Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Ну, што ты...– Маўчы. Дык вось. Трэцяя ступень. Гэта скарбнік, бібліятэкар агульнай бібліятэкі, яшчэ два члены і бібліятэкар падспуднай бібліятэкі...– Гэта хто?– Я... А ўсяго, значыць, пяць. Гэтыя пяць складаюць верх “Агула”, ніхто не ведае, што ён ёсць. Наверсе толькі агульны бібліятэкар і скарбнік. Як усюды. Скарбнік і бібліятэкар маюць права рашаючага голасу. Але гэта ва ўсіх зямляцтвах так. На самай справе наша пяцёрка рэкамендуе людзей, да якіх прыгледзеліся, сувязному. Той займаецца з рэкамендаваным асабіста. Дае яму кнігі, спрачаецца па розных пытаннях і, падрыхтаваўшы, рэкамендуе далей.– Гэта Віктар, – сказаў Алесь.– Чаму так думаеш?– Хто ж яшчэ можа лепей кіраваць чытаннем, раіць, якую кнігу чытаць?– Маеш рацыю. Тут не толькі я, тут большасць абавязана яму... Выбраныя ім людзі трапляюць у гурток, назва якому, для дурных, “Літаратурныя вечары”.– I ў гэтым гуртку ты, Віктар і яшчэ з тых, каго я ведаю, бадай, Валеры.– Тфу ты, чорт, – сказаў Кастусь. – Ішоў бы ты на месца Пуціліна1, кучу грошай зарабіў бы.– Кінь, Кастусь, я проста цябе ведаю. Я проста сем год пражыў са старым Вежам. А гэта, брат, школа. Ну, што “Вечары”?– Ты трапіш туды. Спадзяюся, хутка. Людзі там выключныя. Па-першае, галава: Зыгмунт Серакоўскі. Пра гэтага я табе пісаў. Сем год ссылкі, сем пядзяў у лбе, сем дабрачыннасцяў. Пра астатніх пакуль не трэба. Сам убачыш. Дый кола іхняе ўвесь час пашыраецца.– Палякі?– Розныя.– Што думаюць пра нас?– Частка думае вось так. Паўставаць – разам. Лёс Беларусі і Літвы – плебісцытам яе жыхароў. Значыць, або самастойная федэрацыя, або аўтаномія ў межах Польшчы, палітычная і культурная. Як скажа народ. Урублеўскі, напрыклад, лічыць, што плебісцыту нельга дапусціць ні ў якім разе пры цяперашняй слабой народнай самасвядомасці. Ён так і кажа, што проста Польшчы трэба адмовіцца ад правоў на Беларусь і Літву, паколькі ў свой час дваранства страшэнна скампраметавала самую ідэю такога саюза. Добрыя суседзі, браты – вось і ўсё.– Чаму ты кажаш “частка”? – спытаў Алесь. – Хіба ёсць такія, што іначай думаюць?Каліноўскі спахмурнеў.– У тым і справа, што з самага пачатку існуе пагроза расколу. Я кажу: лепей з самага пачатку адзгоднікаў, шавіністаў, патрыётаў ад касцёла і розгі – вызваліцца. Распусціцца для выгляду, а потым – верным і чыстым – ткаць сцяг нанава. Прынамсі, еднасць.– Па-мойму, верна. – Зыгмунт пратэстуе, – са скрухай сказаў Кастусь. – Залішняя вера ў суседа, залішняя даверлівасць.– Хто б вінаваціў, – сказаў Алесь. – І ты не лепшы.– Што? Праўда хіба? – спалохаўся Кастусь.– На жаль, праўда.– Разумееш, са свайго боку Зыгмунт мае рацыю. Занадта нас мала. Калі выкінуць іх – астанецца нас купка. І потым, да пэўнай мяжы нам з імі ісці адной дарогай. Мы за волю, яны за незалежнасць.– А потым што – здрада?– Я і кажу. Эдвард Дэмбоўскі2 разумеў паўстанне як трэба. Перш за ўсё воля і роўнасць усіх людзей. Але мы пакуль што вымушаны ісці на саюз з імі. Мала нас. Ах, чорт, мала!– Хто яны?– Белыя. Так мы іх называем. “Ах, радзіма! Ах, веліч! Ах, слава!” Знаеш, нашто ім бунт? Каб прывілеяў сваіх не згубіць, каб да ўлады дарвацца.– Досыць паскудна.– Спяць і ў сне бачаць свайго караля, сваіх айцоў царквы, свае прыёмы, балі, сваю паліцыю, сваіх катаў на айчынных эшафотах. Хоць паршывае, ды сваё.– Песня знаёмая, – сказаў Алесь. – Лізагубава песня. Дый сёння я яе чуў.