Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

І гарадок, і вёскі вакол, калі ўзлезці на вільчык высокага даху, бліжэй да шпакоў, здаваліся букетамі снежных кветак. І толькі спрактыкаванае вока бачыла шэры колер у гэтым белым разліве. Бо гэта была квецень.Бруднавата-белая ад тычынак квецень яблыневых садоў.На разліве, сярод магутных дубоў, што стаялі па пояс у вадзе, прыткнуліся адзін да аднаго некалькі чаўноў. На верхавіне аднаго з зялёных волатаў варушыўся маленькі адсюль чалавечак, галавасты Лявон Кахно.Ягоныя старэйшыя браты – шыракатвары дабрадушны Пятрок, белы, аж сівы Іван, тонкі і спрытны, нібы ўюн, Цыпрук і буркатлівы целяпень Макар – сядзелі ў адным з чаўноў. Розныя і падобныя. З вялікімі вачыма. Вусны ружовыя, насы з лёгкай гарбінкай.Другі човен – другія і людзі. На стырне сядзеў Цыпрук Лапата з Азярышча, галава вялікага роду з сыноў, дачок і здольнікаў1. Вялізны, як мядзведзь, пахмуры, вочкі маленькія, сонныя. Разглядаў вясло, нібы нічога цікавейшага не магло быць. У ягонай байдзе, між мокрых сецяў, рыбы і сцяблаў2, на атрутна-зялёным ад вады сене сядзелі тры сыны – глядзелі на бацьку, каб ведаць, што рабіць.Старэйшы, Юллян, трымаў на каленях – як бацька вясло – крамянёвую стрэльбу з гранчастым ствалом і цёмным пудовым прыкладам. Па прыкладзе віўся ўрэзаны ў драўніну і расплясканы малатком медны дрот. Для прыгажосці... Шыракакоснае аблічча Юлляна з вельмі шырокім, але прыгожым ротам і моцнымі сківіцамі было бледнае.Перад ім сядзеў другі сын, Аўтух. Чысцюткая белая кашуля. На ёй – кажух без рукавоў, аўчынай наверх. Белыя доўгія валасы зблыталіся, падаюць касмылямі ледзь не да плячэй і прыкрываюць лоб. Ад гэтага за вярсту патыхала бязладнай павольнай сілай. Пукатыя, як бачулкі, грудзі, тоўстыя рукі. А твар худы, хоць і шыракакосны, і ўвесь у мускулах ля сківіц, рота і шчок.У носе байды ляжаў, успёршыся локцямі на вільготнае сцябла, малодшы з прысутных Лапатаў – Янук. Валасы таксама зблытаныя, рот таксама вялікі і жорсткі. А вочы – большыя, чым ва ўсіх братоў, задумлівыя, трохі жорсткія.Андрэй і Кандрат Кагуты з трэцяга чаўна глядзелі на Янука насцярожана і трохі іранічна. Памяталі, што гэта праз яго Галінка Кахнова вымушана была калісьці прасіцца ў Андрэеў човен. І яшчэ ведалі, што рана ці позна, а ім з Януком давядзецца сутыкнуцца.У чацвёртым чаўне, што прыткнуўся да самага дуба, сядзелі млынар Грынь Паківач і, узмажнелы за гэтыя гады, увесь нібы біты сіверам і сонцам, Корчак. Бялявыя валасы выцвілі, дрымучыя чорныя вочы глядзелі пранізліва. Пад бруднаватай белай світкай, за чырвоным паясом, былі два пісталеты і доўгі, дзюймы на чатыры даўжэйшы, чым ва ўсіх, корд.Паківач у карме трымаў вясло, не зводзячы вачэй з хлопца на верхавіне дуба. Пранізлівых, жоўта-бурштынавых, бы ў спайманага коршака, вачэй. Сухі, амаль безбароды твар з рэдкімі вусамі нібы яшчэ больш падсох ад насцярогі і чакання. Ля яго ног ляжалі дзве стрэльбы, прыкрытыя світкай.– Той, хто ад вас ад’ехаў, гэта хто? – спытаў Корчак.– Загорскі малады, – адказаў Андрэй.– Гм, – Корчак прыжмурыў вочы. – А з ім?– Кірдун Халява.– Шкада, – сказаў Корчак. – Чаго яны тут?– А што, Дняпро для цябе толькі? – спытаў Кандрат. – Ён ужо трэці дзень у нас. Нельга было не ўзяць. Вось мы ўчора назнарок стаўную сетку ля трох вербаў паставілі, а сёння пагналі яго здымаць. Час ёсць... Ты не зыгуй, Корчак, ён чалавек харошы. – Значыць, паспяшаемя, – сказаў Корчак. – А ты, Кандрат, глядзі. Як на скрут галавы робіш. Каб не пашкадаваў.