Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Пецярбург пачаў цкаваць цвярскіх. Як жа, яны патрабавалі абавязковага выкупу сялянамі зямлі, патрабавалі рэформы.Міравыя пасрэднікі пасля пяці месяцаў Петрапаўлаўкі былі асуджаны на заключэнне ва ўціхамірвальным доме (і прынізіць хацелі як найпадлей!). Ім далі ад двух год да двух год і чатырох месяцаў “уціхаміркі” і, акрамя таго, пазбавілі правоў і прывілеяў.Генерал-губернатар Пецярбурга, Аляксандр Аркадзевіч Сувораў, унук палкаводца і чалавек добры і мяккі, схапіўся за галаву, дачуўшыся аб нечуванай абразе. Уціхамірвальны дом! Як для злодзеяў! Бязмерная подласць гэтага прысуду так уразіла яго, што ён стрымгалоў кінуўся да імператара: заступацца. Упарты – дзе не трэба – гасудар быў да таго, што зламаць ягоную ўпэўненасць практычна было немагчыма.Сувораў зрабіў немагчымае: дабіўся адмены ганебнага прысуду. Пакаштаваць “уціхаміркі” пасрэднікам не давялося. Але многія з іх так і не былі адноўлены ў правах да канца жыцця....Дзейнасць цвярскога камітэта скончылася разгонам і расправай. Дзейнасць прыдняпроўскіх камітэтаў, праз шэсць год пасля іх арганізацыі, выбухнула магутным пажарам спачатку шляхецкага, а потым сялянска-шляхецкага паўстання. Адны пайшлі ў ссылку, другія – на эшафот і пад карцеч. Адны не дабіліся нічога, акрамя славы высакародных пакутнікаў, другія ўласнай крывёй купілі свайму народу неадкладную адмену грабежніцкіх часовых абавязкаў, выкуп зямлі і павелічэнне надзелаў.Але пакуль што да гэтага было далёка.Пакуль што губернскі камітэт, якім кіраваў пан Юры і ў складзе якога быў дэлегатам ад Сухадольскага павета стары Вежа (упершыню за пяцьдзесят з лішнім год пайшоў на грамадскую пасаду), лаяўся, ваяваў і штурхаў дваранскую масу на ўсё больш і больш левы шлях. Гэта ўдавалася рабіць таму, што пан Даніла з сынам асабіста раскатурхвалі дробную шляхту, якая мела права голасу, але ніколі дагэтуль ім не карысталася, не мела прыгонных і таму магла галасаваць за як мага больш ільготнае вызваленне чужых мужыкоў.Падтрымлівалі Загорскіх і буйныя землеўладцы.Сярэдзіна чартыхалася, але, сціснутая з двух бакоў, нічога не магла зрабіць. Пан Юры атрымаў нечаканую падмогу жонкі. Пані Антаніда была абурана царскім рэскрыптам....На абшарах імперыі сапраўды ішла бойка.Сярэднія і дробныя ўладары душ разлютавана крычалі супраць адмены. Звязаныя з рынкам багацеі патрабавалі неадкладнага скасавання рабства.Цалкам у духу рэскрыпта выступіў пецярбургскі камітэт. Праект Пятра Шувалава ўзнялі на шчыт самыя абрыдліва-правыя элементы. Пакінуць мужыку толькі прысядзібны ўчастак, прымусіць яго арандаваць зямлю на тых умовах, якія прадыктуе гаспадар. Пакінуць за сабою ўсю паўнату эканамічнай улады і значную частку юрыдычнай.Праекту Шувалава ў пэўнай ступені падтаквалі гаспадары Украіны і чарназёмнага поўдня. Палтаўскі праект патрабаваў, каб уся зямля па сканчэнню пераходнага перыяду падпала пад адчужэнне ад сялян і зноў была аддадзена ў рукі памешчыкаў. Калі ж мужык захоча купіць зямлю ў свайго былога пана, у другога пана ці ў казны – хай сам урад дае яму крэдыт. Ведалі, што пры ўбостве казны, спустошанай пенсіямі і марнатраўнай раскошай вярхоў, пры шматлікасці абяздоленых, якія будуць прасіць крэдыту, сума пазыкі можа быць толькі мізэрная.Значыць, сялянская сям’я з купленай зямлі не пражыве. Да былога ж гаспадара прыйдзе прасіць працы і хлеба. Нэндза прымусіць пірагі есці.