Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Але ўсё гэта...– Першае, што сведчыць супраць рэлігіі, гэта тое, што ў людзей розныя багі.– Не тое, дзед, не тое. Не аб верах. Аб тым, што ўва мне, аб маёй мэце, аб тым, уто ўратавала нас усіх.– Самі мы сябе ўратавалі, – сказаў стары. – А калі загінем – дык таксама самі. Ніхто ў гэтым не будзе вінаваты, акрамя нас саміх... Зямлёй і людзьмі рухае дух змагання. Я не ведаю, ці ёсць у гэтага змагання нейкая надзея. Але з веку ў век людзі змагаюцца. І таму яны – людзі, а не быдла.Чырвонае полымя трапятала на твары дзеда.– Сёння – праўда, заўтра – хлусня. Сёння – Брут, заўтра – ён жа, Нерон. Сёння бог – заўтра плесня, а потым другі бог. Вучэнні, усе вучэнні – лухта. Ёсць адно вучэнне, пакуль над чалавекам праўда думак, пачуццяў, любві.Наступнай восенню студэнт імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта Аляксандр, Георгіеў сын, Загорскі, не даслухаўшы курса навук па пісьменству і гісторыі, здаў, аднак, пры добрых паводзінах, усе належныя іспыты па гэтых дысцыплінах і, падаўшы ўстаноўленыя дысертацыі на ступень кандыдата, быў заслужана зацверджаны ў гэтай ступені панамі прафесарамі і папячыцелем Санкт-Пецярбургскай вучэбнай акругі.Студэнт, аднак, не пакарыстаўся ніводным з правоў і прывілеяў, дадзеных імператарам ступені кандыдата, а застаўся пры прафесары Сразнеўскім для ўдасканалення ў навуках, адначасова запісаўшыся на слуханне лекцый па медыцыне і філасофіі з правам наведваць, як раней, лекцыі славеснасці, гісторыі і прыгожых мастацтваў.Аборона гістарычнай дысертацыі (“Сялянская вайна ХVII стагоддзя на тэрыторыі беларускага Прыдняпроўя. Па матэрыялах радавых архіваў тамтэйшых дваран і прыдняпроўскіх “Кронік”), дзеля якой ён усё лета прасядзеў у архівах Вежы, Сухадольскага замка, Раткевічаўшчыны, Кісцянёў і фондаў былога Збароўскага кастальянства, прайшла без перашкод.Затое на абароне “Прыдняпроўскіх песень, паданняў і легенд” ледзь не было скандалу. Сабралася зашмат народу, з “Агула” і проста так землякоў. Усе, найбольш, дрэнна апранутыя, у чаравіках, што прасілі кашы, у сурдутах, ледзь толькі не перашытых з хатніх чугаў і світак. Некаторыя ў акулярах з “аконнымі” шкельцамі. Большасць, праз адсутносць паліто, у зацяганых пледах, зробленых з самай таннай шатландкі ці нават з даматканых, у шашачкі, посцілак. Усё з тых людзей, што апладзіравалі Чарнышэўскаму і аб якіх хадзіў жарт:– Што гэта ты, хлопча, з хадніка сабе плед зрабіў?– З рызаў пакуль што не дазваляюць.– Чаго гэта ў цябе ручнік замест гальштука?– Добра, што пакуль не вяроўка.Гумар быў змрочны. Сапраўды, гумар шыбеніка. Але самі хлопцы былі вясёлыя, хоць і вечна галодныя. Адкуль прасачыліся да іх чуткі аб дысертацыі – невядома. Магчыма, праз Кастуся, бо Алесь, слухаючыся парады Сразнеўскага, пра змест яе, пакуль тое, памоўчваў.Гэтая аўдыторыя сустракала кожнае “небяспчнае” месца ўхвальным гулам. Апаненты, магчыма, пабойваючыся непрыемнасцей, спрабавалі былі аспрэчваць занадта “левыя” палажэнні працы. Асабліва стараўся прафесар Платон Рунін, найбольш заядлы са славянафілаў універсітэта. Крычаў нешта аб “славянскай душы”, якой чужы мяцеж і ўласцівая, з самых першых часоў, рахманасць і пошукі бога ў сваёй душы і душы таго, хто кіруе. Дагаварыўся, урэшце, да таго, што толькі пад эгідай моцнага славянін адчувае раскошу і замілаванне, што духу славянскіх народаў не ўласцівыя ўсе формы парламентарызму і дэмакратыі, прыдуманай бязбожнымі французамі, што заўсёды яны будуць адчуваць духоўную патрэбу ў манархіі.