Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Крэсла было толькі адно. Іншыя, відаць, замянялі пачкі кніг, крыж-накрыж перавязаныя аборкамі.На ложку, накрыўшыся з галавою саматканай, у шашачкі, посцілкай, спаў Кастусь: толькі цёмна-русыя валасы ляжалі на падушцы.– Кастусь!Спіць. Нібы пшаніцу прадаў.– Кастусь!Дрыхне.Алесь зняў кнігі з крэсла на падлогу, сеў... Спіць. Самога можна вынесці. П’яны, ці што? Ды непадобна на яго.Загорскі абводзіў вачыма каморку. Нездаровая. Пад самым дахам. Улетку, відаць, горача, узімку холадна. Успомніў, як ішоў у гэты пад’езд праз двор, поўны дзяцей, бялізны на вяроўках, гарачага туману, што валіў з акон сутарэння, як лез па страшэнна стромых сходах сюды, пад дах. Напэўна, у такім месцы жыў герой “Бедных людзей”. На цёмных сходах пахне мышамі, пялюшкамі, падгарэлай цыбуляй.Не, так жыць Кастусю ён не дазволіць. “Ну, адмовіўся ад урокаў – твая справа. За такую прынцыповасць цябе нават паважаць можна. Але чаму ж ты, чорт, не хацеў год папрацаваць у Вежы? I не мучыўся б цяпер.I цяпер жа не возьмеш. Не возьмеш, ведаю. Пазыкі будзеш прасіць ва універсітэцкага начальства, а не возьмеш у друга”.Унь пакой. Хіба так можна? Свечка ў свечніку стаіць на падлозе. Паласатая, як арыштанцкая калашына. Цёмная частка – светлая частка, цёмная – светлая. Верная адзнака, што ў гаспадара няма гадзінніка. Удзень жыве па стрэле гарматы ды па бою гарадскіх курантаў. Уночы – па такой вось свечцы. Палоска аднаго колеру згарае за гадзіну. “Студэнцкая” свечка. Немцы прыдумалі.А на сцяне адзінае ўпрыгожанне: выдзертая аднекуль пажаўцелая гравюра: “Сутычка Ракуты са Зверына і хана Койдана пад Крутагор’ем”.Алесь чарпнуў трохі вішань з талеркі. Пераспелых, чорных, кранутых нават птушкамі і таму вельмі салодкіх. Паклаў адну ў рот, старанна абсмактаў костачку і, надзьмуўшы шчокі, рэзка дзьмухнуў. Костачка папала вышэй валасоў на падушцы. Чалавек сеў....Алесь, аслупянеўшы, глядзеў на незнаёмы твар, ружовы са сну. Цёмна-русыя валасы, рот з надзьмутай ніжняй губой, маленькая зграбная рука растапыранымі пальцамі прычосвае кудлы.– Крыху нечакана, – сказаў чалавек. Загорскі не ведаў, што казаць. Невядомы апусціў вочы і ўбачыў вішні ў Алесевай руцэ.– Прыемнага апетыту.Тфу ты, чорт! Добра, што хоць гаворыць па-мужыцку. Зямляк.– Давайце адрэкамендуемся.– Ахвотна... Алесь Загорскі.– Князь? – у чалавека заўсміхаліся вусны.– Але.– Адразу відаць выхаванне, – паважліва, нават з некаторым здзіўленнем, сказаў чалавек. – Віктар Каліноўскі.– Вы?! Кастусь мне столькі расказваў.– Уявіце, мне ён расказваў пра вас таксама.Толькі тут Алесь убачыў няўлоўнае падабенства Віктара і брата. Адзін колер валасоў, толькі ў Віктара яны мякчэйшыя і не такія бліскучыя. I ніжняя губа. I вочы з залацістымі іскрынкамі. Толькі Віктар болыы худы і пластычны. На прыгожых запалых шчоках – няроўны румянец.– Кастусь прачакаўся. Даўно тут?– Некалькі гадзін. А дзе ён?– Пайшоў здабываць штосьці на вячэру. Давялося амаль усю маю месячную пенсію забіць на кнігі. Калі нічога не дастане – раздзеліце з намі вось гэта.Алесь паглядзеў на вішні ў далоні.– Чорт, – сказаў ён. – Як няёмка.– Нічога. Мы людзі свае. Скажыце, як там у вас справы? Як з Кастусёвай просьбай?– Якой просьбай? – удаў здзіўленне Алесь. Віктар глядзеў на яго ўважліва.– Добра, – сказаў ён. – Гэта добра. Усмешка была дабрадушная.“Свой”, – яшчэ раз падумаў Алесь і спытаў: