Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Я і кажу. I вось ён нас частуе. Адно яблыка парэзана на скрылёчкі і па ўсёй вазачцы раскладзена, каб больш было.Вярыга не пакрыўдзіўся. Пацягнуўся і гулка ўдарыў сябе ў грудзі.– Чэзлая ў вас, хлопцы, фантазія. I гумар такі самы. Імпатэнцкі. А жыццё ж багацейшае. Паўнакроўнае яно, рагоча, кпіць, жарэ. Не з вашымі мазгамі вышэй за яго ўстаць. Заходжу я туды і паважна так кажу: “Фунт кілбасных абрэзкаў для майго сабакі”. А яна мне: “Вам загарнуць ці тут будзеце есці?..” Во як! А вы лезеце з посным рылам... Хлопцы зарагаталі.– Вось што, хлопцы, – сказаў Алесь. – Пакіньце вы гэты паўрубель на сняданне.– У мяне прынцып, – сказаў Вярыга. – Нічога не адкладвай на заўтра, акрамя работы.– Не, сур’ёзна. Хадзем да мяне. Павячэраем, пасядзім, пагамонім.– Нязручна, – сказаў Кастусь. – Толькі прыехалі – нa табе хеўра.– А не жэрці зручна?– Усе збянтэжыліся.– Ну, кіньце вы, сапраўды. – Алесь пачырванеў: пачыналася. – На апошняй станцыі яшчэ Кірдун купіў жывых ракаў. “Дзіва, кума, а не ракі. Адным ракам поўная торба... і клюшня вон тырчыць”.Вярыга абвёў усіх вачыма і падкрэслена аблізнуўся.– Ён да цябе цяпер заўсёды хадзіць будзе, – сказаў Віктар. – Зойдзе і па-руску: “Есть есть?” А ты яму: “Есть нет”.– Калі ласка, – перасек жарт Алесь. – Заўсёды буду чакаць.Хлопцы муляліся, але пачыналі здавацца.– Дык, кажаш, і ракі? – спытаў Вярыга.– I ракі.– А да ракаў?– Як належыць. Белае віно.– Белае?– Белае.– Хлопцы, – прастагнаў Вярыга. – Хлопцы, трымайце мяне. Трымайце мяне, бо я, здаецца, не вы-тры-ма-ю.– Вось і добра, – сказаў Алесь. – Хадзем хутчэй.Яны ішлі Неўскай узбярэжнай. Недзе далёка за спіной гучалі галасы астатняй кампаніі. Хлопцы назнарок адсталі, каб пакінуць сяброў удвох.– Вось і ўсё, што я магу табе сказаць, – скончыў Алесь. – Такія, як Кроер, каб менш зямлі мужык атрымаў бясплатна, шкодзяць бацькаваму праекту. Загадзя адбіраюць у хлопа палову надзела, ды яму ж, за грошы, здаюць “у арэнду”. Страты ніякай. А пасля вызвалення скажуць: “Трымай, мужык, палову надзела ды не вякай...” А бацьку: “Маршалак, прабачце, але апошнія гады яны гэтай паловай не ўладалі. У арэнду бралі”. Дзед на такіх сяк-так цісне, але цяжка.– Нічога, – сказаў Кастусь. – Больш людзей косы возьме, як прыйдзе бунт.Звонка гучалі крокі. Імкнулася да мора магутная рака. Над горадам ляжала светла-сіняя, амаль празрыстая ноч.– У Мсціслава маці памерла, – сказаў Алесь. – Хварэла даўно. Вечна па водах. Астаўся ён васемнаццацігадовым гаспадаром. Але зрабіць пакуль нічога не можа. Трохі не хапае да паўналецця.– А што ён павінен зрабіць?– Тое, што і я, як гаспадар стану. Адпусціць людзей.– Думаеш, дадуць?– Могуць не даць. Тут ужо – зрабіў дый стрэлу чакай.– Вось так яно і ёсць.Яны ішлі, абняўшыся за плечы.– Як з маёй просьбай? – спытаў Кастусь.– Я пагаварыў з усімі хлопцамі “Чартапалоху і шыпшыны”. Я кім пагаварыў, каму і напісаў. Хлопцы думаюць па-ранейшаму. “Братэрства” не распалася.– Як добра!– Мсціслаў, Пятрок Ясюкевіч, Мацей Біскуповіч, Усяслаў Грыма... ну, і я. Мы ўпяцёх узяліся за людзей, якіх ведалі. Разумееш, у хлопцаў справа пайшла весялей. А ў нас з Мсціславам нешта цяжка. Адчуваю: перашкаджае нешта. Ведаю, свой чалавек, з якім гавару, а ён муляецца ды ўсё некуды нібы хаваецца.– Што, мяркуеш, прычынаю?– Мяркую, у Прыдняпроўі ёсць яшчэ адна арганізацыя. І вялікая. Шмат людзей яднае... Нехта рыхтуе вялікі закалат... Нехта бунт рыхтуе.