Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Адчуўшы раптам, што да жаданага канца, які адсек бы мінулае, яшчэ далёка, ён сказаў:– Вянчаемся ў Загоршчыне.І ўбачыў, як яна, нібы з сілаю адрываючы нешта ад сябе, паківала галавою.– Не, Алесь, на гэта я ніколі не пайду!– Чаму? – упарта спытаў ён.– Ды зразумейце ж вы, – нібы чужому, сказала яна, – усё добра як ёсць.– Каму добра? – голас гучаў жорстка.– Вам.– Мне дрэнна. Без цябе і без яго. Удвая.Яна спляснула далонямі.– Мілы, мілы вы мой! Паверце мне, вы сабе хлусіце. Вы не бачыце, а я добра бачу, як вы загналі сваё пачуццё ў каменны мяшок, замкнулі. Вы не адчуваеце гэтага, вам здаецца, што вы спакойны, але вы ўвесь час слухаеце, як яно рвецца на волю, калоціцца ў дзверы.– Не!– Так, – сказала яна. – І ў гэтым для мяне няма крыўды. Вы думаеце, я не ведала з самага пачатку? Ведала.Ніколі яшчэ ён не бачыў яе такой прыгожай. І чужой. Ліхаманкавыя, пяшчотныя вочы, на вуснах горкая і цёплая ўсмешка.– Толькі вы не забывайце часам убачыць яго. Добра?– Ты страшны чалавек, – сказаў ён. – Пазбаўляеш яго – бацькі, мяне – радасці. Мне ніхто не патрэбен, – ён змагаўся, і голас ягоны быў глухі.– Мана, – сказала жанчына.Ён падумаў аб тым, што сам ён, і ўсе, хто вакол, і Майка, усе яны – нявартая дробязь у параўнанні з гэтай жанчынай. Было ў ёй нешта вышэйшае за іх, звычайных. І Алесь падумаў, што яна адчувае гэтую несумяшчальнасць самой сябе і яго, Алеся.Яна глядзела на яго і разумела, аб чым ён думае.– Алесь, – сказала яна, – гэта хлусня, што ты думаеш. Няўжо, ты думаеш, я зрабіла б такое, каб не кахала цябе? Я таму і раблю, што кахаю.Ён ускінуў яе ў паветра і з сілай паставіў на ногі.– Хлусіш.Але ён глядзеў на яе аблічча і верыў. Верыў усё больш і больш.– Вельмі. Таму і ўцякаю.– А дзіця? – амаль умольна сказаў ён. – Яго імя?– Няхай. Ён будзе сумленны чалавек.– Але нашто?У яе вачах былі слёзы. І вочы праз слёзы аж ззялі, як сонца праз дождж. Той дождж, пра які навакольныя сяляне казалі: “Царэўна плача”.– Атрымалася б, што я нічым не ахвяравала, – сказала яна. – Наадварот, прыдбала. І таннай цаной. Ты не думай аб ім. Проста бог не хоча маёй ахвяры. Ён будзе. Гэта такое шчасце. Думала адплаціць, і вось зноў у даўгу. І, значыць, магу, калі спатрэбіцца, плаціць і плаціць.– Гэта ўсё? – спытаў ён.– Усё. Ты не гавары са мной больш, – яна выцерла слёзы і ўсміхнулася. – Гэта дарэмна, мілы. Праз два дні я еду ў Сухадол, а адтуль у губерню. Мне прапаноўвалі.– Гэта канчаткова?– Але. Бацькоўскімі капцамі клянусяГэтым не кідаліся, і ў Алеся ўпала сэрца.Ён глядзеў і глядзеў на яе. І жорсткія вочы паступава мякчэлі.– Аставайцеся тут, – сказаў ён. – Вам не трэба ў Сухадол... Я клянуся вам не ўспамінаць нічога, не напамінаць ні аб чым, пакуль ён не народзіцца. А потым... потым вы самі ўбачыце, як я стану любіць яго.– Я ведаю. Усё ведаю. І таму іду.На хвіліну ён пашкадаваў, што яна вольная, што ў той далёкі вечар ён сам прынёс ёй... І адразу падумаў, што, каб не той вечар, нічога не было б... А потым пякучы сорам на самога сябе прымусіў пачырванець аблічча і нібы пазбавіў права чагосьці патрабаваць. Вось яна, панская косць, панская кроў, панскі дух. Кастусёў сябра, рыдалец над меншым братам, заўзяты патрыёт, з мужыкамі кумаецца. Навалач! Дробная дрэнь! Кроер!– Добра, – глуха сказаў ён. – Будзе так, як захочаш.У пакой праз сітняговыя плеценыя цыноўкі ледзь прабіваліся палоскі сонечнага святла. Рэдкія пылінкі плылі ў іх.