Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Страшнавата.– Нічога не страшнавата.На сходах загучалі крокі. Твар гісторыка расплыўся ў хітраватай усмешцы. I гэтая ўсмешка была такая дзіцячая, што чалавек, відавочна год на пяць старэйшы за Алеся, здаўся яму юнаком, якому толькі дурэць і сваволіць.– Ідуць, – сказаў Віктар. – Хавайся.Алесь стаў ля дзвярэй, каб, адчыненыя, яны засланілі яго.Тупат набліжаўся. Алесь бачыў удавана абыякавы твар Віктара. Потым дзверы закрылі яго. Зайшло некалькі чалавек. Высунуўшы галаву з-за дзвярэй, Алесь убачыў Кастусёву патыліцу.– Так, – сказаў Кастусь. – Дастаў, што праўда, пяцьдзесят капеек, дык вось хлопцы галодныя.– Ясна, – Віктар пачухаў патыліцу. – Добра, зараз падумаем, што на ўсё гэта зрабіць. I раптам нібы ўспомніў:– Дарэчы, Кастусь. Тут да цябе нейкі чалавек заходзіў. Даліктун такі – фу-ты ну-ты! Чакаў. Паспрачаліся мы тут з ім. Дык ён замест адказу выкарыстаў апошні ў палеміцы доказ: плюнуў мне ў галаву вішнёвымі костачкамі дый дзвярыма ляснуў.– Вечна ты так з людзьмі, – сказаў Кастусь. – Што, праўда – плюнуў?– Каб мне бацькаўшчыны не ўбачыць!– Ч-чорт. Ты хоць прозвішча запомніў?– Ды гэты... Як яго?.. Ну-у... Заборскі?.. Заморскі?.. Загорскі, вось як! Сказаў, што нагі больш ягонай тут не будзе.Кастусь сеў на кніжны стаўбунок.– Віктар... Ты што ж гэта нарабіў, Віктар?– А што? – сказаў Віктар. – Падумаеш! Алесь выйшаў з-за дзвярэй і стаў сярод неўразумелых хлопцаў.– Ды ідзі ты да д’ябла! – выбухнуў Кастусь.– Зараз, – сказаў Загорскі.Кастусь павярнуўся і лыпнуў вачыма. Хлопцы зарагаталі. Каліноўскага нібы падкінула.– Алеська! Не пайшоў! Алеська!Яны малацілі адзін аднаго па плячах і спіне так гучна, што рэха ляцела.Хлопцы вакол глядзелі на іх і таксама ўсміхаліся шырока і шчыра. Толькі ў аднаго, высакаватага і тонкага шатэна, усмешка была паблажлівая. Усміхаўся, нібы ласку рабіў.– Вой, хлопцы, – спахапіўся Кастусь. – Як жа гэта?! Знаёмцеся. Гэта па-старому князь, а па-новаму грамадзянін Загорскі. Зваць яго – Алесь. Добры і свой хлопец. Таму ўсе вы да яго павінны звяртацца на “ты”. I ты, Алесь, пра “вы” забудзь. Французяціну гэтую – прэч. Мы тут усе – браты.Першы, працягваючы руку, сказаў па-мужыцку:– Хвелька Зянковіч. З універсітэта. Дражняць абрыкосам, – вінавата ўсміхнуўся ён. – Вядома, не ў вочы.– Не буду, – сказаў Алесь.– I не раю, – сказаў Віктар. – Ён у нас у гарачай вадзе купаны.Другі хлопец яшчэ тады, калі моўчкі глядзеў на сустрэчу сяброў, прыцягнуў увагу Алеся. Чыстае строгае аблічча, суровае і змрачнаватае на выгляд.– Я з ляснога інстытута, – усміхнуўся хлопец.Па-руску ён гаварыў з даволі прыкметным польскім акцэнтам. Асабліва прыемна гучала ў некаторых словах “л”, па-дзіцячы падобнае на “в”.– Прозвішча маё Валеры Урублеўскі.– Палясоўшчык будзе, – іранічна ўставіў непапраўны Віктар. – I знаеш чаму?– Ну? – мякка спытаў Валеры.– Ён, праз абмежаванасць разумовых здольнасцей, з усяго “Пана Тадэвуша” сяк-так зразумеў толькі адзін слупок:Помнікі наше! Іле ж цо рок вас пожэра Дый вырашыў, што найлепшы шлях для змагання з урадавым уціскам – ахова лясоў.– Маеш рацыю, – падтрымаў гульню Валеры. – Сякуць лясы, здзіраюць шкуру з зямлі. А Польшча, дый твая Беларусь, да таго часу і жывуць, пакуль ёсць пушчы. Не будзе дрэў – і іх не будзе. – Алесь раптам заўважыў амаль сур’ёзныя ноткі ў хлопцавым тоне. – Так што дазваляйце, хлопчыкі, секчы, дазваляйце.