым ты прыйшоў увечары і сказаў, што дзівы павінны заўсёды спраўджвацца. І я ўсміхалася, а потым пакінула ўсміхацца. Ён пацалаваў яе рукі. – Я вельмі шкадаваў цябе. І гэта шкадаванне было, як любоў. І яшчэ было нешта вышэйшае. Я ад яго і зараз не магу пазбавіцца... Не веру, што ты тут, што мая.. Гэта як самае вялікае дзіва.– Дурнік, я вельмі звычайная.– Не веру. Мне і зараз здаецца, нібы ты прыйшла да мяне, а потым запалае заранка – і ты падымешся туды. – Так і будзе. Толькі не туды, а ў нетры. Дзе нават апоўдні – цень. – Што такое? – непаразумела спытаў ён.– Потым... І вось ты прыйшоў... Я зразумела гэта як наканаванне.Усміхнулася:– Для іншых досыць банальная гісторыя: былы пан і яго былая актрыса. Але ты ніколі не быў панам. Аніводнай хвіліны.– Аддзін вечар. І не панам, а рабом таго, што ты рабіла са мной. ...Салоўка спяваў. Адказвалі яму іншыя.– Слухай, – сказала яна, і ён не заўважыў за яе вонкава спакойным тонам чагосьці глыбока прыхаванага. – Ты дзівосна чытаеш. Памятаеш, ты чытаў нам аднойчы, калі мы папрасілі, англійскія вершы? Лепшае, што я калі-небудзь чула.