Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Дзейнічай, дружа. Дзейнічай, сябра мой.P.S. Ад генерала пайшоў. Буду бегаць па грашовых уроках у сумленных людзей. Віктар знайшоў работу ў Публічнай бібліятэцы. Неяк пражывем. Дзякуючы сваёй рабоце і сувязям ён пазнаёміўся са шмат якімі прыстойнымі людзьмі. Ну, а праз яго і я. Адзін з іх – фігура самая дзівосная, якую можна ўявіць. Гэта паляк, нашага поля ягада. Шмат адседзеў і адмаршыраваў у тых краях, дзе замест прыгарадаў усё “фарштаты” і дзе над зямлёю лунае нябачны дух Ямелькі Пугача. Там ён, між іншым, блізка пасябраваў з тваім улюбёным Тарасам, які ўсё яшчэ, бедалага, пакутуе сярод бурбонаў, п’янюг ды Іванаў Няпомнячых. Прозвішча паляка – Зыгмунт (а па-нашаму Цыкмун) Серакоўскі. Уяві сабе тонкую моцную постаць, разумны твар, стрымана-цвёрдую хаду. Белы бландзін. І на абліччы ззяюць сінія, найсвяцейшай чысціні і цвёрдасці вочы. Пазнаёміўся я з ім нядаўна, але ўжо зачараваны і логікай ягонай, і патрыятызмам, і воляй, і мужнасцю, і той вышэйшай душэўнай прыгажосцю, якая заўсёды спадарожнічае сціплай велічы сапраўднага чалавека. Вы павінны былі б спадабацца адзін аднаму... Кідай ты хутчэй усё. Едзь сюды. І мне будзе весялей, і табе не так будзе лезці ў галаву твая прыдняпроўская дурасць”.Ліст быў спалены. Быў пасланы адказ, з асабістай пячаткай....У сваім спакоі, у плыні жыцця, якое нічога, здаецца, не абяцала, ён узрадаваўся лісту Каліноўскага.Добра было ведаць, што трэба дацярпець толькі да восені, а там гары яно ўсё гарам. Увосень ён паедзе ў Пецярбург, звяжацца з Кастусём і сябрамі. Будзе віраванне спрэчак, учынкаў – усяго, што завецца жыццём.І, калі спатрэбіцца, ён аддасць гэтае жыццё братам.Усё добра. Хоць нехта ёсць на свеце, каму яно патрэбна.Радзіма.Родная зямля.Беларусь....Майскімі раніцамі, да ўсходу сонца, скакалі ў жытах дзяўчаты.Хлопцы ўначы, прабіраючыся на могілкі, палілі там невялікія, таемныя для ўсіх, хто не ведаў, вогнішчы і потым палохалі дзяўчат.– А унь русалкі. Ты глядзі, не хадзі без мяне. Заказыча.І дзяўчаты слухаліся іх.Ярасна цвіло па-над шляхамі жоўтае купалле: ведала, што век у яго кароткі і хутка яго пачнуць увіваць у вянкі.Набліжаўся час, калі русалкі асабліва шкодзяць людзям, і трэба знайсці хоць які дзень-два, каб утаймаваць іх, а заадно пасмяяцца, паспяваць ля вогнішчаў і ўдосталь нацалавацца дзе-небудзь у сініх ад празмернай зелені жытах.Па сёмусе прыйшоў русальны тыдзень.Азярышчанскія дзеўкі звівалі вянкі і вешалі іх на бярозах. А хлопцы неслі на зялёных насілках у бярозвавы гай абраную ўсімі русалку: самую ладную дзяўчынку, якая знайшлася ў Азярышчы, трынаццацігадовую Яньку Кагут.У белым рубку1 да лытак, з доўгімі, ледзь не да каленяў, распушчанымі валасамі, яна пагойдвалася ў сінім небе, вышэй за ўсіх. І свежы, пяшчотны тварык дзяўчыны ўсміхнуўся сонцу, нівам і зялёным гаям.А за ёю ішла ў вянках яе прыгожая світа....Палілі агні. Кідалі ў іх вянкі. Дзяўчаты ўцякалі ад Янькі, а яна лавіла іх і казытала. Дзеўкі ў парах гулялі з хлопцамі.Не абышлося і без бойкі. Сутыкнуліся за Галінку Янук Лапата і Кагутовы блізнюкі. Медзведзяваты Аўтух заступіўся за брата і пачаў валяць Кандрата з Андрэем. У бойку ўлез Алесь і, на агульнае здзіўленне, даў Аўтуху такога дыхту, што той нават кінуўся ўцякаць. Уцячы Алесь яму не даў. Урэшце іх памірылі, хоць Янук і глядзеў ваўком... Пілі піва і скакалі ля вогнішчаў.І ўсё гэта было весела, але весялосць была афарбавана лёгкім адценнем журбы. Магчыма, таму, што набліжаўся Ян Купала, і хоць лета было яшчэ ледзь не ў самым пачатку – усім было ясна: сонца вось-вось пойдзе на сход.