Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Што ў цябе? – пытаў Кастусь.– Дваццаць пяць новых, – казаў Вярыга. – Свежаспечаных. Дзіва, кумок, а не хлопцы. Усе чырвоныя.– Бяда пафарбавала, – кашлянуў Віктар. – Як, ты скажы, ракаў. Дык я запісваю, Эдмунд... А ў цябе, Кастусь?– Малавата. Дзесяць чалавек.– Хто? – пісаў Віктар. – Запісваць іх як распарадчыкаў сталоўкі для бедных?– Давай так. Пішы: Сапоцька Пятро – студэнт, Янус Ахілес – студэнт, Дыміна Ціхон – семінарыст, Дашкевіч Кандрат і Зэмбоўскі Стэфан – студэнты. Здановіч Ігнацы – студэнт...– Вільнянін?– Ага.– Сям’я неблагая... але спалоханая. А сын нішто хлопец... Дрэна, што бацька супраць. І яшчэ, што ў Вільні сёе-тое пра нас ведаюць. Нават асабіста пра нас з табою, Віктар. Папярэджваюць дзяцей: вар’яты, Рабесп’еры, карбанарыі...– Нічога, - сказаў Віктар. – Ведаюць і ведаюць. Нашы людзі не даносчыкі.– І ўсё ж трэба больш сцерагчыся.– Згода. Будзем.За спіною Серакоўскага сядзелі яшчэ два чалавекі. Ніжэйшы, даволі невыразны з твару, але разумны, калі меркаваць па вачах, чалавек адганяў дым цыгары рукой. Другі, з жарсткаватым абліччам, нервова шаптаў на вуха Зыгмунту: ці абураўся нечым, ці спрачаўся. Гэта былі члены верхняй рады арганізацыі, удзельнікі “літаратурных вечароў” – Аскар Авейдэ і Стэфан Баброўскі1.Алесь знаў іх значна горш за астатніх і Авейдэ недалюбліваў. Сам не ведаючы, з якой прычыны.А Баброўскі чамусьці вылучаў яго, Алеся. Усміхаўся пры сустрэчы, моцна паціскаў руку, затрымліваў паразмаўляць, і адразу відаць было, што размова яму прыемная. Вось цяпер ён раз-пораз паказваў Зыгмунту вачыма на Алеся. І Зыгмунт, сустракаючыся з вачыма Загорскага, смяяўся беласнежнымі зубамі.– Ідэя паўстання і ўскраіны, – часам далятала да Алеся. – Варшава, па-мойму, вельмі памыляецца тут... Трэба спытаць у хлопцаў... Хоць бы ў яго ці ў Віктара.З Серакоўскім, вакол шахматнага століка, сядзела пяць чалавек. Два нібыта гулялі, хоць партыя даўно была забыта, астатнія нібы глядзелі, хоць глядзець не было на што, хіба толькі на тое, як адзін з ігракоў нахіляў фігуркі і адпускаў і кожны раз нібы здзіўляўся, што яны ўстаюць на “ногі”, бо ў донца кожнай заліты свінец. На тым, што гуляў фігуркамі, быў сціплы чыноўніцкі сурдут: ён служыў на чыгунцы і нават з аблічча быў тыповы служачы – ціхі, сціплы, светлавалосы, з трохі вінаватай усмешкаю. Ніхто не мог бы падумаць, што погляды гэтага чалавека схіляюцца часам ледзь не да анархізму.– Кінь, Ільдэфонс, раздражняе гэты стук, – сказаў яму партнёр, чалавек з рэзкім уладным абліччам. – Будзем гуляць ці не?– Відаць, не, – змяшаў фігуркі служачы. – Зараз зноў пачнецца размова. І зноў ты будзеш бараніць ідэю шляхецтва, велічы Польшчы. Ізноў мы з табою будзем лаяцца, Людвік. І Загорскі унь пакліча на дапамогу філалогію, а Віктор – гісторыю, а Кастусь – сацыялізм. І накладзе табе гэтая беларуская тройца па самае дзесятае, а я памагу.Алесь усміхнуўся. Ільдэфонс Мілевіч і Людвік Звяждоўскі сябравалі, але заўсёды лаяліся між сабою. Звяждоўскі шмат у чым, нават у беларускім і ўкраінскім пытанні, кідаўся да белых, і Алесь толькі таму верыў гэтаму афіцэру ў бліскучым мундзіры, што бычыў яго чысціню і поўную адданасць справе. Была ў Людвіку шчырасць памылковай думкі. Была прага ў кожную хвіліну аддаць жыццё.– Уладзю, – сказаў Людвік. – Барані.Адзін з гледачоў быў бадай страшны абліччам. Як Марат. Жоўты, як у хворых на печань, колер скуры, чорныя і жорсткія, як конская грыва, валасы. Шырокі і вельмі грубы плоскі твар, вузенькія шчыліны калючых вачэй.