Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– А казаў... некалькі год.– Абставіны змяніліся. Буду ездзіць часта.– Я ж казаў. Леціцё з гнязда, я навекі. А ў свеце – вецер.– Загадайце дастаць з кібіткі. Я там падарункі прывёз.– Глупства, – разгублена сказаў дзед. – І не трэба было зусім. Вялікі горад. А маладосць гэта тое самае, што мантацтва. Лепей бы ўзяў Кастуся да дзяўчат.. гэтых вашых... Ну, як іх?.. Новае слова.Вусны дзеда іранічна крывіліся.– Ага... нігілістак. Стрыжаных ды ў акулярах, крый нас ад такой бяды, божа.– І што?– І паезаў бы з імі да Барэля1.– Дзядунь, вы адкуль ведаеце?– Ты што – лічыш, мы тут сякерай голімся? – І забурчаў: – У наш час жанчыны – гэта ж царыцы былі, каралевы. Ідзе – сляпыя за ёй галовы паварочваюць, так ззяе. Са смяротнага ложа чалавек устае, каб хоць крок за такой зрабіць... А цяпер!.. Нігісісткі, трыбушысткі, матэрыялісткі. Жывёльны магнетызм, рэфлексы, палавое пытанне.Алесь сумеўся.– То што хоць прывёз?– Вам пару карцін. Вось паглядзіцё. Я там добрае знаёмства з букіністамі ды антыкварамі завёў. Дапамаглі яны мне дастаць для вас першае выданне Бакачча. Ведаеце, гэтае ў белай скуры, вялікае...– Дзякуй. Асабліва за “белага Бакачча”. Рэдкая штука. У мяне не было. Гэта кніга чыстая, чалавечая. Пляваць яна хацела на ўсе абмежаванні, на ўсякую скутасць... Дзякуй, сынок... Ну, давай абдымемся.Алесь не ведаў, як спытаць пра тое, што яго цікавіла. Моўчкі сядзеў ля агню.– Як тут у вас? Як бацькі? – нарэшце спытаў ён.– Б’ёмся памалу. Бацька павінен зараз прыехаць.– А Глебавічна?– Бегае ўсё.– Што з Раўбічамі?– Яраш у гордай самоце. Не вітаемся.– А што Гелена?– Тут, сыне, справы больш складаныя. Раджае яна. Першыя схваткі былі ўчора. Мы яе перавялі былі праз арку, непасрэдна ў будынак. Адмовілася. “Там жыла, там і раджаць буду”.

Дзед глядзеў у агонь і не бачыў вачэй унука.– Доктар некалькі месяцаў прыязджаў з “губернскага града”. А цяпер тут сядзіць.Вочы дзеда былі журботныя.– Глебавічна паспрабавала пагаварыць, хто такі. Не кажа. “Кахаю, – кажа, – ні аб чым не шкадую. Але з ім ніколі не буду”. А роды цяжкія. Еўфрасіння людзей пагнала, каб у Мілым ды ў Загоршчыне па царквах царскія брамы расчынілі. І я... змоўчаў. Так з учарашняга дня расчыненыя і стаяць... Шкада страшэнна... Як нябожчыцу маю святую... Ксені.Упершыню за ўвесь час, што Алесь помніў дзеда, той вымавіў імя бабкі. Праз сорак сем год маўчання з’явілася ў пакой, да гэтага агню і гэтых кніг, ціха паварушыла полымем і застыла ў цішыні здань, якой адзін быў абавязаны жыццём, а другі – усім болем жыцця.– Дзеду, – ціха сказаў Алесь. – Я гэта толькі вам. Нават не бацьку... Гэта маё дзіця, дзеду.Твар Дзеда стаў смугла-аліўкавы. Нешта нібы варухнулася і ссунулася ў вачах... Дзед схіліўся да агню і качаргою пачаў варушыць жар. І, можа, ад жару шчокі пана Данілы трохі паружавелі.– Т-так. Віншую. Жаніцца трэба.І, нібы абдумваючы нешта, спытаў:– Калі?– Дзеду, – сказаў Алесь. – Вам яшчэ трэба пагаварыць аб гэтым з ёю. Яна не хоча.– Як гэта – “не хоча”? – раззлаваўся дзед.Ён сказаў гэта такім рэзкім голасам, што брынкнула, адгукнулася рэхам струна ў гітары на сцяне.– Не гневайцеся, дзеду. Гэта, на жаль, так. Яна проста помніла аб тым вечары, калі я прынёс ёй волю.– Расказвай, – кінуў дзед....Калі ўнук скончыў, пан Даніла глядзеў у агонь бліскучымі вачыма.– І Майку назнарок памірыла?Алесь нахіліў галаву.– Мне няма чаго гаварыць з ёю, – урэшце сказаў дзед. – Гэта трэба зрабіць табе...