Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Супраць гэтага ўсеагульнага, з поўначы і з поўдня, віску прыціснутых і таму раз’юшаных уласнікаў, супраць гэтага ўзбаламучанага мора трэба было змагацца.Пан Юры разумеў: паддацца гэтаму – і канец, крах.I ён вырашыў змагацца за зямлю для сялян, пакуль будзе жывы. Узнімаць на гэта людзей, катурхаць іх, лаяцца, ціснуць на непакорлівых грашыма і ўладай.Праект Ункоўскага быў для яго таксама занадта правы.Ункоўскаму не трэба было біцца за грамадства, якое дыхае на ладан. Ён мог сабе дазволіць даць му-жыку зямлю за выкуп, які паможа яму, Ункоўскаму, і тысячам такіх сабраць капітал на новую гаспадарку. Ен мог крычаць аб тым, што за зямлю няхай мужыкі плацяць самі, а за мужыцкую волю памешчыкаў павінна ўзнагародзіць дзяржава.Параіўшыся, Вежа і пан Юры вырашылі паступова, але цвёрда, не падымаючы залішняга шуму, не грэбуючы нічым, нават грашовым прэсам, дабівацца ад як мага большай часткі прыдняпроўскага панства ажыццяўлення іхняга праекту.Дзве трэці зямлі, якой уладаў да вызвалення мужык, пераходзяць да яго без выкупу. Мала, але пражывуць. Адрэзаная трэць забяспечыць прыплыў рабочай сілы ў буйныя гаспадаркі. Выкуп за асобу намінальны, толькі каб не вякалі Шувалавы ды Позены, каб на пераходны перыяд трохі прытрымаць людзей і даць ім магчымасць асталявацца.Гэта была адзіная ўступка ўсёй гэтай хаданскай навалачы, якую яны вымушаны былі зрабіць.Энергічна рыхтаваліся свае людзі на ўсе пасады ў камітэтах. Праз Ісленьева ўдалося абалваніць губернатара Беклемішава да таго, што ён прызначыў “сваімі” членамі ў камітэт Юлляна Раткевіча і Януша Біскуповіча.Тыя адразу паставілі перад губернатарам яшчэ прапанову: выкуп мужыкамі астатняй, адрэзанай трэці зямлі. Губернатар засумняваўся. “Прызначаныя” паднялі галас, што ён хоча пазбавіць цукраварні і гуты рабочых рук. Беклемішаў падумаў хвілінку і падпісаў.Калі пасля гэтага “двойца” выступіла на зборні “ад імя губернатара” з гэтай прапановай – прыдня-проўскае “балота” аж вадун завадзіў. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але прывезеная панам Данілам дробная шляхта (гісторыя з прапановай Раткевіча трохі-такі навучыла Загорскіх метадам палітычнай барацьбы) пачала шумна гарлаць, ухваляючы прапанову.Усе магчымыя пазіцыі былі замацаваны. Што залежала ад мясцовай самадзейнасці – насыпана аж з коптурам. Цяпер калі нават “Палажэнне”, адрэдагаванае імператарам, адкіне ўсіх, хто зарваўся, назад, Прыдняпроўе яно адкіне не так далёка, як іншых. Людзям будзе лягчэй.Пан Юры памятаў, што яму дажываць, а дзецям жыць, і таму не мог не спытацца і іхняй думкі. Вацлаў, літаральна ўлюбёны ў Алеся, сказаў: “Я – як брат”.Вежа з сынам напісалі ў Пецярбург і атрымалі адказ. Алесь прасіў не заводзіць сваркі з Раўбічамі далей, як мага лепей даглядаць Гелену і дагаджаць ёй.Ён пісаў, што ў канцы студзеня тыдні на тры-чатыры прыедзе дадому і тады яны пра ўсё пагавораць.Пецярбург сустрэў нечаканай цеплынёй і сінім, празрыста-ясным купалам неба. Імкнулася да недалёкага мора Нява, свежы вецер дыхаў вялікімі абшарамі вады, чысцінёй, поўнымі ветразямі.У празрыстым паветры мякка ззяла золата купалоў і шпіляў. Плыў у небе карабельчык над адміралцействам. Фіванскія сфінксы, звыклыя да хамсінаў і спякотных пяскоў, глядзелі на імпэтную плынь.Свежыя ад вечнай вільгаці таполі над Мойкай, усе ў вясёлкавых кроплях ад нядаўняга дожджыку, нагадвалі ледзь распушчаныя павіныя хвасты.