Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Майка глядзела на яе, і, нібы адказваючы на яе думкі, жанчына сказала:– Адкуль я ведаю? Можа здарыцца ўсё. І потым, заўтра рана ён едзе ў Пецярбург. Магчыма, на некалькі год... Што яму тут?Схіліла галаву.– Бывайце.Майка глядзела, як госця спускаецца са сходаў на круг гонару, і невядомая трывога расла ў яе душы.“Як ідзе... Якая прыгожая... У сто разоў прыгажэйшая за мяне”.Яна не ведала, што рабіць.– Чаго яна прыходзіла? – спытала Тэкля.– Так. Загадай, каб запрэглі коней.Калі Тэкля вярнулася, Майка сядзела ля балюстрады і сціская пальцамі галаву.– Прычоску папсуеш, – паддала жару Тэкля. – Едзь ужо.– Добра.– А Ілля?– Скажы яму, што я не прыму яго сёння. Ні заўтра, ні паслязаўтра. ...Коні, запрэжаныя ў лёгкую брычку, імчалі да гасцінца. Налева – будзе Загоршчына. І заўтра ён едзе. На гады...Яна сядзела, трохі падаўшыся наперад. Тонкі твар быў трохі бледны.На ростанях яна памарудзіла трохі. Боль рос, але расло і пачуццё ўніжэння. І, аднак, трэба ехаць.Яна раптам сцёбнула коней і нечакана моцным рыўцом лейцаў звярнула направа.– Но! Но! – голас яе зрываўся.І каб ужо ні аб чым не думаць, ні на што не звяртаць увагі, забыцца, яна пагнала коней па гасцінцы. Прэч ад Загоршчыны! Далей! Далей!Усё было скончана і ў Загоршчыне, і ў Вежы. Чакала дарога. Чакаў Пецярбург, Кастусь, універсітэт. Апошні вечар, уласна кажучы, Алесю не было чаго рабіць. Хіба што развітацца з наваколлем.Пан Даніла, які прыехаў разам з унукам у Загоршчыну, увесь дзень хадзіў злосны, чапляўся да ўсіх і ледзь не лаяўся, а потым раззлаваўся на Алеся за спачувальныя вочы і прагнаў прэч.Алесь зайшоў да пана Юрыя і нагадаў, каб той Паўлюка і Юрася ўладкаваў у Горацкую акадэмію. Абодва любілі зямлю і мелі добрыя галовы.Вочы пана Юрыя былі сумныя і зараз зусім не нагадвалі вачэй маладога чорта. Ён нявесела ўсміхаўся і падтакваў сыну:– Але. Вядома. Не збяднеем. Затое агаворым, каб вярнуліся сюды. Два свае аграномы. Адзін у Вежу, другі – да нас. І суседзям памогуць. Я ведаю... Агрыкультура!...Алесь ішоў берагам Дняпра. Імкнулася, бегла некуды шырокая плынь. Сінія пагрозлівыя хмары стаялі, не рухаліся, за вялікай ракой. Кроплямі пралітай крыві чырванелі татарнікі.Ён мінуў курганы – іх было тут дзесяткі тры, розных – відаць, нейкі старажытны племянны могільнік, – і пайшоў угору па спадзістым адхоне. І на курганах, і тут, але радзей і радзей, магутна і сакавіта тапырыў свае дзіды баец-чартапалох. І Алесь ведаў, што ўсё гэта, навакольнае, ён ніколі не здолее забыць.Уявіў сабе, як заўтра раніцай маці будзе трымацца з усіх сіл, бацька – нявесела жартаваць, а дзед з заўсёднай іранічнай усмешкай скажа, перадражніваючы семінарскі лаціна-рускі жаргон:– Ідзі, рытар, ужо там па цябе sub aqua1 прыехала.Сто год так дражнілі самаўпэўненых боўдураў, што вучацца невядома нашто, не маючы і напарстка мазгоў.Сціснула горла. Не хацелася кідаць усяго гэтага. І ўсё ж абшар, і велічная плынь, і бярозавы гай, у які ён зайшоў, дзіўна супакоілі яго. На свеце яшчэ магло быць шчасце. Гай быў белы-белы. Зялёная трава, зялёныя шаты, а ўсё астатняе, як кінуць вокам, белае як мармур, як цукар, як снег.Матавыя ствалы бяроз былі ўкрыты чорнай вяззю. Мядовы свіст невядомай птушкі – для гівала было позна – ляцеў аднекуль з сонечнай лістоты.Сонца схілялася і мякка заглядала пад лістоту. Нібы хацела праверыць, што там магло здарыцца за дзень.Было ціха. Быў мір.