Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

Чалавек гэты быў інжынер-пуцявік Уладзіслаў Малахоўскі.– Не буду, – сказаў ён Людвіку. – Вас трэба хутчэй выхоўваць. Бо каб не давялося вас вешаць.Другі афіцэр, побач з ім, быў цёзка Серакоўскага, Зыгмунт Падлеўскі. Ніхто тады яшчэ не мог прадбачыць ягонага лёсу. Проста ведалі, што чалавек ён цвёрды.Затое нельга было не звярнуць увагі на апошняга з гледачоў. Сухі і прыгожы польскі твар, цвёрдыя мускулы на худых шчоках, вострыя невялікія вусы, стрыманасць у падабраным цвёрдым роце. І вочы як вугалі. Тлеюць суровым і добрым агнём.Зацягнуты, як і Серакоўскі, у мундзір афіцэра Генеральнага штаба, увесь наліты спакойнай, але ў кожную хвіліну здольнай на імпэт сілай, ён сядзеў нібыта, нічога яго не датычылася, але чуў усё.Звалі афіцэра Яраслаў Дамброўскі. Ён хутка быў прыкмечаны ў арганізацыі і стаў адным з яе кіраўнікоў.У невялікім пакойчыку сядзела амаль ў поўным складзе кіраўніцтва нелегальнай арганізацыі.– Што ж, – сказаў Дамброўскі. – Адпачылі ад крыку – бадай, час пачынаць... У гаспадара вось-вось госці збяруцца. Пачынай, грамадзянін Зыгмунт.– Падсумуем, – сказаў Серакоўскі. – Сённяшняе пасяджэнне “левіцы” і “цэнтра” нашай арганізацыі аднагалосна згадзілася з тым, што дасягнуць нашай мэты, гэта значыць волі і дэмакратыі, нельга іначай, чым праз паўстанне.Загорскі ўбачыў, як Кастусь схіліў галаву.– ...Таму што дабіцца чаго-небудзь лаяльнымі шляхамі ў паліцэйскай дзяржаве немагчыма. І, акрамя таго, нездавальненне народаў Польшчы, Літвы і Беларусі гнюснай палітыкай імператара і ягонай камарыллі пераходзіць у ярасць. Цярпець далей ярмо мы не можам. Кожная лішняя гадзіна рабства разбэшчвае слабых і ганьбіць моцных... Таму з сённяшняга дня мы павінны зяпэўняць усіх, што без паўстання...– Без рэвалюцыі, – сказаў Віктар.– ...справа не абыдзецца... Акрамя таго, “левіца”, якую падтрымлівае частка “цэнтра”, прапануе, каб сацыяльная перабудова грамадства ішла побач з вызваленчым паўстаннем. Асноўныя іх тэзы: поўная раўнапраўнасць усіх грамадзян, уся зямля – сялянам, мова – народам. Прапанову ўнесла беларуская група рады ў складзе грамадзян братоў Каліноўскіх, грамадзян Вярыгі, Зянкевіча, Малахоўскага, ад імя якіх абвясціў прапанову складальнік яе, сакратар групы, грамадзянін Загорскі... Прапанову падтрымалі большасцю галасоў, хоць, улічваючы думку “правіцы” ў Пецярбургу, Вільні і Варшаве, трэба думаць, што яе праваляць.Добрае, трохі разгубленае аблічча Віктара перасмыкнулася. Алесь перавёў вочы на змрачнаваты цёмны твар Кастуся. Кастусь знізаў плячыма, нібы сказаў: “Ну і што? А трымацца гэтага ўсё адно трэба”. – Пачынаем апошнюю сённяшнюю праблему. Праблему аб нацыях так званых ускраін. Пытанне гэтае можна сфармуляваць так: “Воля ўскраінам. Самавызначэнне іхнім народам”. Яно абмяркоўваецца строга сакрэтна, і таму члены рады не павінны дыскутаваць яго сярод іншых, каб заўчасна не заводзіць звад. Уласна кажучы, увод нашага рашэння ў дзеянне адбудзецца толькі ў час паўстання і пасля яго перамогі.– То нашто абмяркоўваць? – спытаў Звяждоўскі.– Пытанне ставяць таварышы з украін, – растлумачыў Зыгмунт. – Каб ведаць загадзя, на якіх умовах яны будуць змагацца поплеч з намі.– На фарпосце паўстання, – удакладніў Вярыга. – Бо калі хто першы і атрымае свінцу, то гэта мы.– Якія ўмовы? – спытаў Ямант.– Поўная воля беларусам і літоўцам самім вырашаць свой лёс, – сказаў Алесь.