Каласы пад сярпом тваім, ч. 4

– Вось. Смалой набрыняе. Жоўтае, аж звініць. Не гніе... Вось якія бярвенні падай. А ў Мухі спытай, колькі ён на гэтых сяменніках куртажу ў кішэнь паклаў? Не спытаеш – сам спытаю.Голас як нежывы. Аконаму ад гэтага нават страшней. А Вежы страшней за аконама.І ўсё ж Вежа нікому не выдаў бы сваёй боязні і сваіх думак. Глебавічна паспрабавала была папікнуць “за чэрствасць” – абарваў. Не ведаў аб тым і сам Алесь, не ведалі сын з нявесткай, не ведалі суседзі. Вежа бараніў сваю таямніцу, маўчаў аб ёй, як маўчаць аб ганебнай хваробе. Калі хто-небудзь добразычлівы пытаў, як з унукам, пан Даніла адказваў са звычанай іранічнай усмешкай, ад якой некаторых аж вадун вадзіў: – Думаў ажаніцца, ды агойтаўся.Часам і пры ўнуку.Толькі аднойчы яны пасварыліся. Быў май. Дрэвы апрануліся ўжо ў маладую клейкую лістоту, і стогадовы каштан ля тэрасы выкінуў да неба тысячы белых конусаў-свечак. Нібыта кадзіў і дзякаваў небу за цёплыя дні. Ночы былі яшчэ, аднак, халаднаватыя, а вада ў Вежавых ставах зусім ледзяная. Ставы амаль не зарасталі: моцныя крыніцы білі з дна.Дзед і ўнук сядзелі на тэрасе. З нетраў веяла бальзамічным водарам маладой лістоты, вільгаццю ад ставоў і з Дняпра, чыстатой прыбранай, затравелай ужо зямлі.Салаўі барабанілі, звінелі і цмокалі так, што здавалася, на зямлі існуюць толькі яны.– Ягайла, – раптам сказаў дзед. Унук страпянуўся.– Што Ягайла?– Ягайла любіў слухаць салаўёў. Ажаніўся ён з Ядвігаю, прадаў Беларусь з Літвою, права першарод-ства – за бабу. Тыя, пры жончыным двары, былі шмат танчэйшыя, цывілізаваныя. Пасмейваліся з яго цішком: варвар, мядзведзяў яму душыць, на кані гойсаць ды мядзведжую шынку рукамі есці. А гэты варвар, што каня спыняў на поўным скаку, пойдзе ў сад ды саловак слухае, а ў самога слёзы на вачах... То хто, я пытаюся, тут варвар?Звінелі салаўі.

– І што такое наогул жанчына, шлюб без роўнасці, сяброўства? Так, баба.С саксонским герцогом в карете золотойПромчалась Помпадур, блистая красотой.Фелон сказал, чету окинув взглядом:“Вот королевский меч, а вот ножны с ним рядом”.Ці варта дзеля такога нешта траціць з жыцця? Нават самую крыху? Нічога.– Вершамі загаварылі, дзеду, – сказаў Алесь. – Гэта што, намёк?Вежа здзівіўся. І сапраўды атрымаўся намёк.– Я не хацеў. Але, калі ўжо так выйшла... Не выношу я ў мужчынах бабства... Калі ў іх вяселле?– Не цікавіўся. Хіба я даў нейкую падставу шкадаваць мяне? Прасіў спачування?– Не, – сказаў дзед. – Але выгляд у цябе часам такі.– За выгляд не адказваюць, дзеду.– А мне ўспамінаецца Халімон Кірдун. Яму б жонцы даць добра ў косці, каб хвастом перад чужымі не круціла. А ён усё шкадуе. А тая яго за гэта святым ды добрым лічыць, а павагі ані на шэлег. “Бяжыць гайня – пабягу і я”. А назаўтра ідзе карову даіць, а Кірдун за ёю, трымаць каровін хвост, каб часам не сцябнула...– Што мне загадеце зрабіць? – пачаў злавацца Алесь.– Ажаніўся б з Ядвінькай Клейнай. Кахае цябе. Гожая. І роду добрага.– Я пайду, – сказаў Алесь.Пайшоў у сад. Ад салаўінага бою прабіраў аж да самага сэрца мяккі халадок захаплення. Мокрая ляшчына цягнула шырокія лапы на сцежку. Дрэвы стаялі не варушачыся, раскашаваліся.З патаемных нетраў – нібы пяшчотны востры струменьчык – далятаў часам гаркаваты пах ландышаў.І, схаваўшыся яшчэ лепей за ландышы, крычыў аднекуль з яроў і хмызавых нетраў ніколі нікім не бачаны таямнічы, як хохлік, ляляк. Крычаў гартанна, страсна, захлынаючыся: