Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Кандрат усміхнуўся аднымі зубамі:– Ты яшчэ не пануй. Ты мужыкоў не ведаеш. Калі нехта і пойдзе да цябе – ты не задавайся, атаман. Ты з імі – як з братамі. Яны нацярпеліся. Ім новага пана, ды яшчэ з хамаў – не трэба.– Што вярзеш? – спытаў ваўкаваты Юллян. – А тое, што твая спіна, відаць, па новым сядле плача, Юллян. Не дай бог з хама – пан, а дзярма – пірог.Паківач нечакана згадзіўся:– Я табе гэта, Корчак, сем год назад казаў. Корчак стрымаўся.– Добра. Пагарачыўся я.– І я кажу, – сказаў Кандрат. – А станеш гарачыцца – справы не будзе. Непамысна табе – ніхто не трымае. Адварочвай ды вяслуй ваду. А хочаш застацца – нас паважай. Мы табе сябры, а не парабкі. Прыгон – ён на ўсіх ляжыць. Таму і наважыліся бунтаваць. Корчак засмяяўся.– Ну, до, до. Сам разумею. Мужыкі-і. Адна мы кроў. На адной вадзе замешаныя. – І ён паказаў на бязмежную палавень: – На ягонай вось.– Расказвай, – кінуў Кандрат.– Я некаторым панкам пад Дошчыцай учыніў-такі, – сказаў Корчак. – Ноч на чыстую пятніцу. Два маёнткі спалілі хлопцы...– Замест божых свечак ды паходняў, – са змрочнай весялосцю сказаў Цыпрук Лапата. – Ды што з таго? Гэта сто вёрст Дняпром. Да нас і дымком не патыхнула.– Цяпер вас тут чакаюць, – буркнуў ваўкаваты Юллян Лапата. – Чаго вас туды панесла, калі ворагі – тут. Кроер – тут. Мусатаў – тут. Патаўпешкі гэтыя, Таркайлы – тут. Бацька іранічна глядзеў на сына:– Не думаў я, што ты такі. Ведаў, што дурань, але што такі-і...– Бацька кажа праўду, Юллян, – сказаў Корчак. – Адсюль пачынаць – канцы былі б. Кроер дачуўся. Ён з восені сотню чаркесаў у маёнтку трымае. Без крыві не абышлося б... Ды яшчэ ў наваколле блакітных нагналі, салдат, жандармаў. Атрымліваецца, ты мяне на смерць запрашаеш, а морда такая – нібы на чарку. – Асёл, – сказаў Янук.І асекся. Аўтух паклаў яму на плячо далонь, сціснуў.– Не вякай... наша справа... малая. Слухай... вось.Непрыемныя людзі былі Лапаты. Андрэй і Кандрат, пераглянуўшыся, зразумелі, што падумалі адно і тое ж.– Яны нас тут чакаюць, – сказаў Корчак. – А я іду ў другое месца. Куды – пачуеце. Вы астаяцеся. Перадавайце мне весткі. Людзей рыхтуйце, хто захоча. Ты, Аўтух, адразу, як толькі даведаешся, што салдатні паменела, – да мяне. Я тады скора прыйду! Ну, хто з вас тады са мной пойдзе?.. Лапаты – гэта ясна. А хто з Кахноў?– Я, – нечакана адказаў з верхавіны дуба галавасты Лявон. – Вы там цішэй. Па вадзе далёка чуваць.– Добра, – сцішыўся Корчак. – Яшчэ. Смялей, хлопцы. Памагаць-то вы тут усе памагалі. І жэрці збіралі... і порах... і хавалі, калі трэба. А вось пайсці разам, калі прыйду? Калі сыраядцаў гэтых трэсці будзем?– Бадай, я, – сказаў Іван.Кандрат і Андрэй пераглянуліся. Іван быў любімы Галінчын брат.– І я, – сказаў Пятрок Кахно. – Я – з Лявонам.– А вы?– Мы – не, – адказаў за сябе і Цыпрука Макар. – Не выпадае. Зямлю тады каму араць?– Як хочаце, – сказаў Корчак. – Праспіцё толькі царства нябеснае.Чорныя пранізлівыя вочы сустрэліся з вачыма Кагутоў:– А вы?Кандрат зірнуў на Івана, і той зухавата падміргнуў яму.– Што ж, – уздыхнуў Кандрат, – бадай што, і мы. Чаго тут. Бунт дык бунт. Кожны год бунты.Прыдняпроўе сапраўды бунтавала часта.– Добра, – сказаў Корчак.– Ты не злуй, – сказаў Цыпрук Кахно. – Мы не даносчыкі. Дапамагацьмем.– І на тым дзякуй, – схіліўся Паківач. – Вольнаму воля.– Ты абяцаў Даньку-пастуха прывесці, – сказаў Кандрату Корчак. – Што там?– Не спакушаецца, кажа: лухта ўсё. Што мне, кажа, дзевак мала ці ежы? Кормяць, кажа, людзі і ў торбу кладуць, і на зіму даюць.