Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

...Зноў Глебавічна. Аж захлынаецца:– А божа ж мой! Вырастуць дзеткі! Прывядзе яна іх пад грушку. Будзе для іх сяпяжаначкі рваць. А тыя будуць есці ды смяяцца на сонейка.З усмешкай праз слёзы зірнула на Алеся і раптам шырока расплюшчыла вочы:– Паніч! – і пацалавала ў лоб...Зноў заплакала:– Такая ўжо мне радасць! Не было ж у мяне дзетачак. Ні ад мужа-нябожчыка, ні потым...Выцірала кулакамі вочы. Так, як ніколі не рабіла пры пану Данілу.Два скруткі ў руках Глебавічны. У верхняй частцы кожнага скрутка было нібы акенца.У кожным акенцы было нешта чырвонае і непрыгожае. Кожнае непрыгожае муляла нечым, зусім непадобным на рот. – Патрымайце, гэта трэба.Ён трымаў гэтае, цёплае, праз тканіну, а жанчына падтрымлівала. І ён баяўся, што заламае гэта ці возьме неяк не так.І раптам гэтыя, як па камендзе, расплюшчылі вачы. Вочы былі шэрыя і ўжо доўгія. Ці, можа, гэта так здавалася? Шэрыя і доўгія. Ягоныя.– Глебавічна, мне здаецца, я іх люблю.Жанчына недаверліва глянула на яго:– Ідзі-ідзі. Не хлусі....Перад сабою, на высокіх падушках, ён бачыў пацямнелае маленькае аблічча за пакусанымі вуснамі.– Прыехаў? – хутчэй загадаўся, чым пачуў, ён.Ён проста стаў на калені і асцярожна прынік галавою да яе рукі:– Даруй мне.Ён не чуў яе слоў. Толькі бачыў няўлоўныя рухі вуснаў:– Я цярпела... Суткі... А потым не вытрымала і застагнала. Не магла ўжо, – вочы яе заззялі. – І раптам мне стала лягчэй. Я зразумела: з’явіўся ты. І чамусьці мне стала зусім лёгка.Ён глядзеў на яе з нямым пытаннем.І атрымаў нямы адказ: нічога не змянілася. І не зменіцца.У бібліятэцы гарэла святло. Дзед не спаў. Яму забылі паведаміць. І ён чакаў.Ускінуў падбароддзе насустрач унуку. І той зразумеў, на што дзед перш за ўсё чакае адказу.– Адмовілася.– Я ведаў, – сказаў дзед. – Хто?– Двайняты.– Што-о? – Вежа выпрастаўся.– Хлопчык і дзяўчынка, – Алесь сеў да каміна і наліў сабе віна.Было маўчанне.Ад віна, ці, можа, яшчэ ад чагосьці, нібы матляла.– Бацька будзе кумам, – сказаў дзед. – Клейна – кумою. Каб не было падазрэння на імёны.– Якія імёны?– Юры і Антаніда. Якія ж яшчэ?– Дзядуля, – сказаў Алесь. – Я думаю, ёсць бог на свеце.Алесь расказаў пра дарогу, пра размову з прафесарам, пра тое, як гучала песня ў снягах, пра пагрозлівы сон.– Так часам у нас бывае. Разумееш, як ад нечага забытага кліч. Калі-небудзь я пастараюся расказаць табе пра другія патаемныя нашы веды, выпадкі, дзівы. Гэтага ніхто не разумее, але гэта ёсць. Пры чым жа тут бог? Гэта твая трывога, жаденне, еднасць душ на адну хвіліну. Часам, у бойцы, шалёныя прыступы ярасці ў нашых людзей. Калі сілы нібы ў дзесяць разоў узрастаюць. У нарвегаў – “берсеркерства”, у нашых – “пaна”. Бачыш, нават словы асобныя ёсць. Рознасць нерваў ці яшчэ нешта? Або, кажуць, індусы могуць часам болю не адчуваць. Або наш інстынкт да дрыгвы. Восем з дзесяці дзяцей, нават упершыню трапіўшы, не праваляцца. Як, ты скажы, вядзе іх нешта. І што ўжо там бог? Мы самі багі. Сёння вось – багі. Бываем свінні, а сёння – багі.– Але сон...– У матулю ты пайшоў, – няўхвальна сказаў Вежа і наліў келіхі. – Пі. Хто п’яны – з тым бог... Не як свіння, вядома, п’яны.І нечакана трохі ўскіпеў:– Сон! Забабоны гэта. Не чакаў ад цябе. Ракавіна забабонаў: схавайся і сядзі. А ўсе людзі торкаюцца туды-ы-сюды-ы, не разумеючы, што прыкутыя да жыцця, у якім усё сказана. Баяцца – таму і бог. Помніш словы з радавой клятвы... “няма нічога, акрамя магіл”. ...Адны вераць у магілу Хрыста і дзеля яе здзекуюцца з жывых. Бо мярцвяк кажа, і яны не могуць адмовіцца, паляць на агні... Другія вераць у доктара Гільятэна і над яго магілай ляскаюць ягоным вынаходніцтвам. Ці не дурасць, калі трэба верыць у жывых, у тое, што сёння здарылася?