Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Спаляць сабраныя з двароў старыя бароны, разбітыя сані, аглоблі. Кожны дасць трохі цеплыні са свайго двара, але ўсё адно не падтрымае гэтым сонца. І, як сонца, скоціцца з высокай гары ахопленае агнём кола. Будзе каціцца ніжэй і ніжэй, а потым кане ў Дняпро і згасне.Журба, амаль непрыкметная, жыла ва ўсім, і перш за ўсё ў травах, якія ведалі, што пасля Янавага дня ім не хаваць у сваіх нетрах Янавых ліхтарыкаў, што прыйшоў іхні час і іх пасцінаюць звонкай касой.Утрапёнасць квітнення, песень і пацалункаў скончылася. На яе месца прыйшло задумлівае чаканне плёну.І таму на кветках, на вярбовых косах, на дарогах, што заблудзіліся ў палях, панаваў спакой і лёгкі сум.Усё было аддадзена. Усё было споўнена на зямлі.Яны стаялі ля храма бога вод. Сонечныя, зеленаватыя плямы святла беглі па іхніх абліччах, а проста ад ног ішоў у імшаную, як мядзведзь, цёмна-зялёную цемру доўгі адхон, што ўвесь тачыўся вадой.Ад густой зеляніны жывое срэбра струменьчыкаў здавалася зеленаватым. Журлівым звонкім халадком патыхала ў яры.Родная зямля – гэта крыніцы. І тут было адно з незлічоных месцаў іх нараджэння.Выйсце крыніц. Воды. Воды. Струменьчыкі, ручаіны, рака, мора. Зялёны звон пад нагамі.– Чаму ты ўнікаеш мяне, Гелена? – спытаў Алесь.– Я не ўнікаю.Вочы глядзлі ўбок, вышэй Нептуна, дзе зеленаваты ад ценю струменьчык выбіваўся з зямлі. У яе сапраўды было змарнелае і светлае аблічча. Новае, нічым не падобнае на ўсе яе іншыя абліччы.– Сядзь, – ён пасадзіў яе на каменную лаву. – Ты... не трэба так... Ты ведаеш, я шкадую цябе, як нікога. І я не хачу быць ні з кім, акрамя цябе.Яна адмоўна паківала галавой. Струменьчыкі звонка скакалі ў яр.– У мяне будзе дзіця, Алесь.Ён маўчаў, так раптам упала сэрца ад нечаканасці і дзіўнага прадчування, падобнага да прадчування бяды. Гэтага не магло быць. Ён – і дзіця.– Я думала спачатку, што гэта памылка. І вось пераканалася. Будзе.Бледны ад разгубленасці, ён глядзеў на яе. Гэтыя вочы, і іскрыстыя валасы, і тонкая постаць – гэта цяпер не проста яна. Гэта ўжо і ён, і тое, аб чым яшчэ ніхто нічога не ведае. Трое ў адной.– Праўда?Зусім неспадзявана нарадзілася недзе глыбока пад сэрцам, пачала расці, расці, узрастаць, затапіла ўрэшце ўсё на свеце, усю існасць і ўсё, што вакол, несамавітая, дурная, шалёная радасць.У яго перахапіла дыханне. Адчуванне шчасця і ўласнай значнасці было такое вялікае, што ён тросся, захлынаючыся паветрам.– Не можа быць... Гелена, праўда? Гелена, мілая... мілая...Голасам, што быў поўны бязмернай пяшчоты, яна спатала:– Ты праўда ўзрадаваны?– Я не ведаю. Гэта – падобна... Не, гэта не радасць, – ён вінавата ўсміхнуўся. – Я ж яшчэ не ведаю, як... І яшчэ, я кахаю цябе.. Як ваду і неба... Як жыццё.Калі яны выходзілі з парку, Алесь, трохі ўжо супакоены, але па-ранейшаму нібы прасвятлелы тварам, з той самай дурной усмешкай на вуснах, раптам затрос галавою.– Не веру.– Тумаш няверны.Ён вёў яе так асцярожна, нібы да радзін заставаліся лічаныя дні.– Вось і ўсё, – сказаў ён. – Зараз пойдзем да дзеда, скажам аб усім. Потым да бацькоў. Вяселле ў першы дазволены дзень. І паедзем. Кудысьці далёка-далёка. Каб мора. Вельмі буду шкадаваць цябе.– Алесь, – раптам сказала яна, – а ты задумаўся на хвіліну аб тым, што ты не сказаў “кахаю” мне, а сказаў яму.Загорскі, пратэстуючы, узняў рукі. Але яна спыніла гатовыя вырвацца словы. Сказала з пяшчотай:– І добра. Вельмі добра. Значыць, тут ты бацька, абаронца. Так і трэба.