Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Сапраўдным людзям улада жыць не дае. Дае толькі такім, як мой генерал, тым, што “ўвайшлі ў розум”, то бо жаруць, п’юць, спяць з законнай жонкай ці з рабынямі, калі жонка не ведае, і не думаюць ні аб чым, акрамя прасоўвання па службе да ўласнай кішэні.І яны жывуць, вернападданыя: плодзяць вырадкаў, падлюжаць, крадуць і ліжуць зад начальству і моляцца за “царствующую фамилию”.Гэтым, і толькі гэтым, даюць жыць.Сядзіць, павіч, і лае сучасную літаратуру: “Якое гэта прыгожае пісьменства? Дзе ж тут вытанчанасць? Чаму гэта ўсё вучыць народ?”Словам, можаш красці і забіваць, абы толькі прапаведаваў пры гэтым высокую мараль. Можаш кожны дзень хадзіць да Фрын на Лігаўку, абы прапаведаваў законную любоў да бога, імператара і жонкі.Ніхто не хоча праўды. Ніхто нават не падумае, што ўсё гэта – калос на гліняных нагах, які вось-вось зваліцца. І такая поскудзь кіруе намі ды яшчэ і крычыць усюды, што будучыня за праваслаўем (братняя любоў з пугаю ў руцэ), народнасцю (права смаркацца ў руку, лаяць іншаверцаў і атрымліваць поўхі) і самадзяржаўем (роўнасць усіх сумленных і чыстых перад плахай). Інквізітары!І такая поскудзь лае маладых хлопцаў, што ідуць за Чарнышэўскім. Яны нібыта заходнікі, сацыялісты, распусныя зеляпаны, валасатыя бамбісты. У ніх не шлюб, а палавая распуста. Іхнія стрыжаныя дзеўкі трыбушаць мерцвякоў замест таго, каб сумленна гандляваць сабою ў шлюбным ложку. Іхняя літаратура, замест таго каб паказваць сумленных дваран ды клопаты імператара аб народным дабрабыце, малюе рызманы ды галоту перакатную, ды такіх самых якабінцаў, як яны... А што ім маляваць?.. Высакароднасць даносчыка Фадзея Булгарына? Фадзеяў хапае і не ў кнігах... Маральнасць імператара, які перабірае пепіньерак са Смольнага, а потым дае ім пасаг ды спіхае замуж за сваіх халуёў? Сапраўды маральна: мог бы потым проста выгнаць на вуліцу... Або захапляцца высокай адукацыяй грамадства, якое ўсё яшчэ не можа расхлябаць спадчыны Мікалая-душыцеля ды Сергія-зацямніцеля прозвішчам Уварава?Не, тыя хлопцы чыстыя. Яны ведаюць сэрцам, што лепей хай не будзе ніякай дзяржавы, чым такая імперыя. Лепей – ніякай велічы, чым веліч на касцях народаў.Але ім цяжка. Ім амаль немагчыма дыхаць.Нядаўна ў сувязі з агульным ажыўленнем надзей, у сувязі з чуткамі пра вызваленне (не вельмі яснымі) і чуткамі пра судовую рэформу (яшчэ больш цьмянымі), а галоўным чынам у сувязі з дзейнасцю “Современника” правыя ўзнялі нясцерпны віск і брэх. Ажыўленне літаратуры ім ненавіснае. Яны б увесь век пісьменнікаў у рэкрэацыйнай трымалі ды частавалі за даносы цукеркамі. Ранні Тургенеў – скандал, дыскрэдытацыя панства ў вачах народа! Някрасаў – жах, небяспечнасць, парахавы зарад пад магутныя бастыёны дзяржавы. Малады Талстой, якога ты, напэўна, чытаў, – і той ім не даспадобы. А ён, пакуль тое, нічым асаблівым іх не дапёк. Нічога, дапячэ, па почырку відаць. Не быў ворагам, дык будзе. Зробяць.І, галоўнае, па ўласнай дурасці яны не могуць нават давесці, чым для іх варожы той ці іншы. Бачаць чысціню, празрыстасць, сумленне, дабрыню да людзей – значыць, гатова. Патэнцыяльны вораг.Гэта як ведаеш што? Памятаеш, калі я быў у вас, Кагуты недзе знайшлі позняе ваўчаня і прынеслі табе. І мы вырашылі, каб сучка яго выгадавала разам са шчанюкамі. Сучку замкнулі, а ваўчаня паклалі між смактуноў, каб прапахнула іхнім пахам. Памятаеш, як яны? Сляпыя, дурныя, як клёцкі, а як яны пачалі вішчаць ды падскакваць.