Гост 95 пояса предохранительные promsiz-tm.ua.

Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Дзе?– Ад Яманта. Не падабаецца мне Ямант, Кастусь.– Ну, Яманта да іх не мяшай. Ямант ідэаліст.– Табе лепей ведаць. Але белых я, на вашым месцы, гнаў бы.– Будзеш разам са мною біцца?

А што я – сюды маліцца прыехаў?– Добра, – сказаў Кастусь. – Руку.– А яшчэ хто ёсць?– Яшчэ, як усюды, балота. I палітыкі ім хочацца, і дыпломаў, і каб царства божае само прыйшло. Надта ж ужо ім не хочацца бойкі да зубоў. Крычаць, што гэта толькі ўжо калі нічога зрабіць будзе нельга.– Гэтых трэба пераконваць.– Але... Ну і, урэшце, мы. Чырвоныя.– Гэта ясна. Паўстанне. Сацыяльны пераварот. Гэта па мне.Кастусь глядзеў на яго трохі здзіўлена.– Вырадак ты, Алесь. Табе па паходжанню, сувязям самы рэзон да белых. Яны багатыя, а мы – галота. Яны лібералы, мы – якабінцы і сацыялісты. Яны збіраюцца цэрквы ды заводы будаваць, мы...– До, – сказаў Алесь. – Распеўся. Сам кажаш, што яны пераважна з царства польскага. А я беларус. I калі ўжо яны аб уладзе над маёй зямлёю крычаць, то ім не сябра. Мне свая каліта не дарагая. Мне мая зямля дарагая. Яна мне патрэбна. Вы за яе – значыць, я з вамі. А тое, што я князь,– справа дзесятая. Нікога гэта не цікавіць. А мяне менш за ўсіх... Давай спынімся ды пачакаем хлопцаў. Вось мы і дома....Усе сядзелі за сталом і елі, аж за вушамі пішчала, калі Аглая паклікала Алеся за дзверы.Стаяла перад ім, прыгожая, уся як літая, гаварыла ціха:– Хлопцы якія! Ну, Кастусёк – гэтага ведаю. Але ж і астатнія! I паляк гэты! А ўжо Эдмунд гэты... Трымайцеся за іх, паніч!– Збіраюся.– Вой, хлопцы!– Што, пацалавала б?– А што, грэх?Аглая раптам пасур’ёзнела.– Я не тое, паніч. А пра другое. На гэта я дазволу пытацца не буду. Будуць яны да нас хадзіць?– Абавязкова.– Паніч... Вы Віктара запрашайце. Часцей за ўсіх. Як убачыце, то і запрашайце. Нават самі шукайце і запрашайце.– Што, спадабаўся?Жанчына адмоўна паківала галавою:– Сухоты ў яго. I подаўна ўжо...– Ты што? Ды ён мне сам казаў, што здаровы як конь. А ён жа медык.– Значыцца, сам не ведае... Карміць трэба, карміць. Мёд, масла, сала, мядзведжы тлушч. Салам заліць.– Не вярзі. У яго, у такога хлопца?..– Смерць што, выбірае? Паніч, слухайцеся мяне. Ён не бачыць, усе не бачаць. А я добра бачу... Думаю я, ці не позна ўжо.Алесь урэшце паверыў і схаладнеў.Са сталовай даляцеў залівіста-вясёлы смех Віктара.Снег. Снег. Тое надвор’е, у якое шляхціц Завальня ставіў на акно свечку. Дуйка. Белыя вужакі, стаўшы на хвост і ўзняўшы ў паветра цела, дзесяткамі трапечуць і згінаюцца над кожнай вострай гурбай.Праз слюдзяныя акенцы кібіткі відаць, як не хоча ляжаць на месцы снег, як ён імкнецца ў чорныя лясныя нетры, як заінелі крыжы коней.Да Вежы яшчэ далёка. Хіліць спаць.Каб не заснуць, Алесь думае. Аб хлопцах з “Агула”, аб сустрэчах у яго на кватэры (дабіўся-такі гэтага!), аб тым, што за гэтыя пяць месяцаў арганізацыя павялічылася на семдзесят два чалавекі. I дзесяць хлопцаў з “Агула” аддалі Віктару.I яшчэ аб тым, што гурток Серакоўскага пачынае рабіцца сапраўднай нелегальнай арганізацыяй і ўвосень можна будзе ўжо думаць аб справах, аб планах на будучае.З усмешкай успаміналася адна з апошніх спрэчак. На тэму – што рабіць, акрамя падрыхтоўкі паўстання, тым, хто з памешчыкаў. Ямант вёрз нешта аб тым, што трэба пераконваць сваіх сялян, што дваране дужа харошыя, а цар дрэнны. Загорскі зірнуў на Кастуся, але той падміргнуў яму, паціснуў плячыма. Нічога не зробіш – ідэаліст. I тады Алесь устаў і сказаў, што гэта тыповае белае трызненне. Нікога не пераканаеш словамі. Калі нехта хоча, каб яго лічылі добрым, – хай робіць добрыя справы. Расказаў аб праекце бацькі, барацьбе вакол яго і дадаў, што тым, хто гарлае аб добрым стаўленні да мужыка, варта было б падарыць яму волю раней, чым цар, і на больш ільготных умовах. Тады нікога не трэба будзе агітаваць. За відочна добрае, за даброты жыцця нікога агітаваць не даводзіцца. А калі ўжо агітуюць паны і ўдзень і ўночы – так і ведай, што нешта няладна, і добра яшчэ, калі толькі падмануць збіраюцца. “Я думаю, трэба, пакуль тое, рабіць хоць гэтых, хоць сваіх людзей вольнымі. I гэта будзе найлепшая агітацыя для паўстання і лепшы сродак для яго перамогі”.