Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Нешта ты, Кірдун, увесь час з хаты ўцякаеш, – прычапіўся да першай тэмы Кандрат. – Што, жонка не грэе?Кірдун з добрай мяккай усмешкай паціснуў плячыма.– Ды што... Тут жывеш, як вольны казак. Плывеш сабе, сонца вакол. А дома... Бабы гэтыя. Шкада ж іх біць, слабыя... Лаяцца – сабе даражэй. Дый хваліць няма за што.І па дурасці ляпнуў:– Жанчыны гэтыя – ну іх да д‘ябла! Вось і паніч Алесь са мной згодзен.Андрэй лыпнуў вачыма.Кандрат, нібы толькі тут заўважыў сома, паспешліва сказаў:– Праўда твая, Алесь, – атаман... Колькі яму год можа быць?– А чорт яго ведае. Многа.Чаўны ляцелі зусім побач па плыні, між зялёных дрэў.– З рыбамі гэтымі бяда, – заліваўся Кандрат. – З вялікімі. Дзеда Бельскага ведаеш, Алесь?– Ну. Заіка?– Ага. І ў портках калашыны рознакаляровыя. Еду аднойчы, а ён вялізную шчупачыху спаймаў. І нанізвае, хоча пад лазу прывязаць, каб жыла. І так пяшчотненька кажа: “Р-р-ра-буша м-мая, р-раб-буша. Заўтра яўрэям цябе прад-дам”. Аж тая раптам – боўць! І пайшла. То Бельскі як завёўся: “А туды т-т-т-т...”. І так да самага Сухадола.Чаўны выплылі на сіні абшар. Роўны на многія вёрсты, імклівы і спакойны, ён імчаў да далёкага мора і ўвесь зіхацеў пад залатым сонцам.Жыццё было спакойнае, але нічога не абяцала. І таму Алесь амаль узрадаваўся, атрымаўшы “з вернай аказіяй” ліст ад Кастуся. Ліст абяцаў трывогу і працу вышэй сіл.Кастусь пісаў:“Усё ў свеце плыве хутка. Мне здавалася, нядаўна пісаў табе. А мінула амаль сем месяцаў. Не апраўдваюся. Закруціўся я тут. Ды і ты, відаць, бо адказаў на адной старонцы... Што ў цябе? Паненка Міхаліна?.. І, напэўна, ўжо і вяселле скора?У кастрычніку я стаў студэнт імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта, а праз адзінаццаць дзён мяне вызвалілі ад платы за навучанне. Бачыў ты? Дзівосы! Ва ўсякім разе, дзякуй ім. Магу жыць... Я наогул “шчасця балавень бязродны”. Атрымаў урок, які дае каля трохсот рублёў ў год. Гэтага досыць. Можна было б жыць. І ўсё ж я, відаць, аддам перавагу голаду, бо не хачу бываць у гэтым доме... Уяві сабе істоту накшталт вашага пана Мусатава, толькі забагацелага і з сякімі-такімі тытуламі. Гэта страшна – чалавек без перакананняў, ці то з тымі “перакананнямі”, якіх сёння трымаецца Дзяржаўны савет. І сына, нядрэннага хлопчыка, паспеў сапсаваць і разбэсціць. Часам гаспадар прыходзіць, сядае ў рэкрэацыйнай і гадзінамі даводзіць, што наш край – праваслаўны і што я, напрыклад, каталік памылкова. Няхай нават так. Я ведаю, што і продкі Міцкевіча былі праваслаўныя, але ва ўсіх гэтых разважаннях столькі сытага свінства, яны выклікаюць такую гідоту, што я ў сектанты пайшоў бы, шамана слухаў бы – толькі не яго. Бо тых гоняць, а за гэтым – тупая сіла, якая спрачаецца толькі для добрай работы страўніка, а ўвогуле ўважае за лепшае душыць.Татаршчына!Алесь, я ведаю, гэта глупства – адмаўляцца ад магчымасці не жыць у нэндзы. Скажуць: “Дзяцініцца, дурань. Ну, паслухай якую гадзіну. Затое астатні час жыві як хочаш”. Але гэта не лухта. Я не магу саступаць нават у дробязях. Мне здаецца, калі я сцярплю, калі я зраблю выгляд, што не чую, – я сцярплю і большае, не пачую, калі народ пачне крычаць ад болю. Сцярплю, калі будуць пляваць на мяне і яго. Кожны падлец калі-небудзь рабіў першы крок да подласці. Я не хачу яго рабіць. Я не саступлю і цалі. Мяне не на тое нарадзілі.І потым, мы і так занадта церпім, і так ідзём на кампрамісы, да яшчэ кожны з іх тлумачым необходнасцю. Я не хачу.