Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Усе гэтыя думкі прабеглі ў яе галаве за якую хвіліну. Ён усё яшчэ падымаў рукі, дагаворваючы свой сказ:– ...Майка.Яна глядзела ў яго вочы і адчувала, што ў яе падгінаюцца калені ад цеплыні і жалю. Зрабіць яшчэ крок, і...Гэта быў бы пацалунак. Простае “хрыстосаванне” для іншых. Але яна ведала, што гэта будзе для яе.“Палон. Астацца вечна. Навекі прызнаць для сябе (бо ён не будзе ведаць) сваю подласць. Ведаць, што за скурай шчаслівай пані сядзіць распусная (так, распусная, бо такой аддаць сябе за такога – гэта распуста), разважлівая гaдзіна”.Яна магла жорстка асуджаць. Ён уздымаў рукі... Яна не магла... Яна ведала – не вытрымае.– Не, – сказала яна. – Не. – І скончыла амаль бязгучна: – Гэтага не будзе.І кінулася ў натоўп.Ён апусціў рукі і павольна пайшоў да выхада. Свайго аблічча ён не бачыў і здзівіўся б, што Мсціслаў, праходзячы паўз братоў, якія гаварылі з Галінкай Кахно, паклаў руку на Кандратава плячо:– Кандрат... Ану... Хутчэй.Яны свідравалі натоўп за Алесем.Загорскі, выбраўшыся на больш-менш вольнае месца, спыніўся і кінуў апошні позірк на гурт людзей перад бабінцам.Унь яны стаяць. Яраш са скобкай валасоў і жалезным бранзалетам, Юллян Раткевіч глядзіць на Майку і, здаецца, здагадваецца, што нешта адбылося, Франс. І яе аблічча, такое, што на хвіліну робіцца шкада.Яму прыйшла ў галаву дурная думка.Перад імі – між імі і Алесем – палалі паходні і бочкі са смалой. У Раўбіча былі шчыльна сціснутыя вусны. Рука з жалезным бранзалетам сціскала свячу. І ад зарыва падаў крывавы адбітак на цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думкай, змардаваны воблік.Усе астатнія стаялі вакол яго цесна. Дурная думка... Стаяць... Скача зарыва... Як тыя паны, што пасля змовы Глінскага ішлі на плаху разам з сем’ямі, каб не засталося і роду....Франс азірнуўся на сястру і спалохаўся.– Што з табою?Ён абвёў вачыма натоўп, і яму здалося, што недзе за паходнямі мільгануў твар Алеся Загорскага. А можа, здалося?І раптам ён са здзіўленнем падумаў, што побач з нянавісцю ў ім увесь час жыло нейкае цёплае пачуццё да Алеся. Адкуль?...Алесь, сустрэўшыся на імгненне з вачыма Франса, уздыхнуў і апусціў вочы. Трэба было ісці. У адрозненне ад Франса ён зараз адчуваў только пагарду.Ён папраставаў ад святла проста ў цемру алеі.Адмовіць у прымірэнні. Няхай, калі не верыць. З гэтым можна прымірыцца. Хоць і цяжка, але можна. Не кахае – няхай. Няхай нават тое, што ўся сям’я пакрыўдзіла і крыўдзіць далей. Але адмовіць вялікай ноччу ў пацалунку?! Такое рабілі толькі, калі між людзьмі ляжала кроў сваяка, блізкага сваяка, або самага лепшага друга. Такое рабілі толькі даносчыку на сваіх або бацьказабойцу.Адмовіць у пацалунку ў вялікую ноч – такога не бывала. І ён вырашыў маўчаць. Яна, вядома, была ў бяспецы. І менавіта таму плаціць давялося б двум: Раўбічу і Франсу.Канечне, ім. Бо Загоршчына амаль нічым не рызыкуе. На ўсё сухадольнае наваколле ён, Алесь, найлепшы стралок сярод маладых.Нават калі б няўдача. Дакончыў бы пан Юры, таксама лепшы.Вядома, помста. Але нашто? Нашто, калі ўсе яны – рабы кодэкса гонару. Дурасць. І ён таксама дужа разумны, ледзь не зрабіў так, як нейкі там дурны дзедзіц....Яго дагналі суровыя Мсціслаў і Кандрат. Пайшлі побач.Кандрат радаваўся, што ён адзін стаяў тварам да Міхаліны і Алеся, што Галінка і Андрэй не бачылі нічога. Мсціслаў радаваўся, што бачыў усю брыдкую і незразумелую сцэну адзін ён. І кожны з іх імкнуўся трымаць сябе натуральна.