Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Алесь, успамінаючы свае нядаўнія разважанні, чырванеў ад слоў Руніна, нібы яго білі па шчоках. А студэнцтва гуло:– Веча! Разін! Копныя суды! Вашчыла!Сразнеўскі ўрэшце быў вымушаны спыніць іх.А Рунін бубніў далей. Усё нешта аб тым, што абаронца, тэндэнцыйна падбіраючы песні, выстоўляе самы баганосны і рахманы са славянскіх народаў бандай мяцежнікаў, рабаўнікоў і гуляк, неўтаймаванай вольніцай, бязбожнікамі, якія прагнуць вечнага бунту.Параўноўваў работу Алеся з “Песнямі шатландскай мяжы” Вальтэра Скота і нагадваў усім аб шматлікіх непрыемнасцях і абвастрэннях, якія нарадзіў гэты безадказны эксперымент, гэтая гальванізацыя трупа неўтаймаванай і д’ябальскай ідэі свабоды, што даўно скампраметавала сябе.Студэнты распачалі абструкцыю. Ізмаіл Іванавіч заклікаў да парадку і Руніна і студэнтаў і пачаў навальвацца на ўсе доказы апанентаў, крышыць і ламаць іх, аж пакуль не раскідаў усяго, не пакінуўшы каменя на камені.А потым, калі дысертацыю прынялі, расцалаваў “падвойнага кандыдата” і згадзіўся пайсці разам з сябрамі, якіх набралася чалавек пяцьдзесят, адсвяткаваць у Барэля нараджэнне новага “мужа навукі”.За вокнамі курыльні хвастаў чорны лістападаўскі дождж. У доме Сашальскіх на Ліцейным праспекце, чакаючы, пакуль сыдуцца госці, сядзелі людзі, што сабраліся раней, каб паспець пагутарыць. У кутку, ля чэзлага – адна назва, што агонь! – пецярбургскага каміна сядзелі Зыгмунт Серакоўскі, Ямант, Валеры Урублеўскі і Хвэлька Зянковіч, усе курцы. Іх усеагульным плебісцытам пагналі да агню, каб адцягвала дым. Кастусь дамогся. Па-першае, “спявак” Эдмунд Вярыга цярпець не мог шкоднага дыму. Па-другое, Віктара нядаўна прымусілі кінуць курыць. Ён ужо ведаў аб сваёй хваробе. Алесь увесь час клікаў яго да сябе, знайшоў братам кватэру ў Пецярбургскай часці, у доме нумар шаснаццаць па Вялікай Пасадскай (два цёплыя і сухія пакоі), і маліў, каб браў грошы, бо тут, пры сур’ёзнасці справы, зусім ужо не да гонару.Віктар згадзіўся і часам браў дапамогу. Затое Кастусь з самай гэтай хвіліны не згаджаўся браць ані капейкі. Аднойчы праз гэта сябры пасварыліся і нават месяц не размаўлялі ні аб чым, акрамя справы.Алесь з тым самым велічэзным сорамам за сваё багацце прапанаваў Віктару грошы, каб той паехаў куды-небудзь лячыцца. Той адмовіўся, спаслаўшыся на тэрміновую работу для віленскай археаграфічнай камісіі (ён сапраўды працаваў для Кіркора і Маліноўскага і не лічыў магчымым кінуць без дапамогі, і нібы без вачэй, сляпога гісторыка). Алесь сказаў, што Віктар падарве-такі свае сілы. Віктар адказаў, уто гэтая работа дасць яму грошы, каб паехаць, а не, дык проста каб жыць. Браць жа ў сябра, не спадзеючыся аддаць, ён не можа сабе дазволіць. Алесь крычаў на яго, што ён ёлуп, што ніхто яму не прапануе дарагой Італіі, што паездка звычайным парусным суднам у Егіпет або на Мадэйру каштуе, як усякі водны шлях, не дорага і гэта можна сабе дазволіць.Ад злосці на легкаважнасць Віктара ледзь не паліліся з вачэй слёзы. Віктар паглядзеў на Алеся, раптам пасур’ёзнеў і сказаў, што калі бліжэйшыя некалькі месяцаў не прынясуць палёгкі – ён паспрабуе скарыстаць Алесеву прапанову.Але лягчэй відавочна не рабілася, і Алесь злаваўся на Віктара і на сябе, што не здолеў адразу зламаць супраціўленне гісторыка.Віктар з Эдмундам Вярыгам і Кастусём сядзелі ля дзвярэй пры цёплай грубцы. Гаварылі вельмі ціха аб неафітах, нядаўна прынятых у “Агул”. Колькасць людзей узрастала, і нават на месцах, у Літве і Беларусі, не кажучы пра Польшчу, узнікла сетка залежных арганізацый. Нядаўна на пасяджэнні вырашылі, што пасля універсітэта і інстытутаў большая частка моладзі, у мэтах агітацыі, раз’едзецца на пасады настаўнікаў, пасрэднікаў, пісараў, выхавацеляў у дваранскіх дамах. Нельга ўжо было абмяжоўвацца работай сярод інтэлігенцыі.