Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Падняўся гвалт. Белыя напалі. Але нечакана напала і частка чырвоных: “Ружовыя акуляры! Дадуць табе рабіць дабро. Трымай кішэнь”.Серакоўскі ўсміхаўся ў вусы, відочна, згаджаўся з Алесем.– Кажаце, не дадуць, – сказаў Алесь. – А вам што, дадуць так вось проста паўстаць і перамагчы? Нехта крэкнуў.– Значыць, гэта з’явы аднаго парадку. Ну, будуць не даваць. Што ж, так і сядзець склаўшы рукі? Баішся супраціўлення – не ўставай. А не баішся – кожную хвіліну змагайся, каб наблізіць час.Серакоўскі схіліў галаву....У ляманце завірухі глух і часам знікаў ірваны голас званочкаў. Фурман спяваў песню, далёкую і даўнюю, як сама бяздольная прыдняпроўская зямля, што зараз так страшна дранцвела ў снягах:Ой, косю мой, косю,Чаму ж ты нявесел,Чаму ж ты, мой косю,Галовачку звесіў?Голас верыў у сваё сэрца, у сваю прыгажосць і таленавітасць і таму радаваўся нават плачучы, ганарыўся нават у тузе:Ці я табе цяжак, Ці тугі папругі? “Ой, ты мне не цяжак, Не тугі папругі”.Алесь слухаў і шчыльней хутаўся ў мядзведжае футра.Вучыцца ва універсітэце было лёгка. Куды лягчэй, чым у гімназіі. Там было шмат лухты, шмат нямілых дысцыплін. Там не было, урэшце, нават адноснай свабоды.Тут было ўсё цікава, важна, міла. Тут чалавек мог займацца тым, чым хацеў. I хоць таксама былі цемрашалы і дурні – на іхнія лекцыі можна было проста не хадзіць. Можна было шмат чытаць і пісаць, займацца справамі “Агула”, збіраць матэрыялы на слоўнік, вывучаць пад кіраўніцтвам Віктара старыя граматы, ды яшчэ заставалася трохі часу на карціны, музыку, тэатр і ўласныя, не вельмі ўдалыя, спробы корпаць вершы.Алесь падумаў, што стаў на правільны шлях. Лічыў сябе дагэтуль бяздарнасцю і дылетантам – і раптам, усяго за пяць месяцаў, прыдбаў прыхільнасць Сразнеўскага.Загорскі ўспомніў, як пацяплелі вочы Ізмаіла Іванавіча, калі разбіраў першы Алесеў рэферат: “Моўныя асаблівасці, што датычацца паўночна-заходняй мовы, у “Слове аб палку Ігаравым”.– Малайчына... Што думаеце рабіць?– Мяркую за паўтара гады падрыхтавацца і здаць іспыты за славесны і гістарычны факультэты.– Ну, а потым?– Потым, мяркую, філасофія, натуральныя навукі.– Не баіцёся раскідацца?– Наадварот. Хачу ўсё патрэбнае паспрабаваць прывесці ў сістэму.– Памагай бог, – сказаў Сразнеўскі.Алесь працаваў утрапёна.Наступныя дзве невялікія работы высунулі Алеся ў лік тых нямногіх, з якімі Ізмаіл Іванавіч гаварыў як з роўнымі, бо сапраўды паважаў у іх роўны інтэлект і роўна правільны і якасны, хоць і адметны, погляд на рэчы і з’явы.Гэта былі “Мова панцырных баяр1 з-пад Зверына. Матэрыялы на слоўнік прыдняпроўскай гаворкі” і “Асаблівасці дрыгавічанска-крывіцкай гаворкі ў “Слове на першым тыдні па вялікадні” Кірылы Тураўскага як першыя сляды ўзнікнення беларускай мовы”.Пасля гэтых работ Сразнеўскі глядзеў на Алеся толькі з пяшчотай.– Мой Веніямін, – казаў настаўнік калегам. – Самы малады і самы таленавіты. Божа мой, як падумаеш, колькі ён паспее зрабіць!– Ён можа нічога не паспець, – змрочна сказаў Благавешчанскі, знаўца рымскай літаратуры і гісторыі. – Глядзіце за Веніямінам, Ізмаіл Іванавіч. Каб гэты Веніямін палітыкай не зацікавіўся. А гэта ў нас ведаеце чым канчаецца?– Адкуль такія весткі, Мікалай Міхайлавіч?– Выпадкова чуў, як ваш Веніямін расказваў такую гісторыю... Будачнік пачуў, як на вуліцы чалавек сказаў: “Дурак”. Падбег, схапіў яго за каршэнь і пацягнуў ва ўчастак. Той супроціўляецца, крычыць: “ За что?!” А будачнік яму: “Знаем мы, кто у нас дурак”.