Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Урублеўскі ўсміхнуўся.– I потым, чаму здзіўляцца? Я ж паляк. Як паўстанне – куды я заўсёды бягу? “До лясу”. Іншай дарогі мне бог не даў. То што мне, дазваляць секчы сук, на якім сяджу?– Ты можаш з ім і па-польску гаварыць, калі табе зручней, – сказаў Віктар. – Ён трохі ведае.- Чаму? – сказаў Валеры. – Я па-беларуску таксама ведаю.I скончыў па-беларуску:– Гаварыць будзем, як выпадзе. Як будзе зручней. Праўда?– Праўда,– сказаў Алесь.Поціск рукі Валерыя быў прыемны і моцны.– Ану я, – сказаў наступны, моцны хлопец са строгімі вачыма. – Дайце я гэтага дружбістага сябрука-земляка за бакі патрымаю... Здароў, малец!Хлопец гаварыў, як гавораць беларусы з некаторых мясцін Гродзеншчыны. Не націскаючы на “а”, вымаўляючы яго як нешта сярэдняе між “а” і “о” – “гэто-го”. I, аднак, ён не быў падобны на “грака”. Можа, з віцебскай глушыні?“Урэшце, чорт з ім. Сімпатычны хлопец”.– Во, малец, зваліўся ты ў гэты мярлог. – Голас у хлопца быў спеўны. – Нічога, тут хлопцы добрыя. Буршаваць2 будзем... Зваць мяне Эдмунд, як, ты скажы, нейкага там рыцара Этэльрэда. Віктар лічыць, што я памылкова з такім імем нарадзіўся ў дзевятнаццатым, што трэба было мне семсот год назад нарадзіцца. I правільна: прынамсі, не бачыў бы яго... а прозвішча маё – Вярыга...Апошні з хлопцаў, той самы высакаваты шатэн, што паблажліва ўсміхаўся, падаў Алесю цвёрдую, але безжыццёвую руку.– Юзаф Ямант, – сказаў ён па-польску. – Вельмі мне прыемна.– Таксама мне прыемна, – адказаў па-польску Алесь. – Ты з дняпроўскіх Ямантаў, таварыш?– Не.– А адкуль? Дзе зямля таварыша?Юзаф трохі сумеўся:– Мой бацька павераны і аконам князя Вітгенштэйна. Маёнтак Самуэлава.Алесь трохі здзівіўся. Выгляд у Юзафа быў такі, нібы ён сам князь Вітгенштэйн. I, аднак, Загорскі не паказаў свайго здзіўлення.– Нешта мне знаёма тваё аблічча, Юзаф. Дзе вучыўся?– Скончыў Віленскі шляхецкі інстытут.– Ну от. Значыць, пэўна бачыліся. Я скончыў гімназію ля святога Яна.– Чаму так? Вы ж князь?– Бацькі палічылі, што лепей, калі я буду вучыцца сярод больш-менш простых і харошых хлопцаў. Каставасць і фанабэрыя – усяго гэтага і так замнога сярод дваран.Валеры выставіў ніжнюю губу. Эдмунд Вярыга падміргнуў Алесю.Загорскі ўбачыў, як прыпухлыя павекі хворых вачэй Яманта часта заморгалі. Юзаф змяніў тэму гаворкі.– Пан цалкам прыстойна гаворыць па-польску. Нават з тым акцэнтам, што ўласцівы...– Выкладчык быў з наваколля Радама, – сказаў падкрэслена Алесь. – З маёнтка Пёнкі.– Мне вельмі прыемна, што пан вывучыў мову, на якой гаварылі яго продкі.– Ямант-мамант, – буркнуў Віктар Каліноўскі. Алесь паціснуў плячыма. I тут умяшаўся ў размову Валеры.– Зноў? – спытаў ён у Яманта. – Ану кінь! Мала табе непаразуменняў?– Што ж мы, хлопцы, будзем з усім гэтым рабіць? – выпраўляў становішча Віктар. – Хіба Эдмунда паслаць, каб купіў у кілбаснай абрэзкаў. Там немачка маладая аж дужа яго вокам адзначыла. А як жа! У паўночным духу мужчына. Вікінг! Апалон, злеплены з тварагу!Эдмунд смяяўся:– А што? Хіба дрэнны?– Для яе, відаць, не дрэнны. Ружавее, як півоня. Кніксен за кніксенам: “О, гер Вя-ры-га! Жартаўніч-ка! Што вы?!” Вось ажэнішся – мы да цябе ў госці прыйдзем, а ты сядзіш, кнасцер курыш. Дзяцей вакол – плойма. А пад галавой падушачка, і на ёй вышыта: “Morgenstunde hat Gold im Munde” – у ранняй, значыцца, гадзіне золата ў вуснах.– А ён усё роўна да паўдня дрыхне, – падтрымаў Віктара Валеры.