Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Як з вашай работай?– Ідзе. Сяджу над рукапісамі, як пацук, ды ад пылу чхаю.– Вы ў Публічнай бібліятэцы?– Я ў непублічнай бібліятэцы. Сяк-так плацяць.– Цікава.– Каб не было цікава, я не кінуў бы медыцыны для заняткаў гісторыяй.Віктар дастаў аднекуль з-за ложка скураную труб-ку, падобную на круглы пенал.– Вось адсыпаўся, каб уначы працаваць. Цішэй. А то на маёй кватэры ўдзень нельга. А мне трэба зрабіць апісанне.Ён разняў трубку і выцягнуў адтуль пергаментны скрутак.– Дрэнна скручваецца пергамент. Але як скруціцца, то і не раскруціш. Глядзіце.Жаўтаватая дарожка ляжала на яго каленях. Чорныя маленькія літары і кармінавыя вялікія.– Сапегаў ліст, – пяшчотна сказаў Віктар. – Бачыце, пячатка?Пячаць ляжала ў круглай срэбнай пушачцы, прымацаванай на шнурку да граматы. Кольца чырвонага воску з адбіткам.– Андрэеўскі папрасіў. Яму трэба па гісторыі філасофіі права. А ён нашай старой мовы – ані-ні.– Наша хіба мова?– Нягож, – Віктар надзьмуў губы. – Ды яшчэ і якая. Слухайце: “Пашто вам, чадзь русінская, за непраўдзівымі, але фальшывымі ганіці. Чаго таго хочаце, каб слова дзедзіч зберагчы або маетнасць сваю?.. Слова хоцечы зберагчы – мецьмеце вечнасць. Маетнасць адну хоцечы собе прыўлашчыці – морд душы атрымаеце”.Зграбныя доўгія пальцы трапяталі над дакументам. I гэта быў рух такой пяшчоты, што рабілася не па сабе. Так пальцы сляпога часам трапечуць над абліччам самага роднага чалавека, не дакранаючыся да скуры, а проста адчуваючы яе цеплыню.– Бач, словы якія?! “Каразн” – гэта азначае страта, пакаранне смерцю. Забылі слова! – ён нібы ўзважваў словы на невідочных шалях. – Каразн – пакаранне смерцю. Тфу!.. Або восы “пляснівы конь” – гэта шэры, мышасты. Плесняю пахне слова, прыцемкам, склепам.Алесь глядзеў на аблічча гэтага дзівака і адчуваў, што палюбіць яго.– Або “плюта” – гэта нягода. А вось “сок”, ад слова “сачыць”. А мы ўзялі дурное “розыск”... А от глядзі-глядзі: “талкавіска” – месца, вытаптанае коньмі падчас бітвы. Або “клявец” – востры молат, каб насякаць жорны. Забылі!– Чаму? – сказаў Алесь. – У нас і цяпер клявец. Падчас паўстання мужыкі і імі валяць.– Не можа быць? – Віктар запісваў.– Але.– Або вось “лезіва” – вяроўка, каб лезці па борць... Забылі. Усё забылі... Вось так і жывём. Вывуджваем па слоўцу з каламутнага мора.“Дзівак, – зноў падумаў Алесь. – Бяскрыўдны запылены дзівак. Корпаецца ў рукапісах, ведае, відаць, усё да дробязі пра Беларусь і Літву, жыве старажытнасцю і пляваць хоча на сучаснасць. Архіўны юнак”.– Скажыце, – спытаў ён, – вы сапраўды думаеце, што гэта патрэбна сённяшняму дню?Віктар суха кашлянуў. I раптам Загорскі ўбачыў, што добрае, трохі разгубленае ад ціхага замілавання аблічча нібы падсохла і стала жорсткае. Рахманыя вочы востра звузіліся. Пульхная ніжняя губа падабралася пад верхнія зубы. Ясна было, адкуль гэта пакусванне ў Кастуся.– Што ж вы маўчыце? – спытаў Алесь.– А што гаварыць? Варты жалю той, хто не ведае былога дня і таму не можа разабрацца ў сённяшнім і прадбачыць будучы... Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта – чалавек ці народ.Віктар нечакана ўсміхнуўся. Відаць, прыйшлі ў галаву новыя думкі, і ён адразу забыў пра сваё раздражненне.– Вы не заўважалі, што найбольш хлусяць у гісторыі? I якраз тыя, што найбольш крычаць аб сённяшнім дні і рэкамендуюць былое як альбом з цікавенькімі малюнкамі. Ну, хаця б мой непасрэдны начальнік барон Мадэст Корф1, нямецкая каўбаса на імперскай рускай службе. Нашто ім хлусіць, калі гісторыя – было і быллём парасло?