Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Пасля гэтай размовы Міхаліна раптам, упершыню за ўсе тыдні, падумала пра Алеся. Да гэтага яна карала і мучыла сябе, не думаючы пра іншых.І толькі тут яна ўпершыню падумала, як жыць яму.Алесь жыў. Іншым здавалася, нават спакойна. Ва ўсякім разе, замест прадчування страшнага прыйшоў спакой.Спакойна распараджаўся ў дзедавых збожжавых магазінах, рыхтаваў коней на буславіцкі “бяссенны” кірмаш . Даводзілася шмат выбракоўваць, бо аконамы намагаліся сапхнуць розную здыхляціну. Унук працаваў да знясілення, і пан Даніла радаваўся: менш дрэнных думак палезе ў галаву, і калі ўжо будзе тужыць, то ад сапраўднай тугі. І ўсё ж спакой Алеся палохаў яго. Прыязджаў чырвоны ад ранняга загару, такі брудны, што ў каменнай ванне тройчы даводзілася мяняць ваду, еў што трапіцца і потым увесь вечар сядзеў ля агню, перакідваючыся з дзедам нязначнымі сказамі.Еўфрасіння Глебавічна бачыла крывую ўсмешку, якая з’яўлялася на ягоных вуснах, калі глядзеў на жанчын. Больш маўчала, але крадком вызваліла ад усякай работы двух хлопцаў, каб начамі дзяжурылі ля Алесевай спальні: ”А раптам нешта зробіць з сабою, галубчык”. Уставаў ён у тры гадзіны ночы, сядаў у ледзяную ванну, еў з людзьмі густа пасоленую бульбу з кіслым малаком і, не чакаючы кашы з баранінай, выязджаў на Касюньцы з двара.Вежу падабаўся шчэпісты, гаспадарскі і ўсё ж ва ўсім добры ўнукаў розум. А каб і не падабаўся, ён згадзіўся б з усім, што б той ні прапанаваў, з усякім, нават самым бязглуздым учынкам, з усякай, нават самай недарэчнай прапановай. Усё б раздаў, абы стаў ён здаровы і спакойны. Пан Даніла здзіўляўся з самога сябе. Трыццаць восем год жыў у самоце, нічога не патрабуючы ад жыцця. Так, паблажлівы ад разумення людзей і велічы стары цынік і іраніст. Валтузяцца недзе наводдаль мурашкі – хай сабе валтузяцца. Мурашнік робяць, гліцу цягаюць – вельмі цікава.І раптам з’явіўся камячок плоці, уладна ўзяў, запаланіў, прымусіў любіць нявестку, цікавіцца сынам, сустракацца з гэтымі самымі мурашкамі, лезці ў шумлівае, утомнае жыццё, пакутаваць і радавацца. “Хто ён? Што мне ў ім, калі мне вось-вось ляж ды здохні, а за чорнай рысай – яма?Але вось вырас, стаў гожы і моцны, і няўдала пакахаў. І так баліць за яго сэрца, як ніколі не балела за сябе.Ды гэтага мала. Ну вырас, ну, вядома, зусім іншы, чым людзі майго пакалення. Ну і пакінь ты мяне ў спакоі такога, які я ёсць. Не, вучыць. З зямлёю не так, з людзьмі не так, з радзімай не так.Мала яму, што я па прыроджанай ляноце гавару па-мужыцку. Не, падавай яму самасвядомасць таго, хто я такі і хто ён такі, якая прычына агульнай абыякавасці, і чаму нам у Крыме морду набілі, і чаму таго хахла, што вершы пісаў, загналі туды, дзе бабы бялізну на вясёлку сушыцца вешаюць.Ну што мне было б раней у тым хахле? Пашкадаваў бы трохі – і ўсё. Не, вучыць. Маўляў, свой чалавек, без кампрамісаў”. Цяпер Вежа дрыжаў за ўнука. Здаецца, гаспадарыць, гойсае, сварыцца, а вочы пустыя. – Ды ў чым справа, пане?– Ён што вам падсунуў? І дзе вашы вочы былі? Яны тоўстыя, але ж гэта сяменнікі, пераспелыя. Яны як вата. Набрыняе вадой, падгніе. Ён каго падмануць надумаў? Якія бярвенні патрэбны, ану?Аконам муляецца. Мужыкі з прыхаванымі ўсмешачкамі назіраюць за галавамыйкай.– З зімы...– Што з зімы?– З вясны, то бок...– Што?– Перацягваюць жывое дрэва тростам туга, каб за лета яно... мацнейшае...– Чаму?– Смалой набрыняе... А ўзімку секчы.