Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Памаўчаў.– Доўга думаў, хто мае дачыненне. Вырашыў глядзець, хто з сумленных людзей, з тых, хто бачыць падлейшую нашу сучаснасць, а ходзіць вясёлы і бадзёры. Бачу: Раткевіч Юллян, Біскуповіч Януш, іншыя. А гэта ўсё людзі Раўбічавага кола. Успомніў адну падзею, на якую ў той час не звярнуў увагі. I займеў вялікае падазрэнне, што не абыходзіцца там і без пана Яраша.– Пагаварыў бы.– Нельга, Кастусь... Смяртэльныя мы ворагі з Раўбічамі.– Ты што? З панам Ярашам, з Франсам?– Але...– Ды ты што? Ды ты як? А Майка?– Цяпер памірыліся цішком. Ніхто нічога не ведае.Кастусь схапіў яго за плечы і патрос:– I ты думаў, што вы нарабілі?! Ах, шкада якая! Ах, які жаль! – Кастусь, як заўсёды ў хваляванні, гаварыў цяжка, з запінкай, блытаў словы.– До аб гэтым, – сказаў Алесь. – Паспрабуем самі потым разабрацца. Дык вось, гаварылі мы з хлопцамі многа. Між іншым, і з тымі, што за нас тады заступіліся. Выбіралі вельмі асцярожна. Рафал Ржэшэўскі згадзіўся. Яшчэ хлопцы... Сашка Волгін згадзіўся. Доўга думаў. А потым кажа: “Мне, хлопцы, акрамя вас, дарогі няма”.Хлопцы ішлі праз светлую, празрыстую ноч.– Колькі ў вас людзей? – спытаў Каліноўскі. Алесь дастаў з кішэні сшытак без вокладкі.– На... Мы пакуль што з’ядналі ў гурт сто шэсцьдзесят чатыры чалавекі.– Надзейныя?– Да канца, – вельмі ціха сказаў Алесь. – На жыццё дык на жыцце, а калі на смерць, то і на смерць.– Я веру, што ты – да канца, – пасля доўгага маўчання сказаў Каліноўскі.– Ты павінен ведаць усё, дружа. Толькі ўлічы: пасля таго, што я табе зараз раскажу, дарогі назад не будзе... У нас ёсць свая арганізацыя, “накшталт зямляцтва”. Гэта – для іншых. Назва “Агул”. Гэта палякі з усяго захаду, нашы беларусы, літоўцы. Трохі менш людзей з Інфлянтаў. Скажам шчыра, зусім мала ўкраінцаў. Колькасць членаў-студэнтаў нешта каля пяцісот чалавек. Людзі розныя. Адны проста за паўстанне заняволеных, другія – за нацыянальны рух, трэція – за аўтаномію... Вонкава дзейнасць зямляцтва заключаецца ў самаасвеце і дапамозе бедным студэнтам. Таму ёсць свая каса, узносы, свая бібліятэка. Грошы сапраўды ідуць незаможным. З бібліятэкай больш складана. Там забароненыя творы Міцкевіча, Лелявеля, нашы ананімы, руская патайная літаратура. Герцэн, напрыклад, амаль увесь. I “Дылетантызм”, і “Лісты”, і амаль усе зборнікі “Полярной звезды”, а з гэтага лета і “Колокола”. Ну, а потым – Фур’е, немцы, іншыя... Шмат чаго ёсць. Тыя людзі, якія карыстаюцца гэтай часткай бібліятэкі, – ёсць ядро. Не думай, што трапіць так лёгка. Наогул, у нас тры ступені. Пяць членаў “Агула”, якія добра ведаюць адзін аднаго, рэкамендуюць у “Агул” чалавека, за якога могуць паручыцца... Пяць чытачоў падспуднай бібліятэкі могуць рэкамендаваць у яе чытачы таго з членаў “Агула”, якому яны вераць і якога ведаюць. Я гаварыў пра цябе. Сябры з верхняй рады пад маю асабістую паруку дазволілі мне, мінаючы ступень “Агула”, увесці цябе непасрэдна ў склад асабліва давераных. Я расказаў пра цябе як на духу. У нас не хапае людзей. Асабліва з Прыдняпроўя... Мы ставім цябе на асобае становішча чалавека, аб удзеле якога ў верхняй радзе амаль ніхто не будзе ведаць.– Дазвольце спытаць, чым абавязаны?– Цалкам наш. Не крыўдуй, я таксама быў у такім становішчы. Яшчэ і цяпер мяне ведаюць менш, чым іншых. Такому лягчэй звязваць людскія ніці ў адну сець. Ты і яшчэ некалькі чалавек будуць як рэзерв на выпадак правалу асноўнага ядра. Улічы, што табе вельмі вераць. Я сказаў, што ты думаў аб перавароце і пачаў рабіць першыя крокі да яго на некалькі год раней за мяне.