Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

...Ён ішоў дадому, а над ім, у вышыні, плылі зялёныя, пурпурна-чырвоныя і сінія аблокі, якія свяціліся сваім святлом.На двары, ля ўпакаваных павозак, Халімон Кірдун лаяўся з Фельдбаўхам. Кірдун з жонкай павінны былі ехаць разам з Алесем. І таму Халява быў поўны самым невыносным для ўсіх гонарам.– Але ж плед такі паніч ацаніць, – казаў Фельдбаўх. – Плед гэты ёсць практычны. Не пэцкаецца ён. Nuch?– Панюхай ты, ведаеш што... – злаваўся Халімон. – Гэтай анучай набожчыкаў укрываць. – Халімон смела валіў цераз пень-калоду, бо ведаў, што немец дрэнна разумее хуткую гаворку. – А яму трэба яркі, вясёлы. Да нас з панічом, магчыма, кабеты хадзіць будуць. Зірне якая на гэткую посцілу ды яшчэ, крый божа, пасівее... До ўжо тваёй улады над хлопцам!– Хам-Халімон, – сумна сказаў Фельдбаўх. – Драўляная галава Халімон. Хвалько-Халімон.І адвярнуўся.– Няма ўжо ні твая, ні мая ўлада, – сказаў ён пасля паўзы. – Гарэлка нам з табой толькі ўлада хлябтаць. Пі адзін... Наг-бом... Вайсрусішэ свін-нья!Кірдун раптам з сілаю ляснуў шапкай аб зямлю.– Ды што ты да мяне прывязаўся, перачніца нямецкая?! Мала мы з табою, ты, нежанаты, ды я, пры жонцы халасты, той гарэлкі папілі ды ў дурня пагулялі? – на вачах Кірдуна выступіла вільгаць. – Мне, думаеш, лёгка? Буду там чорт ведае з кім тую гарэлку хлябтаць.– Я таксама ёсць басурман.– Ты свой басурман, – гарачыўся Халява. – Наш. Беларускі. Ай, ды ідзі ты!...Схапіў немца за плечы і патрос. А той яго. З хвіліну яны торгалі адзін аднаго. Усё больш і больш павольна. І ўрэшце кінулі.– Сумна, – сказаў Кірдун.– Сумна.– Кладзі гэтую анучу. Спатрэбіцца. Хадзем лепей вып’ем.Алесь усміхнуўся і падумаў, што яму, канечне, трэба зрабіць яшчэ нешта. Ага, трэба развітацца з самім сабою, маладым. Бо калі ён вернецца, магчыма няхутка, ён будзе ўжо зусім другі, непадобны, а Урга можа састарэць ці нават здохнуць.Ён абмінуў дом, прайшоў пад срэбнымі фантанамі італьянскіх таполяў і папраставаў да карціннага павільёна, купал якога цямнеў пад шатамі дрэў....Моўчкі, нібы запамінаючы, ён сядзеў перад карцінай у пацямнелай ад часу раме.Зноў, нібы ў маленстве, яна ззяла сваім святлом. І пад галінамі яблыні, цёмная зеляніна якой хавала далягляд, юнак вёў за аброць белага каня. Нібы сотні залатых сонцаў, ззялі ў лістоце плады. І белы конь, трапяткі і спакойны, бы ў казцы, быў Урга. А юнак у круглай шапачцы – ён, Алесь.У павільёне было цёмна. Гарэла толькі адна свечка перад карцінай. Ён так задумаўся, што не адразу пачуў, як яго нехта заве.Алесь убачыў цемру, а ў ёй, як на карцінах Рэмбранта, аранжавае аблічча і кісці рук. Распаўнелая і добрая Анежка стаяла перад ім, жонка суровага Карпа.– Паніч, – сказала Анежка. – А божа ж мой. І не даклічашся.– Што, Анежачка? Трэба ісці, ці што?– Не, – сказала Анежка. – Вось.Ён не заўважыў, як яна знікла. Цяпер у цемры, на тым месцы, дзе была яна, стаяла другая.Доўгі шаль зліваў яе з цямноццем. Відаць было толькі адну руку і трохі ўскінутае аблічча.– Ты? – спытаў ён.Лёгкі звон, нібы вада лілася ў вузкагорлы збан, напоўніў Алесевы вушы. Намаганнем волі ён здолеў стрымацца. Але ў тое самае імгненне ён зразумеў, што Гелена мела рацыю, не згаджаючыся на шлюб з ім. Нішто не забыта. Самагіпнозам была нянавісць, дурасцю была пагарда, хлуснёю – абыякавасць. І ўсе крыўды, і ўсё, што было, і чуткі аб Хаданскім, і абраза Франса, і сустрэча ля царквы – усё было лухта.