Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Алесь скоса зірнуў на бесклапотныя абліччы сяброў.– Ану іх, абрыдла, – сказаў Кандрат.– Папоўская дзікасць, – азваўся Мсціслаў. – Толькі і добрага, што паскі. Давайце, хлопцы, паспрабуем напіцца.– Чаму не, – сказаў Алесь.Здаецца, не бачылі. І гэта добра.Ён ішоў і бачыў людзей. Мужыка, што стаяў як перад плахай, дзяўчыну ў сіняй з золатам хустцы, бабу ў намітцы, якая па дурасці і цямноце падпявае пеўчым замест “І сушчым ва грабех жывот дараваў” – “і сухі верабей заплот паламаў”, – усё гэтае мора, якое звалася яго народам....Сябры селі на коней. Мсціслаў кінуў Кандрату павады заводнага каня.Кандрат узвіўся ў сядло апошні, і, калі паглядзеў на занадта простую постаць дзядзькавага брата, рукі ў яго самі сціснуліся на павадах: “Д-добра”.З месца ўзялі ўгалоп. Проста ў ноч, пад зоры......Яны не бачылі сумятні, якая раптам пачалася сярод натоўпу, калі людзі сталі заходзіць у царкву.Міхаліна Раўбіч упала непрытомная.Палала смала. І проста пад высокія зоры ўзляталі галасы. Пяялі канон Дамаскіна “Уваскрэсення дзень”....Коні ляцелі ў ноч.У гэту ноч сябры вельмі моцна выпілі ў самай захудалай, самай беднай прыдарожнай карчме... А раніцай пан Яраш, давёўшы, урэшце, дачку да памяці распытаўшы яе, якая была прычына млосці, пахаладзеў ад думкі, што на родзе цяпер можна ставіць крыж.– Ты разумееш, што ты нарабіла? Нават ворагу... Гэта толькі абрад, дзяўчо ты!Яна не сказала больш ніводнага слова. Два дні Раўбічы чакалі. Пасыльны з Загоршчыны так і не з’явіўся. Выкліку на дуэль не было.І тады пан Яраш і Франс расцанілі гэта як “помсту пагардай” з боку Загорскіх і тое, што Алесь сапраўды быў вінаваты. Правіна не напалохала іх. Помста пагардай – вельмі. Ім трэба было маўчаць аб гэтым. Толькі ім двом, якія ведалі.Прымірэнне было ўжо немагчымае. На землях, якія ляжалі побач, на водах, якія плылі побач, сядзелі цяпер смяротныя, непрымірымыя ворагі.На радаўніцу ўсе ў наваколлі даведаліся, што Міхаліна Раўбіч заручылася з графам Іллёй Хаданскім.

VНіхто не ведаў, што, вырашыўшы да канца зняважыць сябе, Міхаліна назнарок дазваляе сабе не вельмі – а лепей сказаць – зусім невысакародныя выхадкі, знаходзячы нават у гэтым нейкую помслівую асалоду. Таму бадай што ўсе здзіўляліся з яе дзіўных учынкаў, якіх нельга было ні зразумець, ні растлумачыць. Яна напрыклад, запрасіла Мсціслава на заручыны: – Будзеце трымаць корд жаніха, – ласкава схіліла галаву. – Або мой шлейф. І ў тым і ў другім выпадку – сябра дому... Назаўсёды... І потым, я ведаю, што лепшага сведкі такой важнай для мяне падзеі не будзе. Ён паўсюль будзе расказваць пра яе праўдзіва... поўна... цікава.Мсціслаў глядзеў на прыўзняты ражок прыгожых вуснаў, на нявінныя вочы, на ўвесь воблік гэтай дзяўчыны, і яму рабілася страшна, што ён мог быць закаханы ў такую. Ён, аднак, не даў зразумець сваіх пачуццяў. Схіліўся залацістай галавою і ветліва сказаў:– Я ў такіх справах вам не сябра, Міхаліна Яраслаўна.Назваў па бацьку, чаго Прыдняпроўе бадай не ведала. І ў голасе было такое прыхаванае глыбокае асуджэнне, што Майка апусціла вейкі. А таксама быў закаханы...– Прыемна хаця, што ў вас засталіся сякія-такія рэшткі сораму за зробленае, – сказаў Мсціслаў. – Мяркую, яны вам яшчэ спатрэбяцца. Як і рэшткі пакут сумлення.Яна ўскінула бровы. Спалохана.– Хаця ад душы спадзяюся, што справа не зойдзе так далёка. Няма з-за чаго.