Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

І спакой, і пакланенне перад Геленай, і глыбокая, да апошняга каменя, удзячнасць ёй нібы збляклі перад простай праявай яе з’яўлення. Гелена была мудрэйшая. Яна ведала і бачыла ўсё.– Чаму ты тут? – спытаў ён.Ён адчуваў, што кахае яе да немага замілавання, але ён ужо не мог, як раней, зрабіць выгляд, што нічога не было. – Сёння да мяне прыходзіла Гелена.Збіваючыся, захлынаючыся словамі, яна расказала аб іхняй размове, і Алесь зразумеў, што Гелена дабілася свайго, зрабіла немагчымым усякі яго крок да яе. Усё было скончана, нават калі б ён вырашыў ахвяраваць здрадлівым каханнем у імя сумлення і высакароднасці, як ён думаў.Нельга было, каб Гелену, маці яго будучага дзіцяці, лічылі хлуслівай. Ды і яна сама дабівалася аднаго – яго маўчання.Здарылася.Гэтага ўжо нельга было выправіць.Зразумеў раптам усю прорву між апошняй высакароднасцю адной і зажывошчамі другой, ён глядзеў у Майчын твар.– Можа, ты растлумачыш мне, як гэта здарылася?Яна пачала расказваць. І аб плётцы, і аб тым, як яна ўпэўнілася ў яе хлуслівасці, і як зразумела ля царквы, што будзе пагарджаць сабою, калі яна, такая, стане побач з ім, і як вырашыла сама сябе стаптаць за сваю памылку. І як не падумала тады аб ім, і як назнарок рабіла самыя дзікія ўчынкі, каб нават самой не сумнявацца ў сваёй подласці.Ён маўчаў.– Я ведаю... ведаю, як я вінавата. З самага пачатку ведала, таму і не ішла. І заблытвалася ўсё больш... больш... Я ведаю, мне нельга дараваць, і мы не можам быць ранейшыя адзін да аднаго... Я прыйшла толькі сказаць і пайсці. Але мне будзе цяжка... цяжка кінуць цябе, не ведаючы, што ты хоць трошкі зразумеў і трошачкі дараваў мне.І раптам яна ўпала перад ім, нібы прысела бокам на сагнутыя ногі, і схавала твар у яго каленях.Ён мякка пагладзіў яе па галаве:– Як жа ты змардавала сябе, дурное дзяўчо!Сеў побач на падлогу.– Ану, кінь равець. Падумаем, што рабіць, калі ўжо так заблыталіся.Яна разрыдалася яшчэ больш гаротна і няўцешна.– Ну вось, – сказаў ён. – Многа салонай вады. А ўсё праз тых мярзотнікаў. Мне чамусьці вельмі хочацца, каб фаміліі Хаданскіх падалі сёння на вячэру сабачы памёт.– Алесь... Алесь... – калацілася яна.– Я кахаю цябе, – сказаў ён. – Я не ведаю за што, але я кахаю цябе. Але я не ведаю яшчэ, як нам разарваць сетку гэтых старых, дурных забабонаў... Ну, то што будзем рабіць, пасварыўшы два роды? Новы Шэкспір? Рамэа і Юлія для бедных?– Я ведаю... што... Я... пай-ду... Толькі ты даруй. Калі я падумаю, як я.... цяб-бе... мне не-маг-чы-ма. Калі гэта можа... калі гэта толькі можа цябе супакоіць і прымусіць трошкі дараваць мне – я магу сказаць, што я заўсёды, заўсёды... любіла цябе... што нікога са мною не было б... Што нікога.... ніколі са мной не будзе – вось так я пакараю сябе за твае пакуты.– Так кахаеш мяне?Яна моўчкі, праз плач, затрэсла галавой.– Пойдзеш са мной?Хліпаючы, яна адмоўна паківала галавой.– Чаму?– Я такая... такая!.. Алесь, Алесь, даруй мне. Я так кахала цябе. І кахаю. Аднаго. Калі ты даруеш – я ніколі больш не буду рабіць так. Я даю табе слова. Я заўсёды буду добрая.– Лічы, што пачала, – сказаў ён і пагладзіў яе па галаве. – Будзеш мяне чакаць?– На... нават калі скажуць, што ты мёртвы. Нават калі сама ўбачу, што ты мёртвы. Не паверу.– Ну, вось і ўсё.– Праўда? Праўда? – нават у паўцемры было відаць, якія прамяністыя сталі яе вочы.– Праўда, – сурова сказаў ён. – Кінь плакаць. Ужо няма прычыны.Але яна плакала. Толькі слёзы былі іншыя.