Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

У гэтай паўночнай феерыі, у багацці вады і неба, у шчодрасці рукатворнай прыгажосці не было нічога ад горада-цмока, горада-драпежніка, што паступова аблытаў шчупальцамі дарог цела сваёй ахвяры – зямлі. Наадварот, нельга было не паддацца яго зачараванню.Кватэра, якую знялі для Алеся, была на Екацярынінскім канале. Кабінет, спальня і гасціная для паніча, пакой для Кірдуна з жонкай, дзве вялізныя кладоўкі, кухня. Усё гэта было ў бельэтажы, з балконам. Акрамя гэтага, гаспадар, збяднелы і ад год злёгку крануты ціхім розумам халасцяк старога роду, здаў яшчэ і сутарэнне: для хатняга дабра і прыпасаў.Алесю было цяжка гэта. Ён саромеўся раскошы, саромеўся таго, што ў яго будзе ўсё, а ў большасці студэнтаў амаль нічога (ён ведаў з лістоў, як жывецца, скажам, Кастусю, і ведаў, што яго, Алесева, багацце можа аддаліць яго ад сябра). Лепей за ўсё было б адмовіцца ад усяго, што ў яго было, зняць мансарду і есці ў кухмістарскіх.Але ён ведаў і тое, што кожны трэці студэнт канчае універсітэт з язвай страўніка, што сухотных сярод іх больш, як дзе. Ён не мог дазволіць, каб такое было з сябрамі і калегамі, тымі, якіх ён яшчэ не бачыў, але загадзя любіў.Давядзецца цярпець сорам, каб яны маглі часам есці ў яго, Алеся, атрымліваць сяды-тады безымянную дапамогу, жыць, зберагчы сілы, якія так ім спатрэбяцца праз некалькі год. Ён будзе вельмі роўны і таварыскі з імі, яны не будуць адчуваць розніцы ў становішчы. А свой сорам Алесь схавае ў кішэнь.Пачалі размяшчацца. Халімонава жонка, пісаная прыгажуня Аглая, лябёдкаю плыла па пустых пакоях, паказвала, якія дываны пасцілаць, дзе ставіць гадзіннік, як размясціць кнігі. Здаецца, адкуль бы ўзяцца, а ў яе на гэта быў такі прыродны талент.Лёгкая і падцягнутая, як струнка, з высокімі грудзьмі і высокай шыяй, яна паказвала людзям, куды што несці....Аглая ўбачыла, што Алесь глядзіць на яе, заўсміхалася і выгнала з дому.– Iдзіце-ідзіце. Уздзяўбурце што лепшае ды ў горад, у горад. Раней чым праз чатыры гадзіны – ані-ні. Нам прыбіраць, нам расстаўляць, мне – вячэру гатаваць, Кірдуну – ванную паліць...Нагрувашчання рэчаў, здаецца, нельга было разабраць і за тыдзень.– За чатыры гадзі-іны?– Можа, і за тры,– легкаважна сказала Аглая. – Хлопцы, столік-бобік унь сюды, ён за туалетны... Куды-куды?! На гэтым пісаць! Унь у той скрыні прыбор для пісання. Пятрок, распакаваць! Дзед Яначка, гэта сюды, паперы ў шуфляды. Крэсла дайце.Выгналі. Алесь стаў на мосціку з крылатымі львамі, паглядзеў у імклівую ваду і падумаў, што месца, дзе ён будзе жыць, і канал, і гэты мосцік ён паспеў палюбіць.Потым пайшоў у напрамку да Нявы, дарогаю спаймаў ліхача і загадаў яму павольна ехаць на Васільеўскі востраў.На растральныя калоны клаўся прыцемак.Цішыня і яснасць былі на душы. I дзіўна, яму не хацелася, каб ліхач ехаў хутка, хацелася трохі адцягнуць сустрэчу з Кастусём. Ён ведаў, што набліжаецца да парога, за якім не будзе ні яснасці духу, ні гэтага вышэйшага спакою, ні нават дарогі назад....На стук не адказаў ніхто. Алесь штурхнуў дзверы, і яны нечакана падаліся. Пакойчык быў невялікі. Сцяна насупраць дзвярэй нібы падала на таго, хто заходзіў. У нішы гэтай сцяны свяцілася апошнім святлом дня паўкруглае мансарднае акно. Вялізнае падвоканне замяняла стол. На ім стаяў кафейнік у карычневых пацёках і амаль пусты пачак нямецкай цыкорнай кавы. На адзінай талерцы, сярод позніх чорных вішань, ляжала луста хлеба.