Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

І як за волю сцяг трымалі. А Ляўшун граў у рог. А Грышко Пакубяціна падскакаў і ўдарыў па медным горле, што спявала, кулаком. І воля...Зубамі падавілася,Крывёю захлынулася.А потым рог павезлі ў перакідных хустах, а ён сам граў. А? Як гэта?Памаўчаў.– Гэта – схавай. Маеш рацыю: надрукаваць гэта нідзе не надрукуюць, а людзей насцярожыш.– Я гэтага і хачу. – А я хачу, каб наступнай зімою, калі датэрмінова здасі экзамены за універсітэцкі курс – гэта стала тваёй дысертацыяй на кандыдата. З налёту іх возьмем. Каб не апамяталіся.І Алесь убачыў малады, свавольны агеньчык у вачах прафесара. Не, проста ў вачах ціхмянага і добрага, але сумленнага чалавека.Сразнеўскі раптам сказаў:– Я не хачу, каб табе было цяжка.– Чаму мне павінна быць цяжка?– Ну вось гэтыя погляды. Непазбежнасць вайны за іх.– Для мяне гэта не цяжар.– І крайняя незалежнасць думкі, і рэзкасць, і тое, што ты адзін.Паўза была доўгая і цяжкая. Потым прафесар ціха спытаў:– Ты не верыш у бога, хлопчык?– Чаму вы так думаеце?– Ну вось гэтыя твае думкі. Спачатку вайна за волю, мяцеж за яе, страшны бунт Ваўкалакі, Вашчылы, Машэкі, Ляўшуна, Дубіны, Сымона-аршанца1. Дзіды, стрэльбы, бунчукі, страшныя, страсныя, жывыя людзі. І толькі потым рэлігійны рух, рэлігійныя паўстанні. Мяцеж віцяблян, Юр’ева ноч і “мост на крыві”2 ў Воршы. Дый тое ты даводзіш, што біліся не за бога і рэлігійную справядлівасць, а за чалавека і справядлівасць грамадскую... І потым, гэтыя твае словы, што “рэлігія – справа дзесятая”.Алесь некаторы час маўчаў, пакусваючы суглоб указальнага пальца.– Вы маеце рацыю, – урэшце сказаў ён. – Я не веру. Як сказаў нехта, не адчуваў дагэтуль патрэбы ў такой гіпотэзе. То бок, не кажу, што зусім пакідаю замест усяго гэтага пустое месца. Я хутчэй уяўляю яго сабе як нешта, з чым трэба весці спрэчку.– Гэта і ёсць бог. Шначай ты не быў бы чалавекам. Памятаеш, як Іакаў усю ноч змагаўся з кімсьці, у каго не было аблічча?- Калі я думаю, хто я, нашто, адкуль мы прыйшлі, куды мы ідзем, што такое наш свет, ці не атам ён нейкага арганізма, якому зараз дрэнна і які таксама частка чагосьці большага, і што ёсць там, за апошняй мяжой, пра якую мы не ведаем, – я адчуваю патрэбу ў кімсьці большым, хто растлумачыў бы, і веру ў тое, што ён ёсць. Гэта ад слабасці і няведання. Але нават у той час, калі я веру, я ведаю, што гэта не Хрыстос, не Ягова, не Магамет і не Буда. Гэта проста нешта вышэйшае, чаго я не магу дасягнуць. Даводзіў жа хтосьці з новых, што сусвет, разам з Млечным Шляхам і іншымі зорнымі астравамі, мае форму вялікага сэрца, якое ўвесь час пульсуе. Магчама, гэта сэрца таго, нязнанага. Мы так мала ведаем! Але, ва ўсякім разе, гэты вялікі ўладар сэрца не “всеблагий” , калі дазваляе тое, што адбываецца вакол... А можа, гэта ад яго і не залежыць. “Сусвет-сэрца...” Калі я гляджу на курчы і пакуты гэтага свету, на тое, як трапеча і задыхаецца кожная жывая плоць, – мне здаецца, што ў гэтага “сэрца” вось-вось будзе разрыў.Усміхнуўся.– Ну, гэта ўсё трызненне на крайняй мяжы пазнання... Я не веру.Сразнеўскі задумаўся:– Вось бачыце. Я гэта заўважыў яшчэ па вашай рабоце аб Кірыле Тураўскім. Там, у яго “слове”, кожны сказ аб прыродзе мае працяг. Сонца, якое сагравае зямлю, параўноўваецца з Хрыстом, што сышоў на зямлю. Зіма адышла – вечна жывы бог папіхнуў нагою смерць і бязвер’е. Гэта ж дванаццатае стагоддзе, самы пачатак вашай літаратуры. А вы адсеклі канцы сказаў, і атрымаўся паганскі гімн зямлі і сонцу.