Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Дзед з сілай кінуў канцом у агонь качаргу. Абодва маўчалі, гледзячы, як у пырсках жоўтага полымя наліваецца чырванню, нібы крывёй набракае, метал. Жалеза стала вішнёвым.Потым пляснуў рукамі па каленях:– Але ты пагавары, унуча. Згодзіцца – добра. Не згодзіцца – праз шлюб кагосьці за нашчадкаў – звязаць яе з Ракутовічамі ці з патомнымі Юлляна і Тумаша са Зверына. Будуць толькі на прыступку ніжэй, чым мы... Нічога я для яе, бабы гэткай кепскай, не пашкадую.І, відаць, вырашыўшы, што непрыстойна выявіў пачуцці, раптам сказаў:– Вось так. Нашкодзяць, а потым ламай галаву...– Дзеду, – пачырванеў Алесь. – Няма нічыёй віны... Віна жыцця.– Віна? – вочы старога Вежы ззялі. – Ду-рань! Гэта слава жыцця!.. Бяжы туды!.. Стой пад дзвярыма. Баб не пушчаюць у алтар, мужыкоў – да парадзіхі. Квіты!..Як сем год назад, ён ішоў пакоямі, а потым галерэяй, над аркай. Як сем год назад, падыходзіў да дзвярэй.. І – мяжа. Нельга далей.Ён то сядзеў на падвоканні і глядзеў на яе дзверы, то хадзіў узад і ўперад. Глебавічна выйшла з пакоя, спляснула рукамі.– Як жа гэта вы надумаліся?– Так, – сказаў ён. – Што там?– Цяжка, князюхна, – сказала яна. – Баюся. І дохтур баіцца. Ды яна яшчэ і не крычыць. Я яе ўгаворваю, лягчэй будзе. “Дурніца... Радасць у свет нясеш”. Маўчыць. Толькі калі зусім нясцерпна, то стогне. Мо сказаць, што вы наведаць прыйшлі? Ёй лягчэй будзе.– Не ведаю.Жанчына знікла.Алесь стаяў у пераходзе над аркай і, прыціснуўшы лоб да сцюдзёнага шкла, глядзеў на безуважныя паркавыя шаты ўнізе.Трэба пайсці адсюль. Хоць на хвіліну.Прайшоў пераходам, спусціўся сходамі ў яшмавы пакой і ўбачыў, што насустрач ідуць Вежа і пан Юры.– Сыне, мілы, – сказаў бацька. – Сядай вось. Што, прыехаў аб праекце гаварыць? Давай.Вежа непрыктетна паціснуў плячыма. Мужчына селі ў крэслы. Цёмны твар пана Юрыя быў стомлены.Алесь зразумеў, што памылкай было ісці сюды. Усё нутро, уся істота яго цягнулася туды, наверх.– То як? – спытаў бацька. – Згода на дзве трэці надзелу без выкупу, а трэць – на выкуп?Алесь нешта адказваў, сам не чуючы сваіх слоў.– Што гэта ты, нібы з таго свету прыйшоў? – спытаў бацька.– Здарожыўся, – сказаў Вежа. – Ану, патрымайся трохі, Алесь.Але ён мог бы не казаць гэтага.“Калі толькі ўсё будзе добра – трэба ўсё аддаць”, – успомніў Алесь і стаў гаварыць. Ён абдумваў гэта сто разоў, і тлькі дзякуючы гэтаму ягоныя словы мелі сэнс, хоць ён кідаў іх амаль машынальна.– Па-мойму, вы на паўдарозе. І дзед, і ты, бацька.– Пойдзем, сыне, – сказаў дзед. – Потым.– Не. Хай скажа, – вочы пана Юрыя шукалі вачэй сына. – Як?– Не трэба землеўласніцтва, – сказаў Алесь. – Трэба пакінуць сабе маёнткавую зямлю, сады, паркі ды запаветныя ўрочышчы... Ну яшчэ, можа, тую зямлю, якая забяспечвае конныя заводы ды слуг. Усё астатняе аддаць ім.Пан Юры ліхаманкава падлічваў.– Па столькі валок! – сказаў ён. – Па... У Вітахмо, скажам, па семдзесят дзесяцін на сям’ю. А дзе і болей. Запусцяць!– Не адразу аддаваць. Як узбагачвацца будуць. З умовай вечнай, каб на трэці зямлі цукровы бурак і іншае, якое не прадаюць нікому, акрамя нас.– У старцы нашчадкаў? – ускінуўся пан Юры. – З розуму выжыў, сту-дэнт.– Чакай, – насцярожана сказаў дзед. – Хай даводзіць...– Хай фермерствуюць, – сказаў Алесь. – Вы не разумееце таго, што ў іх капіталы не тыя. Пакуль яны самі здолеюць завесці цукраварні, буды, гуты, плавільні, палатняныя заводы і іншае – мы паспеем на прыдбанні іхніх прадуктаў зрабіцца заводчыкамі, якім сялянская канкурэнцыя нястрашная.