Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Нібы зразумеўшы яе, Гелена ўсміхнулася. Усмешка была такая, што Майка зразумела: толькі ласкай і паблажлівасцю гэтай жанчыны можна растлумачыць сам факт размовы. Яна рабіла ласку, і ніхто не асмеліўся б зрабіць ласку ёй. Міхаліна глядзела на поўныя вочы.Сонца на твары. Хохлікавыя каўпачкі “панічоў” кідаюць на сукенку і твар бэзавыя і ружовыя адбіткі. Вочы вялізныя.А плечы тонкія, але, адразу відаць, вытрымаюць усё.Незвычайная, пагрозлівая прыгажосць. Захоча – адбярэ.І, нібы толькі ў жаданні гэтай жанчыны была справа, дзяўчына ўся натапырылася, як перапёлка, што бароніць гняздо. Яна не ведала, што Гелена прыблізна на гэта і разлічвала, едучы сюды, і таму здзівілася, убачыўшы на яе вуснах тую самую ўсмешку.Карыцкая таксама ацэньвала субяседніцу, ад попельных валасоў да насцярожанай усмешкі, да вострага носа туфліка, які высунуўся з-пад сукенкі. І ацаніла. “Прыгожая. Нават надзвычай прыгожая і жаноцкая. Абатрэцца трохі, пазбавіўшыся ад свавольстваў, – будзе жанчына... Значыцца, вось каго... Што ж, хіба яна лепшая за мяне?...”Не. Не лепшая. Проста другая. І вось такую, другую, ён яе і кахаў.На хвіліну ў яе сэрцы абудзілася раўнівая жаночая злосць, але яна адразу справілася.Проста перад тым, што яна, Гелена, зрабіла, гэты маленькі верабей нічога не значыў. Алесь, вядома, будзе кахаць яе. І толькі. А яе, Гелену, ён не забудзе.Ад вераб’я нічога не залежала, і таму з ім трэба было быць добразычлівай.Гелена ўсміхнулася.Міхаліна глядзела на яе строга і насцярожана:– Вы ведаеце, што я парушыла ўсе сувязі з гэтымі дамамі? Нашто вы прыйшлі?– Даведацца, ці канчатковае гэта рашэнне? – спакойна сказала Гелена.– Выбачайце, калі ласка, але я не ведаю, якую цікавасць гэта можа мець для вас?З ніў зноў ляцела далёкае:Бог жа мне даў долечку ліхую,Ліхое замужжа, бог жа мне даў.– Хіба для мяне? – спакойна скзала Гелена.Майка не разумела яе. Але спакой актрысы, яе упэўненасць нараджалі неспакой, боязь і трывогу.“Адбярэ. Захоча і адбярэ. Гэтая здолее”.Майка памятала яе на сцэне.“Усё. Канец. Дагулялася. За каго сябе лічыла, варты жалю вераб’ішка? Хаданская хлусіла. Але хлусня можа зрабіцца праўдаю”.Карыцкая глядзела на паненку і разумела ўсё.– Хочаце, каб я сказала, аб чым думаеце?– Вы можаце? – іранічна спытала Міхаліна.– Магу.– Не трэба.– Але не трэба і вам так думаць. Не непакойцеся. Я прыйшла сюды не дзеля таго.І, нібы ратавалася ад чагосьці, трохі паспешліва сказала:– Вы ведаеце, што па намаганню гэтага чалавека, тады яшчэ зусім дзіцяці, я атрымала волю і некаторыя незалежныя сродкі, якія мне здаюцца багаццем.Тон гэты быў брыдкі, але Гелена ведала: толькі дзелавітасцю і вонкавай сухасцю можна не сапсаваць справы, не насцярожыць, пераканаць у тым, у чым хочаш. ...І яшчэ – трошкі – упэўненасцю ў сабе. Каб адчувала, што ніхто яго не адбіраў і не адбірае, але ёсць такі чалавек, які... можа адабраць у кожную хвіліну.– Віншую вас.– Як вы думаеце, што магу я адчуваць да чалавека, які бескарысліва даў мне ўсё гэта?Майчыны зрэнкі здрыгануліся.– Мяркую... удзячнасць.– Вядома, удзячнасць. І самую глыбокую павагу. І... любоў, бо чалавека такой маральнай чысціні мне яшчэ не даводзілася бачыць.Сэрца Міхаліны сціскалася ад думкі, што субяседніца таксама можа кахаць яго. Таксама? А хто яшчэ? Хіба яна? Хіба ёй не ўсё адно? І яна сказала назнарок суха:– Яму яшчэ не было дзе страціць мараль.