Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Кандрат так перадражніў Данькаву інтанацыю і міну, што ўсе зарагаталі.– До, – раптам сказаў Корчак. – Цяпер, хлопцы-казакі, кажыце, каго тут перш за ўсё паліць будзем, калі прыйду. Усе трохі прымоўклі. Адно – бунтаваць “недзе там”, а зусім іншае – у наваколлі, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць. Адна справа – пускаць чырвонага будзіміра недзе пад Дошчыцай, а другая – выракаць на “агонь і паток” людзей, якіх ведалі.– Землі Загорскіх нам не па зубах, – падштурхнуў людзей Корчак. – Гэтыя хоць і ціхмяныя, але адчайныя. Так будуць бараніцца – пыл ад нас паляціць. Дабрадушны Пятрок Кахно раптам узлаваўся:– На такіх нападаць – мы табе, Корчак, не сябры, вось што.– Што, цяляты?– Цяляты не цяляты, а супроць такіх ісці – душу загубіць. На злых так пойдзем, што нас яшчэ на шворцы трымаць будзе трэба. А добрых – не руш.– А прыгон?– Не яны яго завялі– Прыгон...– Тфу! Ты ідзі глянь, як у Магілёве лупалаўскія кажамякі жывуць?! Як грабянечнікі ў Падуспенні?! Крывёй харкаюць, а вольныя людзі.Лагодны Андрэй змяніўся з твару. Пяшчотны глыбінны румянец заліў твар.– І тое праўда, – сказаў раптам Аўтух. – З добрых пачнем, а як за злых возьмемся – то бараніць іх салдат нагоняць.Бацька здзівіўся. Глянуў на сына нават з нейкай павагаю. І словы Аўтуха прымусілі задумацца нават Корчака.– Чаго спрачаемся? – упарта сказаў Корчак. – Я не згодзен. Але я і кажу: не па зубах. То з каго?– З Кроера, – сказаў з дуба Лявон Кахно. – З яго, – сказаў Пятрок. – з яго, сабакі.– І тое, – сказаў Корчак. – Я сам казаць не хацеў. Падумалі б: з-за сябе. Згода, Кроер. Яшчэ хто? – Браніборскі, – сказаў Юллян Лапата.Аўтух запыхкаў, як вожык.– Нашто? Ён, кажуць, волю даць хацеў.– А ты спытаў мужыкоў? – вочы Паківача бліснулі. – Не хочуць яны такой паганай волі, без зямлі.– Нам, хлопцы, наогул цяжка будзе, – раптам сказаў Іван. – Час трохі не той, – ён сарамяжліва ўсміхнуўся. – Я не баюся, але проста... чуткі гэтыя, што вось-вось волю дадуць. З зямлёю. Каму ахвота, чакаючы на такое, галаву скручваць? Кожная грамада – як крушня каменная. Не зрушыш. Ляжыць на сваім лапіку поля і маўчыць.Іван нібы выказаў думку кожнага. Бо ўсе тут баяліся і падсвядома ведалі: вялікай грамады цяпер не ўзняць. Але і чакаць было горш за смерць. А Корчак ведаў усё лепш за іншых. Не ўзняць грамаду. Усе чакаюць. Не ўзняць. Хіба што потым, калі воля выйдзе нейкая не такая, якую чакалі. Але яму было няўсцерп чакаць. Яшчэ і яшчэ чакаць. Як сем год ужо чакаў. Маўчаць. Хавацца і перахоўвацца. Мгчыма, зноў тры-чатыры-сем год. Не трэба было выказваць ім сваіх думак. І ён з трохі ненатуральнай рашучасцю сказаў:– Уздымем, не ўздымем. Гэта тады ясна будзе. Не ўздымем, то пачакаем. Пад намі не гарыць. А паспрабаваць трэба. Быдла ўжо мы, а не людзі – вось да чаго давялі. Кроер рабуе. Мусатаў страляе ў людзей... Абароны цёмнаму чалавеку няма. Прыйдзеш у суд – што давядзеш, калі гаворкі іхняй не разумееш?.. Ваўкі. А з ваўкамі – па-воўчы. – І перапыніў самога сябе: – Значыць, вырашылі: Браніборскага... Яшчэ каго?Запанавала маўчанне. – Раўбіча, – сказаў раптам Кандрат.– Ты што? – паспрабаваў быў спыніць брата Андрэй. Але Кандрат павярнуўся да яго і аднымі вуснамі кінуў:– Маўчы!Аблічча было такое рэзкае і гнеўнае, што Андрэй змоўк.– Раўбіча, – паўтарыў Кандрат.– Нашто? – спытаў нехта.Над чаўнамі павісла няёмкая маўчанка. Ніхто, акрамя Андрэя, не разумеў, чаму Кандрат Кагут аддае грамадзе, будучаму разгрому і агню, суровага звонку, але памяркоўнага пана Яраша.